Хто павінен быць прэзідэнтам Беларусі ў пераходны перыяд? Разважаюць вядомыя беларусы
Адказваюць Аляксандр Мілінкевіч, Аляксандр Фрыдман, Леў Львоўскі, Вольга Лойка, Святлана Курс і іншыя.
Эканаміст Леў Львоўскі:
«Лепш за ўсё, калі гэта будзе Віктар Бабарыка, але калі што, то кандыдатура Святланы Ціханоўскай мяне таксама задаволіць.
Бабарыка заслужыў: менавіта яго рашэнне пайсці ў прэзідэнты разварушыла балота беларускага палітычнага жыцця і прыцягнула ў палітыку, актывізавала вялізныя масы беларусаў, якія раней не верылі ў магчымасць зменаў. Ён паставіў на свае перакананні, на сваю веру ў беларусаў і Беларусь усё што ў яго было, а было ў яго нямала — грошы, камфортнае жыццё, свабода, і нават свабода яго сына.
Ён кандыдат ад цэнтру. Беларусы вельмі розныя: ёсць левыя і правыя, тыя, хто за ўступленне ў Еўрасаюз і тыя, хто за тое, каб заставацца незалежнымі, ёсць і тыя, хто за захаванне адносін з Расіяй. Ёсць тыя, хто размаўляе толькі на беларускай, тыя, хто толькі на рускай і тыя, хто яшчэ не вызначыліся ці размаўляюць на абедзвюх мовах.
Бабарыка паказаў здольнасць аб'яднаць людзей розных поглядаў і з розных пластоў насельніцтва. Гэтая якасць асабліва важная для пераходнага перыяду, каб не стварыць групу «пакрыўджаных» — тых, хто будзе выступаць за вяртанне рэжыму Лукашэнкі. Вельмі важна пры змене ўлады не дапусціць адкату, як гэта, напрыклад, здарылася ў Расіі.
У яго, безумоўна, вельмі добры бэкграўнд у сэнсе ведаў і разумення эканомікі, а менавіта па ёй многія беларусы мяркуюць аб паспяховасці краіны.
Святлана Ціханоўская таксама можа быць, хоць і з'яўляецца выпадковым кандыдатам, як яна сама гэта і прызнае. Але яна выдатна праявіла сябе. Яна не здалася, яна робіць што можа, яна не прамяняла дэмакратычны рух на вырашэнне асабістых праблем (напэўна, магла б абмяняць свабоду мужа на тое, каб перастаць працаваць і змагацца за ўсіх астатніх). Ціханоўская за гэтыя гады набралася вельмі самавітага дыпламатычнага досведу — яе ведаюць у шматлікіх высокіх кабінетах па ўсім свеце, а адносіны з міжнароднымі партнёрамі будуць вельмі важныя асабліва ў пераходны перыяд.
Ідэальная каманда, на мой погляд, для пераходнага перыяду павінна ўключаць іх абаіх у якой-небудзь канфігурацыі: прэзідэнт Бабарыка, прэм'ер Ціханоўская. Альбо яна магла б стаць міністрам замежных спраў з пашыранымі паўнамоцтвамі».
Кіраўнік «Байсол» Андрэй Стрыжак:
«У мяне няма кандыдата. Лічу, што з сённяшнімі прэзідэнцкімі паўнамоцтвамі па канстытуцыі мы проста не можам быць упэўненыя ў чалавеку, які заступае на гэтую пасаду, што ён не будзе спакушаны гэтымі супермагчымасцямі.
Мне падаецца, што ў гэтай сітуацыі можа спрацаваць калектыўны орган, дзе будуць прымацца рашэнні не аднаасобна.
Вельмі важна як мага хутчэй правесці выбарчыя рэформы, парламенцкія выбары, пачаць перафарматоўваць беларускую дзяржаўную сістэму.
Фактычна ў такі калектыўны орган увойдуць людзі, якія будуць на момант адкрытага акна магчымасцей мець найбольшую грамадска-палітычную вагу, давер, рэсурсы.
Вельмі складана прагназаваць, хто канкрэтна гэта будзе на той момант. Але слушна, што павінен быць баланс, там не павінны быць выключна прафесійныя палітыкі, трэба, каб былі прадстаўлены больш шырокія слаі грамадства».
Былая палітзняволеная і рэдактарка выдання Plan B Вольга Лойка:
«Бачу на пасадзе, напрыклад, Алеся Бяляцкага. Галоўным у гэты перыяд будзе нацыянальнае прымірэнне і прафілактыка рэваншызму прыхільнікаў аўтарытарызму, таму Алесь — ідэальны кандыдат.
Яшчэ можна назваць каго-небудзь з аксакалаў з розных лагераў, калібра Пазняка і Мясніковіча — у іх ёсць уплывовасць, пазнавальнасць і аўтарытэтнасць. Пытанне толькі ў здольнасці адсунуць на другі план асабістыя амбіцыі і папрацаваць на карысць будучыні Беларусі. Гэта загадзя не спрагназуеш — трэба ў моманце глядзець. Яшчэ б Станіслаў Багданкевіч падышоў, але ў яго ўжо сур'ёзны ўзрост».
Палітык Аляксандр Мілінкевіч:
«Перш за ўсё гэта павінен быць чалавек, для якога Беларусь — абсалютная каштоўнасць. Не герой-адзіночка, а дзеяч з добрай шырокай адукацыяй, з досведам кіравання і, вельмі важна, грамадскай дзейнасці, для якога ўлада — служэнне, а не бізнэс і не задавальненне сваіх амбіцый.
Краіны Балтыі запрашалі на пасады прэзідэнтаў сваіх эмігрантаў, якія былі вельмі паспяховымі, хаця не заўсёды нават добра гаварылі на роднай мове. Добры варыянт, але, пэўна, мы яшчэ занадта савецкія, каб пайсці на такі крок.
І я б галасаваў у першую чаргу за годную жанчыну, бо яна б ніколі не ўцягнула нашу краіну ў крывавую крамлёўскую агрэсію і дакладна не ўчыніла б унутраны дзяржаўны тэрор».
Вадзім Пракоп'еў:
«Прэзідэнтам у пераходны перыяд павінен стаць чалавек, які добра ведае створаную Лукашэнкам сістэму, Расію, Захад і таму зможа памяняць гэтую сістэму так, каб гэта не скончылася ні вайной, ні ганьбай, ні Расіяй.
Ніякіх ружовых поні і светлых летуценнікаў, ніякіх заходніх ці ўсходніх стаўленікаў.
Кандыдатуры ёсць. Называць тут, натуральна, не будзем».
Пісьменніца Святлана Курс:
«Я хачу бачыць Валерыя Кавалеўскага. Ён матываваны і ўмераны ідэаліст. Яшчэ Святлану Алексіевіч, Віктара Бабарыку. Алексіевіч — добры арбітр, яна па-над бітвай, дастаткова мудрасці, каб слухаць экспертаў. Да таго ж аўтарытэт на ўвесь свет. Тое самае Алесь Бяляцкі. Ва ўсіх названых высокія маральныя якасці. У дадатак ніхто з іх не наіўны. Адукацыя, досвед, імідж на вышыні.
Нам проста неабходны сімпатычны культурны чалавек пасля дзесяцігоддзяў нацыянальнай кампраметацыі. Вось я выбрала кампетэнтных, цвёрдых, добрых, разумных і прывабных людзей з вялікім маштабам асобы, сувязямі і аўтарытэтам у краіне і свеце».
Гісторык Павел Церашковіч:
«Нехта з нетраў рэжыму. Прафесіянал у сваёй справе, з рэшткамі прыхаванага сумлення. Салі Берыша ў Албаніі — добры прыклад. Доктар, хірург, які стаў палітыкам».
Былы баец Палка Каліноўскага Аляксандр Клачко:
«Канкрэтнага чалавека цяпер не бачу. Гэта можа быць нехта новы. Але я ўсё ж бачу Беларусь парламенцкай рэспублікай, асноўная ўлада павінна быць сканцэнтравана менавіта ў парламента.
Прэзідэнтам, на маю думку, павінен быць чалавек, які будзе клапаціцца пра нацыянальныя інтарэсы Беларусі, падтрымліваць адзіную дзяржаўную мову — беларускую. Ён таксама павінен мець здольнасці даносіць да міжнароднай супольнасці рашэнні, якія прынятыя парламентам у краіне.
З палітыкаў, хто цяпер за кратамі, мне больш за ўсё пасуе Павел Севярынец. Але, на жаль, у яго зашмат рэлігійнага вектару. Калі б гэтага было менш, то я б аддаў свой голас за яго на пасаду прэзідэнта».
Палітолаг Аляксандр Фрыдман:
«Ідэальны чалавек — гэта Алесь Бяляцкі. Яго моцны бок — адсутнасць палітычных амбіцый. Тэарэтычна таксама такой асобай магла стаць Святлана Ціханоўская, але відавочна, што такой маральнай падтрымкі, якую можа атрымаць Бяляцкі, у яе не будзе.
Я думаю, што гэты чалавек павінен выканаць сваю ролю і сысці пасля з палітычнай сцэны. Вось Бяляцкі і Ціханоўская падыходзяць. Калі, напрыклад, Віктар Бабарыка ці той жа Павел Латушка — гэта ўсё ж людзі, якія маюць палітычныя амбіцыі і жадаюць далей заставацца ў палітыцы. Гэта ўжо не зусім транзіт.
Калі паглядзець з боку ўлады, хто ёсць там, то не бачу нікога. Буйных грамадскіх дзеячаў не засталося, а ўсе тыя, хто так ці інакш звязаныя з рэжымам, не здольныя забяспечыць транзіт.
Павінен прайсці падрыхтоўчы перыяд, каб арганізаваць выбары. З аднаго боку, калі гэта зрабіць хутка, то могуць быць небяспечныя вынікі, бо ў Беларусі дэмакратычная культура адсутнічае, у людзей няма вопыту. Таму нейкі папуліст цалкам можа перамагчы. У перыяд транзіту трэба падрыхтаваць грамадства да выбараў, каб людзі абіралі рэфлексуючы. І гэты абавязак павінен узяць на сябе хтосьці без палітычных амбіцый».
Каментары
Джулані ж сумеў.