Скандал на абласной алімпіядзе па нямецкай мове. Дырэктар школы, дзе вучыцца пераможца, адказаў хейтарам
Некалькі дзён таму ў TikTok з'явіўся ролік аб тым, што вучаніца кобрынскай СШ №3 Канстанцыя Функ заняла першае месца на абласной алімпіядзе па нямецкай мове сярод 11-х класаў. Некаторыя каментатары паставіліся да гэтай інфармацыі скептычна, нехта нават палічыў перамогу дзяўчыны не зусім сумленнай. Скандал заўважыла «Люстэрка».
За некалькі дзён відэа, у якім Канстанцыя расказвае пра сваю перамогу, набрала ўжо больш за 108 тысяч праглядаў. У яго больш за 2300 лайкаў і 180 каментароў.
Але некаторыя карыстальнікі абураюцца, што ў роліку не пазначана важная дэталь: дзяўчына нарадзілася і вырасла ў Нямеччыне, а ў Кобрын прыехала менш за два гады таму. Нехта, улічваючы гэты факт, палічыў працу яе настаўніка Наталлі Чаркасюк нязначнай для перамогі.
— На жаль, у нашым грамадстве яшчэ сустракаюцца людзі, якім складана прыняць той факт, што любы поспех — гэта перш за ўсё вынік самаадданай працы, мэтанакіраванасці, самадысцыпліны і прагі пазнання канкрэтнага чалавека, — выказаўся з гэтай нагоды Аляксандр Шамяцюк, дырэктар СШ №3, дзе вучыцца дзяўчына. — Значна прасцей растлумачыць усё збегам абставін, шанцаваннем, махлярствам, рэтраградным Меркурыем.
Кіраўнік навучальнай установы растлумачыў, што ў адпаведнасці з парадкам правядзення рэспубліканскай алімпіяды па нямецкай мове ўдзельнічаць у навучальных спаборніцтвах не могуць вучні, для якіх замежная мова з'яўляецца роднай.
— Для Канстанцыі родная мова — руская. У чым лёгка пераканацца, паразмаўляўшы з ёй. Яна жыве і выхоўваецца ў рускамоўнай сям'і. З'яўляецца грамадзянкай Рэспублікі Беларусь, — падкрэслівае Аляксандр Шамяцюк.
— Безумоўна, правёўшы шмат гадоў у Германіі, яна набыла добры ўзровень гутарковага нямецкага, чыстае вымаўленне і шырокі слоўнікавы запас. Гэта стала добрай асновай для падрыхтоўкі да алімпіяды, але рэспубліканская алімпіяда — гэта не конкурс перакладчыкаў або спаборніцтва на чысціню вымаўлення.
Дырэктар удакладняе, што алімпіяда — гэта ў першую чаргу інтэлектуальнае спаборніцтва, дзе мала ведаць, але трэба працаваць са словам, з тэкстам, аналізаваць. Усе гэтыя навыкі «з неба не падаюць». Ён упэўнены, што поспех Канстанцыі заканамерны, дзякуючы яе мэтанакіраванасці, стараннасці, таленту і любові да прадмета.
— І ўжо тым больш нельга прымяншаць заслугі педагога. Нават дыямент, каб стаць дыяментам, мае патрэбу ў агранцы <…>, — вобразна апісвае працу настаўніцы дырэктар і працягвае. — Дарэчы, магчыма, гэта здзівіць інтэрнэт-хейтэраў, але Канстанцыя набрала на алімпіядзе 135,5 бала са 150 магчымых. І нават у трэцім туры (маўленне) максімум 50 балаў ёй не скарыліся, што сведчыць аб высокім узроўні заданняў і дасканалым іх падборы менавіта з мэтай стварэння роўных умоў для ўсіх. Дапушчаныя памылкі ўжо старанна прааналізаваны разам з педагогам.
Аляксандр Шамяцюк таксама адзначыў, што Канстанцыя не адзіная вучаніца Кобрына, якая заваявала дыплом на алімпіядзе па нямецкай мове. У скарбонцы зборнай яшчэ дзве ўзнагароды — гэта дыпломы ІІІ ступені 11-класніцы Юліі Дземянцюк і 9-класніка Дзмітрыя Бельскага.
Каментары
КАНОПАЦКАЯ Анна Анатольевна «владеет английским и немецким языками».
ХИЖНЯК Александр Николаевич (владение иностранными языками не указано).
ГАЙДУКЕВИЧ Олег Сергеевич «владеет иностранными языками» (не указал какими).
ЛУКАШЕНКО Александр Григорьевич «владеет белорусским языком со шпаргалкой».