На Ліпецкую вобласць упалі дзве расійскія ракеты, якімі білі па Украіне
Мясцовыя ўлады адразу сказалі, што ўпала толькі ступень ракетнага комплексу. Але давялося выпраўляцца.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/1-1ya6j.jpg.webp)
На Ліпецкую вобласць у суботу ўпалі дзве ракеты, якія ляцелі на гарады Украіны, а не ступень, як паведамлялася першапачаткова.
У суботу расійскія самалёты скінулі дзве ракеты на сельскую мясцовасць над Ялецкім раёнам і Валоўскім муніцыпалітэтам Ліпецкай вобласці, пішуць «Важные истории».
У сацсетках з’явілася відэа падзення адной з ракет — звышгукавой крылатай Х-22 — знятае на аўтамабільны рэгістратар відавочца.
Украінскі аналітык Aeris Rimor адзначае, што прычынай магла стаць няспраўнасць 50-гадовай ракеты (афіцыйна Х-22 паступілі на ўзбраенне яшчэ ў 1970-х). Акрамя таго, паліва гэтай ракеты высокатаксічнае, і для ліквідацыі наступстваў могуць задзейнічаць падраздзяленні хімічнай абароны. Наступствы для тых, хто апынуўся паблізу выбуху, непрадказальныя.
Прызнаў, што на вобласць упалі менавіта ракеты, а не ступень і расійскі ваенкар Flightbomber.
«Дарэчы, я ўвогуле не ведаю ніводнай ступені ад авіяцыйных ракет, якая нават тэарэтычна магла б выбухнуць ці зрабіць «хлапок», — напісаў ваенкар.
Улады Ліпецкай вобласці таксама прызналі падзенне ракет і паабяцалі кампенсацыю жыхарам.
«Паводле ўдакладненай інфармацыі ад упаўнаважаных ведамстваў, учора над Ліпецкай вобласцю адбыўся няштатны сход двух авіяцыйных боепрыпасаў. Адзін упаў у Ялецкім раёне, другі — у Валоўскім муніцыпальным утварэнні, удалечыні ад жылых дамоў. На месцы падзення працягваюць працаваць выбухатэхнікі», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленні.
У суботу стала вядома, што ў 540 дамах шасці населеных пунктаў з-за падзення ракет зніклі электрычнасць і вада, а таксама ўзніклі праблемы з сувяззю.
Незадоўга да падзення ракет расійская армія нанесла «групавы ўдар высокадакладнай зброяй» па Украіне. Удары прыйшліся па Палтаве (14 загінулых і 20 параненых), а таксама па Харкаве і Запарожжы.
Каментары