«Аднакласнікі паабяцалі пазваніць па зуме з рэстарана». Сустрэчы выпускнікоў змянілі фармат
Традыцыйна ў першую суботу лютага ў Беларусі праходзяць сустрэчы выпускнікоў. Праз палітыку трапіць на іх можа цяпер не кожны. Але выйсце ёсць: беларусы падзяліліся, як ладзяць сёлета такія сустрэчы анлайн.
Усе імёны суразмоўцаў зменены ў мэтах бяспекі.
Дзяніс родам з райцэнтра. Некалькі гадоў таму ён быў вымушаны з’ехаць з Беларусі. Але сёлета яго аднакласнікі святкуюць круглую дату з таго моманту, як скончылі школу.
— Калі пачалі арганізоўваць сустрэчу, большасць зразумела, чаму я не магу прыехаць у Беларусь — пытанняў амаль ніхто не задаваў. У прыват дасылалі сумныя жарты. Адзін з аднакласнікаў паабяцаў патэлефанаваць мне з рэстарана па зуме, калі ўсе збяруцца. Я таксама падрыхтаваў сабе крыху смачнага, каб святкаваць з імі разам. Ну і пералічыў грошы, калі ўсе скідваліся на кветкі для класнай кіраўніцы.
Алеся з Мінска таксама сёлета адзначае прыгожую дату.
— Калі аднакласніца занялася арганізацыяй вечара сустрэч выпускнікоў, яна зразумела, што амаль палова класа знаходзіцца за мяжой. І большасць з’ехала пасля 2020 года, таму не можа прысутнічаць фізічна. Мы жартавалі, што прасцей сустрэцца недзе ў Вільні ці Варшаве — туды шмат у каго больш шансаў прыехаць. У выніку вырашылі праводзіць сустрэчу анлайн. Дамовіліся піць (хто гарбату, а хто і віно) перад экранамі. Я вырашыла, што пайду падчас анлайн-сустрэчы ў кафэ, каб было больш атмасферна. А класнай замовілі дастаўку кветак дамоў.
Кацярына таксама са сталіцы, але ў яе ў адрозненне ад іншых суразмоўцаў усё атрымалася не вельмі гладка.
— Сама я засталася ў Беларусі. Ведала, што двое маіх аднакласнікаў дакладна не змогуць прыехаць з-за мяжы. Таму прапанавала ў агульным чаце варыянт з зумам. Адна дзяўчына пачала абурацца праз гэта. Казала, што нам збеглыя непатрэбныя і ёй будзе сорамна. Чат на некалькі дзён замаўчаў — усе ж разумеюць, што абурацца ў такой сітуацыі небяспечна. Хто ж ведае, чаго чакаць ад такога чалавека. Раптам яна потым пакрыўдзіцца і скрыншоты ў ГУБАЗіК дашле. Прыйшлося схлусіць ёй, што народ не сабраўся, і ствараць асобны чат без яе.
Каментары