Грамадства1111

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?

У адчаі праз немагчымасць рашыць праблемы некаторыя людзі запісваюць звароты да афіцыйных уладаў. Але ці ёсць у гэтым сэнс? Што адбылося з героямі відэа, якія набралі сотні тысяч праглядаў? «Наша Ніва» прасачыла фінал пяці рэзанансных зваротаў у тыктоку да Лукашэнкі.

Маці пяці дзяцей, якая прасіла няню і кватэру

Адным з апошніх нашумелых відэа ў тыктоку стаў зварот 34-гадовай шматдзетнай маці з Гомеля. У Юліі пяцёра дзяцей, самым малодшым блізнятам няма яшчэ і года.

Юлія паскардзілася на тое, што сацыяльная служба не дае ёй няньку (сям’я на яе мае права па закону). Жанчына таксама прасіла дапамагчы вырашыць пытанне з жыллём. Паколькі ў таты дзяцей ёсць ва ўласнасці нерухомасць, Юлію адмаўляюцца ставіць у льготную чаргу. Яна сцвярджала, што якраз цяпер будзе афармляць развод з мужам, таму не прэтэндуе на яго маёмасць. У Лукашэнкі Юлія прасіла кватэру, а лепш дом.

Тут і далей скрыншоты відэа ў тыктоку

Яна не скупілася і на пахвалу палітыку:

— Я хачу падзякаваць вам за тое, што вы падтрымліваеце шматдзетныя сем'і. Дзякуючы вам у мяне ёсць трохпакаёвая кватэра і дзіцячыя грошы. Як кажа мая бабуля: «Цябе забяспечваюць два мужыкі — былы і Лукашэнка». Я з ёй цалкам згодная.

Менш чым за суткі ролік набраў каля 500 тысяч праглядаў, але на жанчыну абрынулася хваля хэйту. У хуткім часе відэа ў акаўнце знікла. Што адбылося, Юлія растлумачыла ў іншым роліку.

У ім яна неяк сумна дзякуе ўладам Гомеля на чале з мэрам — праўда, за што канкрэтна, не кажа. Выглядае, што сустрэча ўсё ж не была прыемнай. Юлія больш не ўсміхаецца.

Выглядала, што ў гэты раз блогерка больш старанна падбірае словы і спрабуе апраўдацца:

— Мая мэта не весці прапаганду, што нараджайце шмат дзяцей і не думайце галавой, жабрачце, як вы кажаце. Я годная мама, я не баюся працы… Я хачу вам проста паказаць прыклад, што, калі ёсць нейкая цяжкая сітуацыя, трэба не закопвацца ў сабе. Магчыма, мая памылка, што я запісваю напрамую відэа. Бо я нават нікуды не пайшла. Можа, калі б я проста пайшла… Проста я нават пра гэта не падумала.

@ledy_julia #мамагероиня#помощь#государство#президент #дети #мэр ♬ оригинальный звук - julia

Рыторыка жанчыны вельмі змянілася. Юлія падкрэслівае, што ў яе няма прэтэнзій ні да сацыяльнай службы, ні да тых, хто адмовіўся ставіць яе ў ільготную чаргу на жыллё.

Яна таксама заклікае жанчын разлічваць свае сілы.

— Я хачу стаць прыкладам моцнай жанчыны, якая ў складанай сітуацыі можа звярнуцца ў адпаведныя органы. Не запісваць відэа ў тыкток. Я збіраюся адкрываць сваю справу, я збіраюся працаваць і выхоўваць годных грамадзян для такой годнай, класнай краіны.

Рэзанасныя гісторыі ў радзільнях

Летась здарыліся дзве гучныя гісторыі ў беларускіх радзільнях. Яны былі звязаны з тым, што медыкі не зрабілі парадзіхам своечасова кесарава. Праз гэта моцна пацярпелі дзеці — адно з іх трапіў у рэанімацыю, другое загінула амаль адразу пасля нараджэння. А забітыя горам маці запісалі відэазвароты да Лукашэнкі.

Першая гісторыя адбылася ў Салігорскай цэнтральнай раённай бальніцы. Жыхарка горада Дарʼя Дэйлід заявіла аб «халатных адносінах і поўнай адсутнасці медычнай этыкі і дэанталогіі» і распавяла ў тыктоку, што пры родах пацярпеў яе сын, які трапіў у рэанімацыю з 3-й ступенню дыхальнай недастатковасці, ацёкам мозгу і кефалагематомай.

@daria_deilid #обращениекпрезидентубеларуси #спаситесына #помощь #репост ♬ оригинальный звук - Daria_Deilid

У гэтай драме ўсё ж шчаслівы канец. Дар’я распавяла ў тыктоку, што адбыўся сапраўдны цуд — нягледзячы на жудасныя першапачатковыя прагнозы, хлопчык выжыў і нядаўна адсвяткаваў свой першы дзень нараджэння.

У каментарыях да відэа спыталіся, ці панеслі медыкі нейкую адказнасць. Дар’я напісала, што некаторых дактароў (у прыватнасці, загадчыка аддзялення) знялі з пасадаў. А вось крымінальную справу ў выніку адмовіліся заводзіць. Маці растлумачылі, што гэта праз тое, што дзіця выжыла і не атрымала інваліднасці: «Калі б усё скончылася больш трагічна, была б крымінальная справа».

Другая гісторыя адбылася ў радзільным доме 5-й бальніцы Мінска. Першая і доўгачаканая дачка Кацярыны Сухарукавай загінула. Пасля таго, як вельмі эмацыйнае відэа завірусілася, на сітуацыю звярнулі ўвагу чыноўнікі. З сям'ёй Сухарукавых сустрэўся міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў. Прэс-служба выпусціла заяву пра тое, што міністр прынёс спачуванні пары і паабяцаў, што «якасць аказання медыцынскай дапамогі супрацоўнікаў радзільнага дома, а таксама працу Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама ацэніць лячэбна-кантрольная рада пры Мінздароўя».

Пазней у сацыяльных сетках жанчына напісала, што супрацоўнікі радзільні атрымалі вымовы.

Людзі, якія пяць месяцаў не атрымлівалі заробкі

Відэазварот запісалі работнікі мінскага рыбакансервавага камбіната «Сталічны», якія на той момант не атрымлівалі пяць месяцаў заробак. Гэта прыватнае прадпрыемства, якое з 2022 года арандавала вытворчыя плошчы і абсталяванне ў камунальнага прадпрыемства ААТ «Белрыба».

«Плаціць квартплату нам няма чым, жыць няма на што. У краму я не магу пайсці, бо мне няма за што купіць элементарна нават кавалак хлеба. Вось як жыць у гэтай сітуацыі?» — казала адна з жанчын у кадры.

Канечне, гісторыя выклікала рэзананс. Чыноўнікі розных узроўняў кінуліся дэманстраваць заклапочанасць сітуацыяй. «Людзі не пакінутыя сам-насам з праблемай», — паспяшаўся заявіць старшыня Кастрычніцкага раёна Мінска Генадзь Любатынскі.

Ён дадаў, што і сталічным уладам вядома пра сітуацыю: яна знаходзіцца на пастаянным кантролі. А ў канцы снежня 2023 года работнікам была выплачаная частка запазычанасці. 

У Міністэрстве працы таксама пракаментавалі сітуацыю з нявыплатай заробкаў на рыбакансервавым камбінаце «Сталічны». Па словах дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Аляксандра Семіча, кіраўнік гэтай арганізацыі «неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці».

А ў хуткім часе з’явілася відэа, у якім дырэктар рыбакансервавага камбінат Андрэй Блахін прызнаваў праблемы на прадпрыемстве і віну ў іх кіраўніцтва, абяцаючы ў найбліжэйшы час сітуацыю выправіць.

Як пазней пісала «Люстэрка», у Мінску на сходзе з супрацоўнікамі сустрэліся прадстаўнікі выканкама і службы занятасці насельніцтва.

— Большасць шэраговых работнікаў прадпрыемства маюць намер звольніцца, ім прапанавалі новыя месцы. У асноўным новая работа чакае іх на заводах. Што тычыцца доўгу па заробку, то кіраўніцтва «Сталічнага» зараз займаецца падлікамі, каму і колькі яны павінны заплаціць. Не ўпэўненыя ў правільнасці гэтых падлікаў, бо ўсё робіцца на каленцы.

Грошы абяцалі выплаціць у лютым 2024-га.

Цікава, як ботаў адправілі адпрацоўваць у тыктоку гэтую тэму. Пад відэа, якія прысвячаліся праблемам на рыбакансервавым камбінаце, з'яўляліся аднатыпныя каментарыі. Іх аўтары сцвярджалі, быццам гісторыя старая, бо такое магло адбыцца толькі ў дзевяностыя.

Маці, якая амаль страціла надзею пабачыць маленькага сына

Вікторыя Тампей выклала зварот у тыкток у жніўні 2024 года. За некалькі месяца да таго былы муж забраў 6-гадовага сына на выходныя — і не вярнуў дзіця маці насуперак рашэнню суда.

Вікторыя казала, што некалькі месяцаў не бачыла хлопчыка. Ні чыноўнікі, ні міліцыя не дапамагалі ёй вярнуць сына. Усе толькі разводзілі рукамі і казалі, што не ведаюць, як выканаць рашэнне суда. У адчаі Вікторыя вырашыла запісаць зварот.

Тое відэа набрала каля 680 тысяч праглядаў і 20 тысяч лайкаў. Але ж пазней, калі нехта з каментатараў пытаўся, ці атрымала яна дапамогу ад уладаў, маладая маці лаканічна адказвала: «Не».

Нягледзячы на гэта, жанчына працягнула змагацца за дзіця і ў выніку перамагла — сын цяпер жыве з ёй. А ўдзячнасць яна выказвала карыстальнікам тыктоку, якія маральна яе падтрымлівалі.

Каментары11

  • Абармот
    01.02.2025
    Что за мода просить что-то у царя-батющки?!
  • Мх
    01.02.2025
    Абармот, У "расейкім ментальным свеце" (незалежна ад краіны) заўсёды апошняе слова за "царом". (начальнікам, да г.п.). У Расеі вунь у Пуціна на "прамых лініях" чаго толькі не просяць: і газ, і дарогі, што міжволі ўзнікае пытанне: там мясцовыя ўлады ўвогуле ёсць? А нас туды цягнуць, у гэтую расейскую галечу, дзе ўсё вырашае начальнік, а самыя крутыя пасады - гэта генералам ФСБ, бо можна безпакарана красці мільярдамі, і мець рабоў. Штосці я не магу сабе ў'явіць, каб напрыклад Шольц даваў даручэнне правесці газ у якую вёску пад Дзюсельдорфам.
  • Так ім і трэба
    01.02.2025
    Хрэн з імі

У Жлобінскім раёне прагрымеў выбух. Загінулі тата і двое маленькіх дзяцей1

У Жлобінскім раёне прагрымеў выбух. Загінулі тата і двое маленькіх дзяцей

Усе навіны →
Усе навіны

Мінскі Lidbeer Dvor пераедзе на новае месца3

Сцэнарыста з Барысава асудзілі два месяцы назад, а цяпер на яго завялі яшчэ дзве крымінальныя справы

«Камунарка» аб'явіла пра пачатак выпуску дубайскага шакаладу5

Гіганцкі асетр напаў на расійскую сінхраністку ў Кітаі падчас воднага шоу ВІДЭА16

Расійскі настаўнік на працягу двух гадоў таемна зняў дакументальны фільм аб прапагандзе ў школе

«Мая памылка, што запісваю відэа». Чым скончыліся рэзанансныя звароты да Лукашэнкі?11

«Адчуваю сябе як у турме, толькі на працу ходзіш». Маналог беларуса, які паехаў на заробкі ў Нідэрланды — і расчараваўся55

Мінчук прапанаваў купіць чызбургер з «Макдональдса», замарожаны ў 2022 годзе. Цана кусаецца11

Пасля свайго затрымання дырэктар завода ў Рэчыцы звольніў раней рэпрэсаванага супрацоўніка4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Жлобінскім раёне прагрымеў выбух. Загінулі тата і двое маленькіх дзяцей1

У Жлобінскім раёне прагрымеў выбух. Загінулі тата і двое маленькіх дзяцей

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць