Пасля свайго затрымання дырэктар завода ў Рэчыцы звольніў раней рэпрэсаванага супрацоўніка
Адразу пасля кароткачасовага затрымання дырэктара Рэчыцкага метызнага завода Віктара Самончыка выказваліся меркаванні, што яно звязанае з адмовай звальняць супрацоўнікаў, якіх пераследавалі паводле палітычных матываў. Але цяпер сітуацыя мяняецца, піша «Гомельская вясна».
10 студзеня ў Рэчыцы судзілі Івана Дзенісенку, які раней працаваў галоўным механікам Рэчыцкага метызнага завода. Апошняя ягоная пасада — начальнік аддзела забеспячэння. Тады яму прысудзілі пяць сутак адміністрацыйнага арышту паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях нібыта за распаўсюд «экстрэмісцкай» інфармацыі.
На той момант крыніцы праваабаронцаў на метызным заводзе паведамлялі, што дырэктар прадпрыемства не звальняў рэпрэсаваных супрацоўнікаў, тлумачачы свае дзеянні тым, што яны добрыя спецыялісты і іх няма кім замяніць.
15 студзеня ў Рэчыцы адбыўся яшчэ адзін суд над супрацоўнікам метызнага завода. Паводле тых самых падстаў рэпрэсавалі Андрэя Старушэнку, які займаў пасаду галоўнага энергетыка прадпрыемства. Якім чынам яго пакаралі, пакуль невядома.
28 студзеня журналісты даведаліся, што ў Рэчыцы проста з працоўнага месца вывелі ў кайданках Віктара Самончыка — дырэктара аднаго з асноўных прадпрыемстваў горада, Рэчыцкага метызнага завода. Дзяржаўныя крыніцы ніяк затрыманне не каментавалі, але на заводзе тады казалі, што затрыманне звязанае ўсё з той жа адмовай звальняць рэпрэсаваных супрацоўнікаў паводле палітычных матываў.
Ужо 29 студзеня дырэктар вярнуўся да выканання сваіх абвязкаў і дэманстратыўна наведваў вытворчыя цэхі завода.
31 студзеня праваабаронцы атрымалі інфармацыю, што Івана Дзенісенку ўсё ж такі звольнілі з працы. Ці працягне працаваць на метызным заводзе ў Рэчыцы Андрэй Старушэнка ды іншыя раней рэпрэсаваныя супрацоўнікі, пакуль невядома.
Каментары