Стала вядома, за што будуць судзіць першага намесніка начальніка Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі
Дзмітрыю Рыбко пагражае да 15 гадоў зняволення толькі па адным з артыкулаў.
50-гадовы Дзмітрый Рыбко быў арыштаваны ў студзені 2024 года. «Наша Ніва» паведамляла пра яго затрыманне, дзяржаўныя СМІ праігнаравалі гэту тэму.
На той момант Рыбко займаў высокую пасаду — быў першым намеснікам начальніка Кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі. Агулам жа ў сістэме Кіраўніцтва ён адпрацаваў 20 гадоў.
Чытайце таксама: Інтрыгі ў барацьбе за крэсла начальніка Адміністрацыі прэзідэнта: затрыманы Дзмітрый Рыбко, з дошкі здымаюць Назарава
Больш чым праз год знаходжання ў СІЗА функцыянер нарэшце дайшоў да суда. 13 лютага 2025 года ў Ленінскім раённым судзе Мінска пачнецца закрыты карупцыйны працэс.
На лаве падсудных будуць тры чалавекі — згаданы Рыбко, а таксама два камерсанты, Віталь Віннічак і Алег Хамутоўскі.
Віннічак узначальваў будаўнічую кампанію «Уладзіслаўбуд», а Хамутоўскі — кампанію «Акова», якая займаецца кантрольна-прапускнымі сістэмамі.
Агулам у абвінавачанні пяць крымінальных артыкулаў:
- 430 ч. 3 — Атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры альбо асобай, якая займае адказнае палажэнне;
- 426 ч. 2 — Перавышэнне ўлады альбо службовымі паўнамоцтвамі;
- 424 ч. 3 — Злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі;
- 430 ч. 1 — Атрыманне хабару;
- 431 ч. 3 — Дача хабару.
Які канкрэтны артыкул закранае каго з фігурантаў, дакладна невядома. Аднак логіка адносінаў падказвае, што камерсанты, хутчэй, будуць адказваць за дачу хабару, а топ-менеджар Кіраўніцтва справамі — за яго атрыманне, а таксама за злоўжыванне ўладай.
За самы цяжкі з артыкулаў — 430 ч.3 — Рыбко пагражае да 15 гадоў зняволення.
Каментары