Навукоўцы далі яшчэ адно тлумачэнне загадкаваму выміранню неандэртальцаў
Ранейшыя гіпотэзы гаварылі пра тое, што неандэртальцы альбо цалкам асіміляваліся сярод нашых продкаў — Homo sapiens — альбо былі імі вынішчаныя. З'явілася і іншая версія.
Неандэртальцы зніклі дзясяткі тысяч гадоў таму, пакінуўшы продкаў сучасных людзей (Homo sapiens) адзіным відам гамінідаў на планеце. Нягледзячы на шматлікія даследаванні, дакладная прычына вымірання неандэртальцаў дагэтуль застаецца загадкай.
Каманда палеаантраполагаў і генетыкаў з некалькіх дзяржаўных і прыватных лабараторый ды навучальных устаноў Францыі выявіла магчымую прычыну, якая магла спрыяць заняпаду неандэртальцаў. Намёк быў знойдзены ў крыві старажытных людзей, піша буйны навуковы партал Phys.org.
Французскія навукоўцы вырашылі вывучыць гены прадстаўнікоў двух роднасных чалавеку відаў — неандэртальцаў і дзянісаўцаў, якія жылі ў Еўразіі ў перыяд ад 300 000 да 40 000 гадоў таму —, а затым параўнаць іх з генным матэрыялам Homo sapiens. У прыватнасці, даследчыкаў цікавілі гены, адказныя за выпрацоўку цукраў і бялкоў на паверхні эрытрацытаў (клетак крыві).
Адным з такіх бялкоў з'яўляецца рэзус-фактар, тып і наяўнасць якога ў крыві вызначаецца сістэмай Rh, якая істотна ўплывае на імунітэт чалавека. Даследчыкі выявілі, што ў неандэртальцаў быў рэдкі варыянт рэзус-фактара пад назвай RhD, які ў сучасных людзей сустракаецца надзвычай рэдка. Пры гэтым RhD не быў сумяшчальны з іншымі рэзус-фактарамі, характэрнымі для старажытных Homo sapiens і дзянісаўцаў.
Такая несумяшчальнасць рэзус-фактараў у людзей, паводле даследавання, звычайна прыводзіць да рэдкіх хваробаў крыві ў іх нашчадкаў. Гэта значыць, што калі мужчына віду Homo sapiens або дзянісавец уступалі ў сувязь з жанчынай-неандэрталкай, то ў іх дзяцей з высокай верагоднасцю маглі ўзнікнуць сур’ёзныя праблемы з развіццём, бясплоддзе, альбо яны маглі гінуць яшчэ ва ўлонні маці, што магло справакаваць масавае зніжэнне папуляцыі неандэртальцаў у выніку міжвідавага скрыжавання, тлумачаць навукоўцы.
Па іх версіі, у працэсе асімілявання з двума іншымі відамі неандэртальцы паступова выміралі натуральным шляхам, а не таму, што прайгралі інтэлектуальную канкурэнцыю або былі фізічна знішчаныя.
Каментары
Падумайце, чаму 250 тыс. гадоў запар іхны радавод працягваўся без праблем, з усімі кліматычнымі выбрыкамі, ды іншымі прыроднымі сюрпрызамі, але раптам
зьвёўся, і гэта чамусьці супала з паяўленьенм побач менавіта сапіенсаў ? Ні шаблязубыя тыгры, ні маманты, ні ваўкі, ні хваробы не заміналі, покі не прыйшлі сапіенсы... Вось вам і адказ на пытаньне, хто вінаваты...
...
а што - жанчыны-неандэрталкі былі прыгажэйшыя за дзянісаўскіх? а дзе фота?