Намібія вырашыла ўвесці візавы рэжым з шэрагам еўрапейскіх краін з 1 красавіка 2025 года. Гэта рашэнне, прынятае ўрадам гэтай краіны ў Паўднёва-Заходняй Афрыцы, закране і грамадзян Беларусі, піша Telegraf.news.
Да гэтага часу беларусам для ўезду ў Намібію віза не патрабавалася. Візавы рэжым з Беларуссю краіна адмяніла ў аднабаковым парадку, гэта значыць што грамадзянам Намібіі пры ўездзе ў Беларусь віза па-ранейшаму была патрэбна.
З 1 красавіка 2025 года ўрад краіны вырашыў ліквідаваць гэтую неадпаведнасць.
Паводле даных мясцовага турыстычнага партала Namibian.org, праз два месяцы віза спатрэбіцца грамадзянам усіх краін, якія, на думку ўрада Намібіі, «не адказваюць узаемнасцю на жэст Намібіі па бязвізавым рэжыме» і не даюць грамадзянам гэтай краіны бязвізавы ўезд. Усяго ў спісе апынулася 31 краіна.
Атрымаць візу беларусы могуць у адной з дыпламатычных прадстаўніцтваў альбо консульскіх устаноў Рэспублікі Намібія. Калі гаворка ідзе пра паездкі ў турыстычных мэтах, то візу можна будзе аплаціць па прыбыцці ў краіну:
- у міжнародных аэрапортах Уолфіш-Бей і імя Хосэа Кутака,
- у памежных пунктах Ашыканга, Транс-Калахары, Ораньямунд, Нардовер, Каціма Муліа, астравы Імпаліла, Нгома і Махемба.
Што тычыцца кошту ўязной візы, то, паводле даных турыстычнага партала Намібіі, цяпер кошт візы для грамадзян краін, якія не ўваходзяць у Афрыканскі саюз, складае 1600 намібійскіх даляраў (цяпер гэта эквівалентна 80 еўра). Гэта крыху менш за тую суму, у якую абыходзіцца еўрапейскі «Шэнген» грамадзянам Намібіі — 90 еўра.
Каментары