Лукашэнка пракаментаваў словы Зяленскага пра прапанову ўдарыць па НПЗ
Аляксандр Лукашэнка ўпершыню адказаў на словы Уладзіміра Зяленскага пра тое, што ў пачатку паўнамаштабнай вайны ён выбачаўся перад украінцамі і прапаноўваў Зяленскаму ўдарыць у адказ па Мазырскім НПЗ.
У пачатку студзеня выйшла інтэрв'ю Уладзіміра Зяленскага амерыканскаму падкастару Лексу Фрыдману. Там украінскі прэзідэнт згадваў гутарку з Аляксандрам Лукашэнка ў лютым 2022-га:
«Я яму [Лукашэнку] сказаў, што ён такі ж забойца, а ён мне сказаў: «Зразумей, нельга ваяваць з рускімі». Кажу яму: «Як ты дапусціў?» Ён кажа: «Ну добра, стукні па НПЗ, ты ж ведаеш, як ён шмат для мяне значыць». Я яму кажу: «Што ты гаворыш?»
Сёння Лукашэнка даў прэс-канферэнцыю на ўчастку, дзе ён прагаласаваў. Там палітык пракаментаваў тыя словы Зяленскага:
«Чуў нядаўна ў інтэрпрэтацыі журналістаў, не думаю, што яны сказілі, як Зяленскі казаў пра мір і быццам бы я яму прапаноўваў — ну, здзейсні ўдар па Мазырскім НПЗ. Калі я гэта пачуў, мне стала дрэнна. Для мяне гэта было абсалютна непрымальна! Прапанаваць Зяленскаму здзейсніць удар па нашаму нафтаперапрацоўчаму заводу, найлепшаму, я б сказаў, заводу ў свеце, які мы нядаўна мадэрнізавалі і ўклалі туды агромністыя сродкі!
Клянуся вам, што такога не было. Навошта ты такое кажаш? Ты дрэнны шоумен, ты нават не Трамп. Так нельга казаць, ты ж хлусіш!»
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары