Драмедзі «Лебядзіная песня Фёдара Возерава», якая стала першым поўнаметражным фільмам беларускага рэжысёра Юрыя Сямашкі, уключаная ў конкурс Forum Берлінскага міжнароднага кінафестывалю. Галоўны герой фільма — музыка Фёдар Возераў — спрабуе знайсці любімы швэдар, каб з яго «магічнай» сілай паспець напісаць новыя песні да пачатку трэцяй сусветнай вайны. Фільм створаны практычна без бюджэту, піша на Deutsche Welle Ірэна Кацяловіч.
Апошняя песня перад трэцяй сусветнай
Стужка здымалася ў Варшаве, а паводле прадзюсарскай кампаніі лічыцца літоўскай, таму яе аўтары жартуюць пра «літоўскі фільм, зняты беларусамі ў Польшчы».
Прыкладна на 60% карціна беларускамоўная, у астатнім гучыць па-руску.
«Лебядзіная песня Фёдара Возерава» расказвае пра 25-гадовага музыканта, які напярэдадні Новага года спрабуе сабраць свой гурт і запісаць з ім новы матэрыял. Аднак гэта даецца яму няпроста, таму што ўсе вакол занепакоеныя чуткамі, што 1 студзеня пачнецца трэцяя сусветная вайна.
Рашучасць Фёдара, аднак, бурыць не верагоднасць вайны, а знікненне ягонага любімага швэдра з рамонкамі, які, як ён лічыць, дае яму «магічныя» здольнасці пісаць песні. Таму галоўны герой адпраўляецца на яго пошукі.
Фёдара Возерава ў фільме грае музыка Вячаслаў Кміт:
«Гэта мой першы вопыт у кіно, і мне вельмі спадабалася: на працягу двух месяцаў цябе амаль кожны дзень здымаюць, усе вакол цябе бегаюць. Я адчуў сябе галівудскай зоркай і не хацеў займацца нічым, акрамя здымак. Так што я без імпэту працаваў на асноўнай працы і хутчэй вяртаўся на здымачную пляцоўку».
Эпізадычныя ролі выканалі акцёры і музыкі Павел Гарадніцкі і Міхаіл Зуй, а таксама акцёры «Тутэйшага тэатра», які месціцца ў Варшаве. Швэдар з рамонкамі для фільма стварыла мастачка па касцюмах і дызайнерка Настасся Рабава.
Па словах аўтараў, хоць па пэўных прыкметах у фільме відаць, што ён здымаўся ў Варшаве, ягоныя героі — беларусы, і некаторыя сюжэтныя павароты намякаюць на тое, што дзеянне адбываецца ў Беларусі.
Сапраўдная магія швэдра з рамонкамі
Юрый Сямашка пачаў здымаць «Лебядзіную песню Фёдара Возерава» з бюджэтам у 4 тысячы еўра, і, хоць на этапе постпродакшну сума вырасла ў некалькі разоў, фільм можна назваць мікрабюджэтным.
«Мы здымалі адну кватэру ў чатырох варшаўскіх кватэрах, — расказвае аператар Сяргей Кавалёў, вядомы па фільмах «Маршрут перабудаваны» і «Галасы. Дзе мой край». — Пакой галоўнага героя здымалі дома ў акцёра, а кухню — ужо ў кватэры іншага чалавека. Гэта было вельмі інтэнсіўна — мы маглі здымаць усю ноч, і ўжо а 6-й раніцы ў мяне пачыналася змена на працы.
Першы месяц было выдатна, шмат людзей загарэліся, усё ж такі беларускі рэжысёр здымае поўнаметражны фільм, але, вядома, стамляліся. Да канца на некаторых сцэнах мы з Юрам пераглядваліся: «Ну, добра, не будзем ужо старацца скокнуць вышэй за галаву».
Вячаслаў Кміт прызнаецца, што нізкі бюджэт, наадварот, падахвочваў яго дзейнічаць:
«Гэтая партызанская атмасфера робіць з людзьмі зусім чароўныя рэчы. Большую частку здымачных дзён мы былі ўтрох з рэжысёрам і аператарам, атрымліваецца, 20 з чымсьці дзён мы плячом да пляча здзяйснялі творчыя подзвігі».
Больш за тое, як прызнаецца музыка, «магічны» швэдар з фільма дапамог яму і ва ўласным творчым жыцці:
«На момант здымак у мяне быў міжвольны творчы перапынак — нічога не складалася па музыцы, не пісалася. Пасля заканчэння здымак я за ноч напісаў матэрыял для альбома, які мы зараз запісваем з маім гуртом. Вось такі швэдар, я б сказаў, што ён сапраўды чароўны, калі я яго апранаў — адчуваў нешта такое».
У фільме прагучыць і песня самога Вячаслава.
«Я абсалютна не разважаў, згаджацца ці не, — успамінае музыка. — Юра даслаў мне нават не сцэнар, а ідэю, пра што будзе гэты фільм, і я падумаў: «Ваў, дык гэта ж я», — і пагадзіўся».
Мікрабюджэтнае кіно на буйным кінафестывалі
«Лебядзіная песня Фёдара Возерава» — першы поўнаметражны фільм Юрыя Сямашкі, беларускага рэжысёра-самавука, вядомага гульнявымі і анімацыйнымі работамі «Калі я быў Генерал», «Смеццевая галава», «Кроў і караоке».
За кароткаметражку «Смеццевая галава» рэжысёр атрымаў тры ўзнагароды беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас'24», у тым ліку ў намінацыі «Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм».
Працу над поўнаметражным фільмам Юрый Сямашка пачаў, атрымаўшы невялікі грант ад інкубатара мікрабюджэтнага кіно ініцыятывы Belarusian Filmmakers' Network.
«Я падлічыў, мы ўсе зараблялі даляр ці нават менш за гадзіну, але кожны ўдзельнічаў у праекце не дзеля грошай, — кажа Сяргей Кавалёў. — Асабіста я пагадзіўся, таму што ўжо ведаў Юру і давяраў яму, бачыў, што ён гарыць гэтай працай, і лічыў, што ў такім выпадку ўсё атрымаецца».
Сяргей прызнаецца: яму складана паверыць, што фільм трапіў на Берлінале:
«Для нашага беларускага кіно гэта вялікая падзея. Я ведаў пра такую імавернасць і быў да гэтай навіны гатовы, але ўсё адно складана яе ўсвядоміць. За апошнія чатыры гады было шмат падзей, і гэта ўспрымаецца як нешта эфемернае, быццам гадзіннік праб'е дванаццаць, і яно знікне. Я быў вельмі ўсхваляваны, калі пачуў ад Юры канчатковае пацвярджэнне».
Узрушаны быў і выканаўца галоўнай ролі:
«У мяне калоцяцца рукі, я хаджу з кута ў кут па сваім пакоі і ніяк не магу сабрацца, усе справы перанесеныя на наступны дзень».
Таксама на еўрапейскім кінарынку Берлінскага міжнароднага кінафестывалю сёлета пройдзе пітчынг праектаў беларускіх аўтараў, сярод якіх будзе і фільм «Лебядзіная песня Фёдара Возерава», а акрамя таго, новыя праекты Улады Сяньковай, Андрэя Кашперскага і Міхаіла Зуя, Нэлы Агрэніч.
Складзены спіс 50 найлепшых беларускіх фільмаў за ўсю гісторыю
«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе
Новы міністр культуры распарадзіўся здымаць фільмы пра вайну і сялян. І паабяцаў прарыўнае кіно
4 фільмы, якія сабралі найбольш сімпатый на кінафестывалі «Паўночнае ззянне»
Рэжысёр Сяргей Лазніца расказаў, як ствараўся фільм «У тумане» і чаму яго цэнзураваў Мінкульт
Каментары