Не прайшло і дня.
TikTok паведаміў, што аднаўляе працу сэрвісу для карыстальнікаў у Злучаных Штатах.
У красавіку 2024 года Кангрэс ЗША прыняў закон, які абавязваў кітайскую кампанію ByteDance прадаць платформу амерыканскай кампаніі. Інакш з 19 студзеня 2025 года сацсетку заблакуюць. ByteDance не прадала платформу.
Таму 19 студзеня ў ЗША перастаў працаваць TikTok.
Google і Apple выдалілі праграму са сваіх лічбавых крам у адпаведнасці з законам, які абавязваў іх зрабіць гэта, калі ByteDance не прадасць сваё амерыканскае падраздзяленне да нядзелі. Закон прадугледжваў вялікія штрафы за невыкананне патрабаванняў.
Пазней Дональд Трамп заявіў у сваёй сацсетцы Truth Social, што плануе выдаць указ, каб даць мацярынскай кампаніі TikTok больш часу для пошуку ўхваленага пакупніка, перш чым забараніць TikTok у ЗША. Ён напісаў таксама, што хацеў бы, каб Злучаныя Штаты валодалі 50% акцый сумеснай кампаніі.
Кампанія ByteDance, якая кіруе TikTok, паведаміла ў твітары, што пост Трампа даў «неабходную яснасць і гарантыі нашым пастаўшчыкам паслуг у тым, што яны не сутыкнуцца з якімі-небудзь штрафнымі санкцыямі за прадастаўленне TikTok больш чым 170 мільёнам амерыканцаў».
Неўзабаве пасля заявы TikTok некаторыя карыстальнікі паведамілі, што прыкладанне зноў запрацавала.
Каментары