Вайна

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Роўна год таму, 8 лютага 2024 года, украінская армія атрымала новага галоўнакамандуючага — замест Валерыя Залужнага прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прызначыў на гэтую пасаду камандуючага Сухапутнымі войскамі Аляксандра Сырскага. Да гэтага ён камандаваў абаронай Кіева ў пачатку поўнамаштабнага ўварвання, а таксама змог арганізаваць наступ на Харкаўшчыне ў пачатку восені 2022 года. У 2024-м сітуацыя на фронце стала істотна складанейшай для УСУ, і год пад камандаваннем Сырскага выдаўся вельмі няпростым для ўкраінскай арміі. Зрэшты, яна не толькі адыходзіла, але і змагла арганізаваць наступ на нечаканым участку. Украінская служба Бі-бі-сі падвяла вынікі, якім быў год Сырскага на чале Узброеных сіл Украіны.

Аляксандр Сырскі. Фота: Yan Dobronosov/Global Images Ukraine via Getty Images

Ратацыя Залужны — Сырскі

Падставай для замены галоўнакамандуючага Уладзімір Зяленскі назваў патрэбу «абнаўлення кіраўніцтва УСУ». Але неафіцыйна прычынай ратацыі Залужны — Сырскі таксама лічыцца канфлікт паміж Офісам прэзідэнта і папярэднім галоўнакамандуючым з-за патэнцыйных палітычных амбіцый апошняга. Як і актыўнасць Залужнага ў ацэнках ходу вайны ў заходняй прэсе.

Аляксандр Сырскі менш публічны і актыўны ў замежных медыя. Замест гэтага ён лічыцца лаяльным Вярхоўнаму галоўнакамандуючаму і пазбаўленым палітычных амбіцый і гарызонтаў. За год Аляксандр Сырскі не рабіў заяваў, якія можна было б лічыць крытычнымі ў дачыненні да прэзідэнта і яго Офіса.

Што адбывалася на фронце

На фронце Сырскаму дасталася цяжкае спадчыну — буйны наступ расіян, які пачаўся яшчэ ў кастрычніку 2023 года. Ён фактычна працягваецца дагэтуль.

Крызіс украінскай абароны, выкліканы, перш за ўсё, перавагай расійскай арміі ў колькасці войскаў, боепрыпасаў, тэхнікі і авіяцыі з КАБамі, пачаўся яшчэ пры камандаванні Залужнага. А ў лютым 2024 года, ужо калі Сырскі быў на пасадзе, украінскія войскі пакінулі Аўдзееўку — ключавы ўмацаваны раён каля Данецка, які трымаўся з 2014 года.

Адышоўшы з Аўдзееўкі, сілам абароны, нягледзячы на заявы Аляксандра Сырскага аб адступленні на «больш выгадныя рубяжы», так і не ўдалося замацавацца на Данецкім кірунку.

Павольнае, але няспыннае прасоўванне расіян на Данбасе працягвалася ўвесь першы год кіраўніцтва новага галоўнакамандуючага. За гэты час украінская армія страціла важныя населеныя пункты, такія як Краснагораўка, Вуглядар, Сялідава, Курахава, Вялікая Навасёлка. У той жа час ёй удалося, хоць і не без праблем, спыніць наступ расійскіх сіл на поўначы Харкаўшчыны.

На першую гадавіну камандавання Аляксандра Сырскага працягваюцца баі за Пакроўск, Часаў Яр, раён Тарэцка і Лімана, а таксама на падыходах да Купянска на Харкаўшчыне. Расіяне наблізіліся на некалькі кіламетраў да адміністрацыйных межаў Днепрапятроўскай вобласці.

Зрэшты, як адзначаюць вайсковыя аглядальнікі, нягледзячы на тэрытарыяльныя страты, украінскі фронт пры Сырскім не пасыпаўся, не было прарываў на дзясяткі кіламетраў, а прасоўванне расійскай арміі даецца ёй коштам вялікіх страт.

Па стане на пачатак лютага 2025-га адзначаецца запаволенне шматмесячнага наступу расіян.

Курская аперацыя

Нягледзячы на адступленне на Данбасе, Аляксандру Сырскаму на чале УСУ ўдалася наступальная аперацыя на іншым участку, якая ўвойдзе ў сучасную ваенную гісторыю на ўзроўні з наступленнем на Харкаўшчыне ў 2022-м.

У пачатку жніўня 2024 года штурмавыя групы ўкраінскіх дэсантнікаў прарвалі мяжу Расіі ў Курскай вобласці і праз некалькі дзён занялі райцэнтр Суджа. Украіна тады змагла ўзяць пад кантроль больш за 1 000 квадратных кіламетраў расійскай тэрыторыі.

Поспех першага этапу Курскай аперацыі тлумачаць некалькімі фактарамі.

Па-першае, УСУ змаглі непрыкметна сканцэнтраваць ударную групу, што ў цяперашніх умовах спадарожнікавай разведкі з'яўляецца ключавой і вельмі няпростай задачай.

Па-другое, у наступе задзейнічалі вопытныя і баяздольныя падраздзяленні, такія як, напрыклад, 95-я ці 80-я дэсантна-штурмавыя брыгады.

Па-трэцяе, расіяне не змаглі арганізаваць на мяжы надзейную абарону і часта ўкраінскім штурмавікам супрацьстаялі расійскія салдаты тэрміновай службы.

«Не было выбару, я павінен быў правесці гэтую аперацыю. Павінен быў адначасова сарваць наступ на Харкаў, зняць частку ціску на ўсіх франтах і не дапусціць адкрыцця новага фронту на Сумы. Таму я наважыўся весці наступ там, дзе вораг меў слабое месца, з вельмі малой колькасцю салдат для аховы мяжы», — тлумачыў пасля Аляксандр Сырскі ў інтэрв'ю Le Monde.

У святле ўсё больш верагодных перамоў з Масквой утрыманне Курскага плацдарма мае і цалкам відавочны палітычны складнік.

У верасні расіяне пачалі контрнаступленне ў Курскай вобласці, ім удалося адбіць значную частку страчанага. Але пад кантролем УСУ застаюцца каля 500 квадратных кіламетраў Курскай вобласці, уключаючы Суджу.

6 лютага стала вядома пра лакальнае контрнаступленне ўкраінскіх сіл на Куршчыне паблізу вёсак Уланак і Чаркаская Канапелька. Так што сітуацыя там застаецца дынамічнай.

Паралельна Аляксандра Сырскага і крытыкуюць за Курскую аперацыю-з-за адцягвання туды баяздольных сіл, якія маглі б, як мяркуецца, дапамагчы абараняць Данеччыну. А таксама за тое, што цяпер каля Сумшчыны сканцэнтраваная вялікая групоўка расіян. Зрэшты, адцягваць сілы туды відавочна даводзіцца і расіянам (і нават прыцягваць паўночнакарэйскую падмогу).

Аляксандр Сырскі размаўляе з дэпутатамі ў Вярхоўнай Радзе. Фота: Press Service Of The President Of Ukraine via AP

Што гавораць пра Сырскага

На пасадзе галоўнакамандуючага Сырскага папракаюць за «крывавую абарону» і нібыта адмову адводзіць падраздзяленні, якім пагражае акружэнне, а таксама за «ваенны мікраменеджмент».

Ваенкар і галоўны рэдактар выдання «Цэнзар.Нет» Юрый Бутусаў, напрыклад, закідае Аляксандру Сырскаму загады на аператыўным узроўні, «праз галаву» непасрэдных камандзіраў брыгад і батальёнаў на месцах.

І абвінавачвае галаўкама, «які ставіць задачу ў ручным рэжыме і не здольны арганізаваць планавы працэс арганізацыі, падрыхтоўкі і прымянення рэзерваў» у сітуацыі са 155-й брыгадай, у дачыненні да якой з'явіліся даныя аб небаяздольнасці адразу пасля фарміравання.

У той жа час іншыя аглядальнікі адзначаюць, што Аляксандру Сырскаму даводзіцца дзейнічаць ва ўмовах рэсурснай перавагі расійскай арміі і праблем з мабілізацыяй, якая не з'яўляецца прамой зонай адказнасці галоўнакамандуючага.

«У Сырскага, у галоўнакамандуючага, нічога няма як такога: у яго няма ні рэсурсаў, ні грошай, ні рэзерваў. Хтосьці павінен яму гэтыя рэзервы зрабіць. Гэта чалавечы рэсурс, фінансавы рэсурс, эканамічны і ўсе іншыя сацыяльныя фактары, якія яму патрэбныя для выканання працы», — тлумачыў у інтэрв'ю Бі-бі-сі генерал-маёр Віктар Назараў.

Паводле яго слоў, Украіна трымаецца нягледзячы на недахоп рэсурсаў:

«Калі кажуць, што ў нас «катастрофа на фронце» — ну, зразумела, мы адступаем, мы адыходзім і гэта аб'ектыўныя фактары… Але магло быць і горш».

«Нават калі б на месцы Аляксандра Станіслававіча быў бы цяпер які-небудзь самы дасведчаны, самы вядомы, самы перадавы любы натаўскі генерал — я вас запэўніваю, лепш бы не стала», — упэўнены генерал Назараў.

А галоўнакамандуючы УСУ часоў Пятра Парашэнкі Віктар Мужэнка так параўноўваў Сырскага і Залужнага:

«Як па мне, Сырскі прафесійна падрыхтаваны лепш, чым Залужны. Па-другое, у Сырскага вышэйшы вопыт вайсковага кіравання, арганізацыі працэсаў і планавання, чым у Залужнага. Па-трэцяе, Сырскі здольны браць на сябе адказнасць за свае планы і дзеянні».

У той жа час Мужэнка крытыкаваў Сырскага за схільнасць прызначаць на пасады па прынцыпе: «Калі паслухмяны — значыць свой». На думку экс-кіраўніка, гэта ўплывае на эфектыўнасць кадраў на розных узроўнях і страту вопытных камандзіраў.

Цяпер жа Аляксандр Сырскі аб'явіў пра пачатак пераходу УСУ на новую структуру з фарміраваннем вайсковых карпусоў. Патэнцыйна гэта стратэгічная рэформа, якая можа палепшыць арганізацыю дзеянняў войскаў на фронце і ліквідаваць ці хаця б паменшыць праблемы, накшталт няўзгодненасці дзеянняў брыгад, прымянення небаяздольных падраздзяленняў на складаных участках або вялікіх страт у прыдадзеных падраздзяленнях брыгад.

Эфектыўнасць гэтай рэформы шмат у чым будзе залежаць менавіта ад дзеянняў і рашэнняў Аляксандра Сырскага.

Каментары

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Усе навіны →
Усе навіны

Неабходныя грошы на патрэбы Паліны Шарэнды-Панасюк сабралі за некалькі гадзін5

Трамп запатрабаваў закрыць USAID за «карупцыю»8

Нашчадкі готаў і фіна-вуграў нават больш, чым меркавалася. Што насамрэч у генах беларусаў і літоўцаў?45

Жахлівая гісторыя ў «Мінск-Свеце»: сабака на двары напароўся на шампур, гаспадыня лічыць, што яго ўваткнулі наўмысна1

Што рабіць, калі ваш тэлефон упаў у шахту ліфта?5

Беларускія астравы, пра якія вы маглі не ведаць2

Зяленскі расказаў, як бачыць «здзелку» з Трампам па карысных выкапнях9

У Пецярбургу музыка выкінуўся з 10-га паверха, калі да яго прыйшлі з ператрусам за «фінансаванне УСУ»7

Журналіста Ігара Ільяша абвінавачваюць па двух крымінальных артыкулах1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Год Сырскага. Як ваюе ўкраінская армія з гэтым галоўнакамандуючым

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць