Беларускі гісторык Вячаслаў Насевіч даследуе, ці можна праз гены вызначыць адметнасць беларусаў, чым яны адрозніваюцца ад суседніх балцкіх народаў і які след продкі балтаў пакінулі ў фарміраванні беларускай нацыі.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_02/466390637_1272370730453026_7635999513290162344_n-litv2.jpeg.webp)
Артыкул Вячаслава Насевіча «Этнічнасць нашых продкаў» аказаўся грунтоўны, але складаным для ўспрымання шараговага чытача, таму, пераказваючы яго, мы вымушаны максімальна спрашчаць напісанае. Аднак пазбегнуць навуковай тэрміналогіі ў справе генетыкі ўсё ж ніяк не атрымаецца, гэтак жа як і складаных абрэвіятур генетычных ліній — у іх проста няма ніякіх іншых уласных назваў.
Як вызначаецца этнічнасць?
З даўніх часоў людзі лічылі, што народ — гэта супольнасць нашчадкаў аднаго продка або групы продкаў. Гэты погляд называюць прымардыялізмам: ён сцвярджае, што этнічнасць перадаецца праз кроўную сувязь і застаецца нязменнай.
Аднак існуе іншы погляд — канструктывізм. Паводле яго, этнасы ўзнікаюць і змяняюцца пад уплывам культурных, сацыяльных і палітычных фактараў. Нацыя можа фарміравацца праз адукацыю, дзяржаўную палітыку і нацыянальнае адраджэнне. Таму чалавек можа стаць часткай этнасу, нават калі яго продкі мелі іншую ідэнтычнасць. Гэты працэс адбываўся заўсёды — праз асіміляцыю, шлюбы і палітычныя змены.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/new-3168-vc5fv.jpg.webp)
ДНК-аналіз дапамагае вывучыць паходжанне беларусаў. Асабліва карысныя для гэтага гаплагрупы Y-храмасомы, якія перадаюцца ад бацькі да сына і змяняюцца вельмі павольна.
Усе людзі паходзяць ад «Y-храмасомнага Адама», які жыў у Афрыцы 200—300 тысяч гадоў таму. Яго нашчадкі рассяліліся па ўсім свеце, утварыўшы разгалінаванае «дрэва» гаплагруп-галін.
Аднак ніводзін народ не складаецца толькі з адной лініі — нават у замкнёных супольнасцях заўсёды прысутнічае генетычная разнастайнасць.
Як фармуюцца этнасы: прыклады казахаў і фінаў
Казахскія роды традыцыйна лічацца нашчадкамі аднаго продка, але генетычныя даследаванні паказваюць значную разнастайнасць. Найбольш распаўсюджаная гаплагрупа C2-M217 (сустракаецца ў 51,9% казахаў), але ў розных родах яе частата можа вагацца ад 11% да 100%.
Але таксама сустракаюцца N-M231, O2-M122, Q і J1-M267, прычым у некаторых супольнасцях іх доля дасягае 40—60%.
Гэта сведчыць, што родавыя групы не былі генетычна аднароднымі — у іх уключаліся людзі з іншых паходжанняў праз усынаўленне, шлюбныя саюзы або сацыяльныя механізмы.
Большасць жа фінаў паходзіць ад старажытных насельнікаў Сібіры. Каля 60% фінскіх мужчын маюць гаплагрупу N-TAT, якая ўзнікла 16—12 тысяч гадоў таму. Пры гэтым больш за 45% з’яўляюцца нашчадкамі аднаго продка, які жыў каля 3500 гадоў назад і быў родапачынальнікам даччыннай гаплагрупы N-Z1925. Гэтая галіна, хутчэй за ўсё, прыйшла з Заўралля разам з прафінскай мовай.
Каля 2800 гадоў таму носьбіты гэтай гаплагрупы перасяліліся ў Фінляндыю, дзе сфарміравалі мясцовы этнас, а іх мова стала асновай сучаснай фінскай.
Яшчэ 15% фінаў належаць да іншых галін N, якія трапілі ў Фінляндыю ў розныя часы з розных рэгіёнаў Сібіры. Астатнія 40% генетычнай спадчыны фінаў звязаны з яшчэ больш старажытнымі міграцыямі.
Сярод іх каля 10% мужчын маюць гаплагрупы R1a і R1b. У Еўропе гэтыя гаплагрупы распаўсюдзіліся ў перыяд міграцый культур шнуравой керамікі (2900—2500 гг. да н.э.), што суправаджалася пашырэннем індаеўрапейскіх моў.
Аднак у Фінляндыі гэтыя індаеўрапейскія мовы не захаваліся: нашчадкі ранніх мігрантаў з часам перайшлі на мову пазнейшых хваляў перасяленцаў.
Фіны — яскравы прыклад таго, наколькі складаным з'яўляецца генетычны склад народаў. Ён адлюстроўвае ў сабе гісторыю шматузроўневых міграцый і адаптацыі да новых культурных уплываў.
Прафінскія карані ў Рурыкавічаў і літоўцаў
Яшчэ адну цікавую гісторыю можна прасачыць праз гаплагрупу N-Z4908. Яе заснавальнік жыў прыкладна 3500 гадоў таму — прыкладна ў той самы час, што і продак фінаў. Магчыма, яны належалі да адной папуляцыі. Але, у адрозненне ад продкаў фінаў, нашчадкі N-Z4908 не пайшлі ў Скандынавію, а засталіся пераважна на поўначы сучаснай Расіі.
Каля 800 г. да н.э. гэтая гаплагрупа падзялілася на некалькі даччыных ліній. Адна з іх — N-Y4341 — перасялілася ў Скандынавію і дала пачатак варажскай дынастыі Рурыкавічаў (N-Y10931).
Іншая, N-L1025, распаўсюдзілася прыкладна ў VIII—VII стагоддзях да н.э. і была звязана з культурамі штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай культурай і паўночных помнікаў волахаўскага тыпу. Яе носьбіты праніклі далей на поўнач, у Карэлію і Фінляндыю. Усе даччынныя галіны засталіся пераважна ў межах сучаснай Балтыі і паўночна-заходняй часткі Усходняй Еўропы.
Найбольшая канцэнтрацыя гэтай гаплагрупы назіраецца ў літоўцаў, дзе яна дасягае 40%, а ў асобных рэгіёнах — да 48-49%. Прыкладна такі ж узровень адзначаецца ў латышоў. У эстонцаў яна крыху ніжэйшая і складае да 33%.
Сярод беларусаў яе доля вагаецца ад 8 да 10%, ва ўкраінцаў — каля 6-7%, у палякаў — каля 4%, а ў чэхаў і славакаў — 1-3%. У немцаў яна сустракаецца з частатой 1-2%, а ў фінаў — каля 3-4%.
Фіна-вугорскае паходжанне штрыхаванай керамікі
Культуры тэксцільнай і штрыхаванай керамікі, а таксама днепра-дзвінская культура амаль не пакінулі пахаванняў, што ўскладняе іх вывучэнне праз палеа-ДНК. Такое знікненне пахавальных помнікаў характэрнае і для народаў Прыўралля і Заходняй Сібіры, адкуль паходзіць гаплагрупа N-TAT. Народам гэтага рэгіёна былі ўласцівыя чатыры асноўныя тыпы пахавання: паветранае (на дрэвах ці памосце), наземнае, інгумацыя і крэмацыя.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/east_europe_3-4cc-nmydz.png.webp)
Сярод народаў Сібіры інгумацыя (пахаванне ў зямлі) часта не была асноўнай практыкай, а многія этнасы ўвогуле яе не выкарыстоўвалі. Паветраныя пахаванні (на дрэвах) сустракаліся ў эвенкаў, сялькупаў і іншых народаў, а наземныя (на платформах або лабазах) — у хантаў, мансі і цюркскіх народаў Алтая.
Фінскамоўныя народы Паволжа захавалі падобныя звычаі да гістарычных часоў. Напрыклад, у мардвы-мокшы існавала паданне пра святыя ліпы, на якіх у кошыках падвешвалі старых, калі прыходзіў іх час паміраць. Яшчэ ў XIX—XX стагоддзях у некаторых вёсках нябожчыкаў спачатку падвешвалі на дрэвах, а толькі потым хавалі ў зямлі.
Адсутнасць могільнікаў сведчыць пра фіна-вугорскае паходжанне культуры штрыхаванай керамікі і яе прынцыповае адрозненне ад індаеўрапейскіх культур шнуравой керамікі, дзе былі характэрныя пахаванні з выразнай рэгламентацыяй позы нябожчыка або крэмацыя з размяшчэннем попелу ў пахавальных урнах.
Прафінскія карані, але балцкія мовы
Літоўцы і латышы маюць значную долю гэтай гаплагрупы N-L1025, якая паходзіць з фіна-вугорскага асяроддзя.
Гэта сведчыць пра тое, што балты асімілявалі значную частку носьбітаў культуры штрыхаванай керамікі. Аднак, у адрозненне ад фінаў-суомі і эстонцаў, гэты ўсходні кампанент не паўплываў на іх мову.
Балцкія мовы адносяцца да індаеўрапейскай сям’і, а іх фарміраванне звязана з іншым генетычным кампанентам — гаплагрупай R1a.
Розныя галіны R1a утварыліся ва Усходняй Еўропе падчас міграцыі культур шнуравой керамікі (каля 2900—1700 гг. да н.э.). У гэты перыяд, магчыма, і адасобілася папуляцыя, мова якой дала пачатак сучасным балцкім мовам.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/pomeranian_culture_map_belsvg-phmra.png.webp)
Частка даследчыкаў лічыць, што першапачаткова гэта была агульная балта-славянская моўная супольнасць. Найбольш верагодна, што гэтую супольнасць прадстаўлялі культуры пахавальных урнаў: лужыцкая ў бронзавым веку і паморская ў раннім жалезным веку.
Роля індаеўрапейцаў у з'яўленні балтаў
Прысутнасць гаплагрупы R1a характэрная для ўсіх тэрыторый, дзе раней існавалі культуры шнуравой керамікі. Пры гэтым у германскіх і скандынаўскіх народах пераважаюць адны галіны, а ў балтаў і славян — іншыя. Сярод немцаў, нарвежцаў, датчан і шведаў частата R1a не перавышае 20—25%, у той час як у балтаў і славян яна значна вышэйшая.
У літоўцаў розныя галіны R1a сустракаюцца ў каля 40% насельніцтва. Пры гэтым ні адна з галін, узрост якой складае 3—4 тысячы гадоў, не дамінуе над іншымі.
Паводле аналізу, выяўлена адразу 13 розных галін, што сведчыць пра іх даўняе перамяшанне і адсутнасць рэзкай экспансіі якой-небудзь адной лініі.
Гаплагрупа R1b, якая таксама паходзіць з культуры шнуравой керамікі, прадстаўлена ў літоўцаў у меншай ступені. Сярод літоўцаў прысутнічае асноўная яе галіна R1b-P312, а таксама ёсць асобныя выпадкі іншых галін.
Роля фіна-вугорцаў у з'яўленні балтаў
Генетычны склад літоўцаў прадстаўлены двума асноўнымі кампанентамі. Першы — гэта галіны R1a і R1b, якія звязаны з міграцыяй індаеўрапейцаў і асіміляцыяй мясцовага насельніцтва. Другі — гаплагрупа N-L1025, якая, як адзначалася вышэй, мае цалкам іншае паходжанне і звязана з прафінскімі міграцыямі з Заходняй Сібіры ў сярэдзіне II тысячагоддзя да н.э.
Высокая канцэнтрацыя N-L1025 у літоўцах паказвае, што яна мела дамінуючую ролю ў культурах штрыхаванай керамікі, адкуль яна і распаўсюдзілася.
Гаплагрупа фацьянаўскай культуры, якая існавала да яе, не пакінула адчувальнага следу ў гэтым рэгіёне.
Змешванне гэтых генетычных кампанентаў пачалося прыкладна 1700—1600 гадоў таму, калі з балтыйскага ўзбярэжжа прыйшлі новыя археалагічныя культуры, звязаныя з постлужыцкай традыцыяй. Гэтыя культуры ўключалі ўсходнелітоўскія курганы, жамойцкія і куршскія могільнікі. У выніку іх асіміляцыі і сфарміраваўся сучасны генетычны профіль балтаў.
Генетычныя даследаванні сучасных нашчадкаў Гедымінавічаў (род Галіцыных, Чартарыйскіх і Трубяцкіх) паказваюць, што яны належаць да галіны N-L1025, а дакладней — да мутацыі Y13979, якая таксама паходзіць з гэтага рэгіёна.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/r1a-europe-my3i2.png.webp)
Распаўсюджанасць гаплагрупы R1a у Еўропе. Фота: eupedia.com
Сляды старажытных міграцый у генафондзе беларусаў
Генетычны склад беларусаў мае значныя адрозненні ад літоўцаў. Агульная канцэнтрацыя індаеўрапейскай R1a у беларусаў дасягае амаль 50%, што з'яўляецца адным з найвышэйшых паказчыкаў у свеце.
Усяго гэтая гаплагрупа падзяляецца на 13 розных галінаў, якія ўзніклі ў бронзавым веку. Найбольш распаўсюджаныя з іх ахопліваюць да 35% насельніцтва, яшчэ 7% складаюць субгаплагрупы R1b-P312, а каля 4% прыпадае на I1.
Гэтыя гаплагрупы паходзяць ад той самай балта-славянскай супольнасці, якая звязана з лужыцкай і паморскай археалагічнымі культурамі. Аднак у беларусаў можна адзначыць дадатковы ўнёсак ад мілаградскай і юхнаўскай культур, якія таксама з'яўляюцца спадкаемцамі шнуравой керамікі, але развіліся ў асобнай плыні.
Прафінскія гены ў беларусаў
Другі значны кампанент беларускага генафонду не звязаны з адной масавай субгаплагрупай, а ўключае некалькі меншых.
Напрыклад, N-L1025, якая прадстаўлена ў беларусаў у 6 разоў радзей, чым у літоўцаў.
Але яе распаўсюджанасць N-L1025 па рэгіёнах Беларусі істотна адрозніваецца. Ва ўсходніх раёнах Магілёўскай вобласці частата складае 5,8%, у той час як у Віцебскай вобласці яна дасягае 15%. У заходніх рэгіёнах, як напрыклад, у Гродзенскай вобласці, частата складае 12,3%.
У суседніх рэгіёнах Літвы яе паказчыкі вышэйшыя. Напрыклад, у раёне Алітуса (блізка да беларускай мяжы) частата N-L1025 складае 29,4%, што ніжэй, чым у цэнтральнай і паўночнай Літве, але вышэй, чым у Беларусі.
Генетычныя даследаванні паказваюць, што ўнёсак культуры штрыхаванай керамікі ў генафонд беларусаў быў значна меншы, чым у літоўцаў. Гэта выразна бачна па нізкай частаце N-L1025 у Беларусі.
Паўднёвыя гены ў беларусаў
Гаплагрупа I2-Y3120 сфарміравалася прыкладна 3400 гадоў таму, а на даччынныя галіны пачала дзяліцца не раней за II стагоддзе да н.э. Гэтая гаплагрупа шырока прадстаўлена ў славянскіх народах, дзе яе частата вагаецца ад 10% да 20%.
У беларусаў I2-Y3120 сустракаецца з частатой каля 16-17%, прычым яе канцэнтрацыя значна вар'іруецца па рэгіёнах. Найбольшая частка яе носьбітаў зафіксавана на Палессі — 26%.
У Віцебскай вобласці яна складае 10,9%, а ў Гродзенскай вобласці — толькі 2,7%. Такі нізкі паказчык у Гродзенскай вобласці можа тлумачыцца выпадковасцю малой выбаркі.
Літоўцы і латышы маюць значна меншую долю I2-Y3120 — у іх выяўлена толькі некалькі выпадкаў, што можна растлумачыць кантактамі з беларусамі ў апошнія стагоддзі.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/przeworsk_culture-f559t.png.webp)
Паводле некаторых даследаванняў, I2-Y3120 магла прайсці праз розныя этапы этнагенезу. Адна з версій звязвае яе з праславянскімі насельніцтвамі зарубінецкай і пшэворскай культур, дзе яна магла быць перанята ад кельтаў.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/origins_200_ad-2wr3t.png.webp)
Іншая версія сцвярджае, што яна была распаўсюджана сярод ранніх славян праз культуру карпацкіх курганоў. У Беларусі I2-Y3120 асабліва пашыралася ў перыяд зваротных славянскіх міграцый з Дуная, якія прывялі да фарміравання лукі-райкавецкай культуры, і далейшага рассялення славян у IX—X стагоддзях.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/0750_ukraine-28d6g.png.webp)
Высокая частата I2-Y3120 у паўднёвых рэгіёнах Беларусі можа сведчыць пра больш моцнае славянскае ўздзеянне, у той час як на поўначы адчуваецца ўплыў даславянскага субстрату.
Генетычныя спадчына яўрэяў
Яшчэ адна гаплагрупа E-V13 таксама мае паходжанне з паўднёва-ўсходняй Еўропы і сустракаецца ў Беларусі значна радзей, чым I2-Y3120. У даследаваннях, праведзеных на розных выбарках, яна сустракаецца з частатой ад 2% да 6%, агулам каля 3%.
Некаторыя носьбіты E-V13 маглі трапіць у беларускую папуляцыю праз яўрэйскае насельніцтва, бо яе бацькоўская гаплагрупа E-M35 таксама прадстаўлена ў беларускіх яўрэяў. У асобных даследаваннях сярод мясцовых яўрэяў было выяўлена 28 носьбітаў гэтай галіны. Асіміляваныя носьбіты E-V13 маглі стаць часткай беларускага этнасу.
Агульная доля I2-Y3120 і E-V13 у беларусаў дасягае 20%, што азначае, што кожны пяты беларус з’яўляецца нашчадкам носьбітаў гэтых паўднёвых галін. У параўнанні з беларусамі, у літоўцаў гэтыя гаплагрупы сустракаюцца значна радзей — на ўзроўні 2,7% і 2,3% адпаведна.
Генетычная спадчына готаў
Генетычны склад беларусаў і літоўцаў мае значныя адрозненні. Калі ў літоўцаў ні адна з адносна маладых галін R1a не сустракаецца часцей за 6%, то ў беларусаў адна з іх мае значна большую частату.
Гаворка ідзе пра R1a-L1029, якая сфарміравалася каля 3100 гадоў таму і пачала дзяліцца на дачэрнія галіны не раней за II стагоддзе да н.э. Паводле даследаванняў, 15% беларусаў з’яўляюцца яе носьбітамі, тады як у Літве знойдзены толькі адзін яе прадстаўнік, і той з самага поўдню краіны (Марыямпаль).
Гаплагрупа R1a-L1029 мае шырокае геаграфічнае распаўсюджанне. Яна прадстаўлена ў Швецыі (7 галін), Фінляндыі (5), Нарвегіі (2), Германіі (8), Англіі (2), Польшчы (12), Украіне (9), Беларусі (5), Расіі (7) і на Балканах.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/chernyakhov-9spu5.png.webp)
Гістарычныя даныя сведчаць, што яе носьбіты звязаныя з вандраваннем готаў, якія з II стагоддзя н.э. жылі ў вельбарскай археалагічнай культуры (Польшча) і пазней стварылі ў Прычарнамор’і магутную чарняхоўскую культуру.
Пасля нашэсця гунаў у канцы IV стагоддзя частка готаў рушыла на Балканы і ў Італію, іншыя накіраваліся ў Скандынавію, Паволжа і нават у стэпавыя рэгіёны Цэнтральнай Азіі.
Частка R1a-L1029 была асімілявана славянамі і пазней распаўсюдзілася разам з міграцыямі славян, што тлумачыць яе прысутнасць у Беларусі.
Дарэчы, літоўцы дагэтуль называюць беларусаў словам «гуды», што, паводле лінгвістаў, паходзіць ад назвы «готы». Генетычныя даследаванні пацвярджаюць гэтую сувязь.
Яшчэ адна субгаплагрупа, звязаная з готамі, — R1a-Y2902. Яна аддзялілася прыкладна на III—II стагоддзі да н.э. і сёння мае падобнае распаўсюджанне да R1a-L1029.
Яе галіны сустракаюцца ў Швецыі (1), Фінляндыі (4), Італіі (2), Расіі (8), Украіне (6), Польшчы (6), на Балканах (3) і ў Татарстане (2). У Літве зафіксаваны 3 выпадкі, адзін з іх — у этнічнага паляка.
У Беларусі R1a-Y2902 маецца ў 2%, якіх таксама можна прылічыць да ліку нашчадкаў готаў.
Такім чынам, разам абедзьве галіны складаюць 16,5% генафонду беларусаў, што сведчыць аб значным гоцкім уплыве на ранняе славянскае насельніцтва Беларусі.
Што яшчэ можна пабачыць у генах славян
Акрамя даследавання Y-гаплагруп, этнагенез можна вывучаць праз аўтасомныя маркёры — фрагменты ДНК, якія перадаюцца ад абодвух бацькоў. Аналіз старажытных геномаў славян IX—XII стагоддзяў паказаў наяўнасць трох асноўных кампанентаў у іх генафондзе.
Першы, Baltic_EST_BA, паходзіць ад змяшэння культур шнуравой керамікі, неалітычных земляробаў і яшчэ невядомай міграцыйнай хвалі, магчыма звязанай з носьбітамі гаплагрупы N. Гэты кампанент складае каля 55,6%.
Другі, GRK_Logkas_MBA, мае сувязь з бронзавым векам Грэцыі і, хутчэй за ўсё, адлюстроўвае прысутнасць протафракійцаў або протаілірыйцаў. Ён звязаны з гаплагрупамі I2-Y3120 і E-V13 і складае 28,6%.
Трэці, Swe_Ollsio_BA, паходзіць ад насельніцтва бронзавага веку Швецыі і, магчыма, сведчыць пра ўплыў готаў. Ён утрымлівае гаплагрупы R1a-Y2902 і R1a-L1029 і складае 12,2%.
Калі б не адсутнасць пахаванняў у культурах штрыхаванай і тэксцільнай керамікі, магчыма, быў бы вызначаны і чацвёрты кампанент, які дакладней бы адлюстроўваў гаплагрупу N.
Як ДНК звязана з нацыянальнай ідэнтычнасцю?
Літоўскі нацыяналізм жорстка прытрымліваўся прымардыялізму, то бок падыходу, што народы існуюць спрадвеку і маюць адметнае паходжанне, агульнага продка. Каб лічыцца літоўцам, трэба было мець літоўскія карані і захоўваць літоўскую мову.
Гэта значыць, што нават калі чалавек пераходзіў на літоўскую мову, ён не лічыўся «сапраўдным» літоўцам. У той жа час страта мовы азначала страту нацыянальнай ідэнтычнасці. Такая жорсткая пазіцыя прывяла да адчужэння паланізаваных літоўцаў, асабліва шляхты, а таксама да страты Віленскага краю, дзе большасць жыхароў ужо не размаўляла па-літоўску.
Але як паказваюць даследаванні Y-храмасомы, этнічныя групы часта змянялі мову і культуру, але не абавязкова гублялі генетычную пераемнасць.
У сучасных літоўцаў прыкладна палова мужчын мае гаплагрупы, якія звычайна асацыююцца з іншымі народамі, але гэта не перашкодзіла ім стаць літоўскамоўнымі.
Мова і культура змяняюцца, і пераход на іншую мову не абавязкова вядзе да «духоўнай смерці» народа. У гісторыі падобныя змены адбываліся неаднаразова і залежалі ад канкрэтных абставінаў.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/new-2241-wsr86.jpg.webp)
У адрозненне ад літоўцаў, беларуская нацыянальная ідэалогія была вымушана быць гнуткай. Беларусы шматразова мянялі ідэнтычнасць і адаптоўваліся да гістарычных умоў.
З такой падставы пашырылася нават канцэпцыя «балцкага субстрату» як вырашальнага фактару ў этнагенезе беларусаў. Аднак папуляцыйная генетыка паказвае, што беларусы генетычна бліжэй да славян, а не да балтаў.
Але прыкладна палова беларускай папуляцыі, сапраўды, мае супольнае паходжанне з балтамі і балтызаванымі фінамі. Іншая ж палова склалася з зусім іншых чыннікаў. Прытым не толькі мова, але і частка неад’емных для сённяшніх беларусаў культурных рысаў былі прынесены менавіта імі.
Літвіны, якія сталі беларусамі
Зліццём старажытных кампанентаў этнагенез не скончыўся. Таму мае свае абмежаванні і акцэнт на славянскасці беларусаў, іх праваслаўі і еднасці з рускімі.
Пры гэтым ігнаруецца той кампанент, што ўліўся ў беларускі этнас ужо ў гістарычныя часы, а раней лічыўся «літвой», «літвінамі».
Не кажучы ўжо пра тое, што саманазва «літвіны» неаднаразова фіксавалася этнографамі ХІХ стагоддзя для розных груп па ўсёй Беларусі, нашчадкі літвінаў у самым вузкім, этнічным сэнсе шчыльна насяляюць 7 яе раёнаў (Астравецкі, Ашмянскі, Воранаўскі, Смаргонскі, Лідскі, Іўеўскі, Шчучынскі) і значныя часткі яшчэ 4 (Гродзенскага, Валожынскага, Пастаўскага, Браслаўскага).
Там зараз налічваецца каля 400 тысяч вясковага насельніцтва, прытым параўнальная, калі не большая, колькасць выхадцаў адтуль асела ў гарадах па ўсёй краіне, параднілася з тубыльцамі праз шлюбы.
Практычна ўсе гэтыя людзі сёння адчуваюць сябе беларусамі, ды і аб’ектыўна амаль нічым, апрача каталіцтва бацькоў і дзядоў, ад іншых беларусаў не адрозніваюцца. Але іх непасрэдныя продкі, літвіны-католікі XV-XVIII стагоддзяў, для жыхароў астатняй Беларусі, як правіла, не ўспрымаюцца як «свае».
Некаторымі беларусамі праз гэта і Вялікае Княства Літоўскае не заўсёды ўспрымаецца як «свая» дзяржава, нягледзячы на значны ўнёсак літвінаў у яе стварэнне.
Этнічная «наканаванасць»
Ідэалогіі часта сцвярджаюць, што сувязь паміж прадстаўнікамі этнасу «адвечная і наканаваная». Але гісторыя паказвае, што ніякай наканаванасці няма — усё вызначаецца канкрэтнымі выбарамі ў пэўных умовах.
Напрыклад, продкі адных народаў маглі мець абрады падвешвання памерлых на дрэвах, а іншых — ваяваць з Рымам. Аднак гэта не робіць іх нашчадкаў ні лепшымі, ні горшымі. З першых выйшлі дынастыі Рурыкавічаў і Гедымінавічаў, якія адыгралі ключавую ролю ў гісторыі Усходняй Еўропы. А нашчадкі ваяўнічых готаў маглі стаць спакойнымі пастухамі ў Туркменістане ці гаспадарамі кавярні ў Турцыі.
Як піша Насевіч, нацыяналізм, як любая ідэалогія, ствараецца, каб аб'ядноўваць людзей для сумесных дзеянняў, але часта гэта адбываецца ў выключа ў інтарэсах тых, хто ідэалогію распаўсюджвае. Альтэрнатывай ён бачыць мараль, якая таксама можа натняць людзей да супольных дзеянняў, калі ў іх падобныя ўяўленні пра дабро і зло.
На ягоную думку, гісторыя паказвае, што менавіта маральныя выбары нашых продкаў на працягу стагоддзяў сфарміравалі тую этнакультурную сітуацыю, якую мы маем сёння.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары