Шрайбман: Адлігі не будзе, Лукашэнка — галоўны неперагортвальнік старонкі ў беларускім грамадстве
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман у новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна» прызнаўся ў сваіх памылках адносна прагнозаў, патлумачыў, чаму не трэба спадзявацца на адлігу пры Лукашэнку, калі адкрыецца новае акно магчымасцей і ці перагорнутая старонка 2020-га.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/imgonline-com-ua-resize-paxidtk1f00hti-l0jd2.jpg.webp)
Ці варта чакаць адлігі
«Мы бачым па яго дзеяннях, што Лукашэнка стаў безумоўна яшчэ больш апантаны ўтрыманнем улады. Гэта было яго такім modus operandi (лац. «спосаб дзеяння») да 2020 года.
Пасля 2020-га ён атрымаў вельмі сур'ёзную траўму, і тая колькасць разоў, калі ён з той пары адсылаецца да тых падзей, паказвае, што галоўны неперагортвальнік старонкі ў беларускім грамадстве — гэта, па сутнасці, ён. Шмат хто нават з яго праціўнікаў гатовы перагарнуць гэтую старонку. А ён усё яшчэ не можа выйсці ментальна з гэтага стану, траўмы, якую яму нанёс 2020 год»,
— заўважае Арцём Шрайбман.
«Я думаю, ён больш не гатовы на эксперыменты з лібералізацыяй да таго ж узроўню, якой яна была ў папярэднія «заходы» на яе — 2008-2010, 2014-2019. Я думаю, Лукашэнка зрабіў высновы з 2020 года. І таму я не падзяляю аптымізму многіх людзей, якія думаюць, што можна яго нейкімі закалыхваннямі, дыялогамі, перамовамі ўцягнуць назад ва ўмоўны 2019-ты.
Гэта старонка закрыта не таму, што мы знаходзімся на нейкім дне рэпрэсіўным. Гэта ўсё можна адматаць у тэорыі, калі было б жаданне. Думаю, што чалавек зразумеў, да чаго гэта прыводзіць. Што сітуацыя ідзе ў разнос, як толькі ты паслабляеш гайкі», — тлумачыць свой пункт погляду Шрайбман.
На ўдакладняючае пытанне, ці азначае гэта, што ў Беларусі не будзе адлігі, аналітык адказаў:
«Адліга — гэта паняцце спектра. Ты можаш давесці сітуацыю да такога дна з пункту гледжання правоў чалавека, што нават вывад людзей з інкамунікада — таксама своеасаблівая адліга.
Я не бачу праблему і прынцыповай нейкай дэстабілізуючай сілы ў вызваленні палітвязняў. Ён можа вызваліць усіх. І гэта не паўплывае на ўстойлівасць. Проста пры гэтым ён будзе захоўваць рэпрэсіі і рэпрэсіўныя рамкі. Прычым нават рэпрэсіі можна згарнуць у тым сэнсе, што іх будзе менш у колькасным выражэнні. Можна саджаць менш людзей, можна прызнаваць менш рэсурсаў экстрэмісцкімі».
Шрайбман прыводзіць у прыклад такія краіны, як Узбекістан і Туркменістан, дзе няма значных рэпрэсій, бо ўсе разумеюць рамкі і правілы гульні і не выходзяць за іх.
«Табе не трэба рэпрэсаваць кожны дзень, калі ты проста падтрымліваеш ужо пэўную замарожаную тэмпературу. І ўсе яе разумеюць, ніхто яе не парушае», — даводзіць аналітык і адзначае, што падобнае можа быць і ў Беларусі.
«У цябе пратэстуючыя 2020 года скончыліся. І ты ў нейкім сэнсе можаш для напаміну часам штосьці рабіць. Я цалкам дапускаю прыход у гэты пункт.
Гэта будзе адліга ці не? З пункту гледжання таго, што не будуць штодня ўрывацца губазікаўцы ў дамы, гэта будзе адліга. З пункту гледжання колькасці палітвязняў — іх стане менш. З пункту гледжання клімату ў краіне — ён не стане больш свабодным. Я думаю, што пры Лукашэнку клімат у краіне не стане больш свабодным».
Шрайбман дапускае, што пасля «выбараў-нявыбараў» магчыма нейкае супакаенне рэпрэсіўнай машыны:
«Яна будзе на халастым ходу працягваць рухацца. Вось гэты ўзровень страху будзе падтрымлівацца. Але не будзе, на мой погляд, такой вострай неабходнасці эскаліраваць, новыя хвалі праводзіць, зачыстак і гэтак далей. Асабліва калі ён сапраўды сур'ёзна настроены на нейкі перазапуск дыялогу з Захадам».
У чым памыляўся Шрайбман у 2020-м
Шрайбман прызнаецца, што, як і многія, памыляўся ў тым, што «на штыках нельга сядзець доўга», што рэпрэсіі хутка павінны скончыцца. «Пытанне ў тым, хто гэтыя штыкі аплачвае», — даводзіць аналітык.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_01/imgonline-com-ua-resize-6r1ckemaubswz-44zr2.jpg.webp)
За гады правядзення рэпрэсій, па словах Шрайбмана, адбылася трансфармацыя рэжыму Лукашэнкі:
«Калі раней рэпрэсіі былі неабходнасцю для гашэння лакальных крызісаў, то сёння для шматлікіх ведамстваў рэпрэсіі сталі іх галоўнай унутранай наменклатурнай валютай. Прычым гэта адбылося не сёння, гэта адбылося ў 2021-2022. То-бок яны гэтым дэманструюць сваю эфектыўнасць, яны ў гэтым спаборнічаюць, нарошчваюць (асобныя кіраўнікі тыпу Карпянкова, Шведа і гэтак далей) свае палітычныя капіталы за кошт таго, наколькі яны актыўна, крэатыўна і люта праследуюць сваіх апанентаў.
У гэтым сэнсе сістэма ўвайшла ў рэжым аўтапілота. Ёй не патрэбны нейкі штодзённы імпульс ад Лукашэнкі. Наадварот. Сёння, каб яе спыніць, патрэбна каманда».
Шрайбман даводзіць, што ў працягу рэпрэсій ён не бачыць вялікага стрэсу для самога рэжыму, пытанне толькі ў знешнім падсілкаванні, наколькі яна будзе ўстойлівай, што за гэта будзе патрабаваць Расія, ці зменіцца ўспрыманне Расіяй рэжыму Лукашэнкі і гэтак далей.
Чаму Лукашэнку шанцуе?
Арцём Шрайбман заўважае, што ланцужок шанцавання суправаджае ўсю палітычную кар'еру Лукашэнкі:
«Яму фарціла з самага пачатку, калі выпадкова знізілі мінімальны ўзрост для кандыдата — з 40 да 35 гадоў, і таму ён змог балатавацца. Яго не знялі з выбараў, хаця там былі парушэнні пры рэгістрацыі кандыдата ў 1994-м. Яму пашанцавала ў 1996-м, калі не давялі да канца працэдуру імпічменту, і Расія ўмяшалася ў патрэбным яму фармаце.
Далей яму пашанцавала ў пачатку нулявых з шалёным ростам цэн на нафту, які выцягнуў беларускую эканоміку разам з расійскай. (…) І з 2020 года гэта таксама працягваецца. (…) Вайна дае яму больш бонусаў, чым праблем».
На погляд аналітыка, акрамя таго, што эканоміка Беларусі, стаўшы прыдаткам расійскай ваеннай машыны, расце, Лукашэнка мае і палітычныя бонусы:
«Беларусы, не будучы закранутымі, але будучы шакаваныя вайною, сталі (некаторыя з іх) пераглядаць свае адносіны да ўлады. Гэта фіксавалі многія сацыёлагі яшчэ з 2022 года. Што ёсць такая пэўная праслойка людзей у сярэдзіне палітычнага спектру, для якіх тое, што Беларусь не ўмяшалася ў вайну, стала заслугай Лукашэнкі. І ён у гэтым сэнсе змог палітычна капіталізаваць. Шанцаванне гэта ці не, цяжка сказаць, гэта часткова і вынік яго дзеянняў».
Калі адкрыецца новае акно магчымасцей
Шрайбман даводзіць, што ніхто не можа дакладна прадказаць, калі з'явіцца шанец для перамен.
«Калі я нешта рэкамендую, напрыклад, заходнім краінам ці нават апазіцыі, мой галоўны тэзіс пра тое, што вы паняцця не маеце, і мы паняцця не маем, і я паняцця не маю, як канкрэтна адкрыецца новае акно, магчымасцяў. Мне больш падабаецца слова «акно валацільнасці», калі зноў пойдзе рух, калі нейкая дынаміка будзе, калі мы не будзем разумець, чым скончыцца гэты год».
Аналітык заўважае, што ў сілах як заходніх краін, так і апазіцыі лепш падрыхтавацца да гэтага моманту:
«Уявіць сабе тое беларускае грамадства, якое вы хочаце мець да таго моманту, і проста ісці адтуль зваротнай перамоткай — як нам да гэтага грамадства падрыхтавацца, як нам да гэтага грамадства прыйсці, што рабіць, каб грамадства ў максімальнай ступені захавала свой праеўрапейскі патэнцыял, каб беларусы заставаліся на сувязі з беларусамі, якія з'ехалі».
Шрайбман звяртае ўвагу на тое, што невядома, што канкрэтна можа спрацаваць у будучым. Поспех пратэснага руху тлумачыцца не адным канкрэтным дзеяннем, а сукупнасцю намаганняў, і спасылаецца на досвед 2020 года:
«Мала хто ведаў, якой канкрэтнае намаганне па пабудове якой ініцыятывы грамадзянскай супольнасці, нейкай «Арт-Сядзібы», ці ByHelp, ці нечага яшчэ дапамагло ў выніку. Аказалася, што суквецце намаганняў спрацавала на тое, што гэта інфраструктура была вельмі якасна выкарыстана».
Цяпер, на погляд, Шрайбмана, зручны момант для «будаўніцтва інфраструктуры будучых перамен».
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/stock/3_bun_nn_20200703-0624-mblds.jpg.webp)
Што ўяўляе з сябе беларускае грамадства
Аналітык заўважае, што ўсё складаней даць ацэнку беларускаму грамадству, вызначыць у ім палічныя прыхільнасці. Сацыялагічныя апытанні ў Беларусі сутыкаюцца са скажэннямі з-за страху людзей выказвацца сумленна, асабліва на тэмы ўнутранай палітыкі.
«Сацыёлагі перасталі задаваць пытанні, звязаныя з унутранай палітыкай, таму што гэта проста бессэнсоўна. Яны паспрабавалі памераць скажэнні, як уплывае страх на пытанні пра Украіну, пра знешнюю палітыку. І вылічылі, што скажэнні ў сярэднім каля 9-10%. (…) У пытаннях унутранай палітыкі скажэнні яшчэ больш значныя».
Шрайбман адзначае, што відавочным застаецца факт наяўнасці ў беларускім грамадстве двух значных лагераў, якія, нават калі іх скласці разам, не даюць большасці грамадства, якое адышло ад крайніх пазіцый у «нейкі апалітычны, медыянны, балотны цэнтр».
Шрайбман спасылаецца на вынікі даследавання палярызацыі грамадства, якое правёў Філіп Біканаў, якія паказалі, што
два лагеры ў беларускім грамадстве — праўладны і апазіцыйны — «ненавідзяць адзін аднаго больш, чым любыя іншыя групы ў грамадстве, уключаючы самыя стыгматызаваныя кшталту наркаманаў. (…) Узровень узаемнага хэйту гэтых дзвюх груп рэкордны, і ён не спадае».
Але пры гэтым, па словах аналітыка, гэтыя групы «акукліліся», у той час як астатняе грамадства, каля 60-70% людзей, жыве па-за гэтым палітычным кантэкстам. У залежнасці ад адказу на канкрэтнае пытанне, іх можна збіраць у розныя кааліцыі:
«Умоўна, калі ты за Расію, ты, хутчэй за ўсё, за Лукашэнку; калі ты за дэмакратычную апазіцыю, ты, хутчэй за ўсё, за Еўрасаюз, за Украіну». Аднак падзелы могуць мяняцца ў залежнасці ад тэм, якія абмяркоўваюцца, такіх як эканоміка, патэрналізм, неабходнасць дзяржаўнага рэгулявання.
«У цябе атрымаецца, што частка дэмакратычна настроеных людзей на самой справе за моцную руку ў эканоміцы. Ты можаш пачаць задаваць пытанні пра кансерватызм, сямейныя каштоўнасці. І ў цябе акажацца, што за [адмену] абортаў будзе нейкая колькасць ябацек, а нейкая колькасць умоўных змагароў будзе супраць. То-бок, гэта ўсё вельмі складаная канфігурацыя, і таму я пабаяўся б рабіць абагульненне», — даводзіць аналітык.
Ці перагорнутая старонка
На погляд аналітыка, тая большасць беларускага грамадства, якая знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне, у цэлым перагарнула старонку, тым больш што
«многія з іх не моцна для сябе адкрылі гэтую старонку ў 2020 годзе. (…) Для нейкага гэта было падзеяй, якая мяняе жыццё. (…) Для многіх беларусаў гэта прайшло недзе на перыферыі, ці паўплывала на іх жыццё на працягу месяца — і ўсё. І гэтым людзям прасцей было перагарнуць гэту нават не адкрытую старонку».
У той жа час два палітычна крайнія бакі грамадства працягваюць жыць у парадку палітычнага супрацьстаяння. Гэта відаць па накалу прапаганды з абодвух бакоў.
Аналітык звяртае ўвагу, што для большасці грамадства палітычны парадак дня застаўся ў мінулым. Менавіта гэта і стварае дысананс паміж парадкам дня дэмакратычнай супольнасці і рэальнымі інтарэсамі медыяннай большасці:
«Людзі могуць па-рознаму ставіцца да розных пытанняў: добры ці дрэнны Лукашэнка, добрая ці дрэнная Расія, як там трэба ўладкоўваць фінансы ў дзяржаве і прыватызацыю. Але іх аб'ядноўвае тое, што палітыка не складае большасць іх жыцця. Адпаведна, яны не могуць факусавацца бясконца на падзеях 50-гадовай даўніны. Беларускія дэмакратычныя палітыкі і СМІ шмат у чым працягваюць жыць у гэтай канве. І гэтыя кантэксты разыходзяцца ва ўсё большай ступені».
Аналагічная сітуацыя назіраецца і з дзяржаўнай прапагандай. Напрыклад, калі паглядзець на рэальныя, ненакручаныя прагляды такіх прапагандыстаў, як Азаронак ці Мукавозчык, становіцца зразумела, што іх аўдыторыя мінімальная. Людзі не жадаюць спажываць кантэнт, прысвечаны «пазаўчарашняй вайне».
Да таго ж вайна ва Украіне для многіх засланіла папярэднія падзеі. У выніку для большасці гэтая «старонка» альбо ніколі не адкрывалася, альбо ўжо перагарнулася.
У той жа час, па словах Шрайбмана, «для людзей на краях спектра не перагарнулася». І яна не перагорнецца, «пакуль Лукашэнка не сыдзе з паляны», таму што «ён увасабляе ў сабе нявырашаны канфлікт у беларускім грамадстве».
«Пры Лукашэнку я не бачу шанцаў на прымірэнне, на поўнае пераварочванне, на змену парадку дня і гэтак далей. Я не ведаю, што павінна адбыцца, каб тая частка грамадства, якая не выйшла ментальна з 2020 года, стала інакш ставіцца да ўлады, да палітыкі і забылася на тое, што адбылося ў 2020-м», — даводзіць Шрайбман.
Новае шоу з Шрайбманам запусцілася на ютубе. У яго нечаканы партнёр
Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі
Шрайбман назваў краіны, якія маглі б весці перамовы з Лукашэнкам
Шрайбман патлумачыў, чым лідарства Ціханоўскай важнае для альтэрнатыўнай Беларусі
Шрайбман дае каментары толькі тым расійскім медыя, якія гатовыя за гэта данаціць Украіне
Каментары
І 5 год таму Арцем быў дзля мяне цікавы і зараз ..
Яго умовы аб інтэрвью дзля усходніх ..суседзей увогуле лепшы адказ.