На тэрыторыі Куйбышаўскага нафтаперапрацоўчага завода ў Самары адбыўся выбух. Пра гэта паведаміў кіраўнік камітэта Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы Аляксандр Хінштэйн.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_07/734565645-cph9s.jpg.webp)
Паводле папярэдняй версіі, на заводзе было закладзена выбуховае прыстасаванне, напісаў дэпутат. Сур'ёзных разбурэнняў, а таксама пацярпелых няма.
Пазней Хінштэйн дадаў, што меркаванага арганізатара выбуху затрымалі ў Арэнбургскай вобласці супрацоўнікі ФСБ пры спробе выехаць з Расіі. «Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманы з'яўляецца работнікам КНПЗ. Раней ён пераехаў у Расію з тэрыторыі Украіны», — напісаў дэпутат.
Як піша Baza, затрыманы працаваў на заводзе электрыкам. На камерах відэаназірання нібыта было відаць, як ён зайшоў на тэрыторыю завода з пакетам, а выйшаў без яго. Паводле версіі следства, мужчына заклаў самаробную выбухоўку памерам 20х40 сантыметраў.
Затрыманы нарадзіўся ва ўкраінскім горадзе Ізяслаў, але жыў і быў зарэгістраваны ў Цюмені, удакладняе Baza.
Куйбышаўскі НПЗ размешчаны прыкладна з 11 км ад цэнтра Самары. Завод належыць «Раснафце». На ім вырабляюць маторнае паліва і ацяпляльны мазут.
Каментары