З 25 красавіка СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску спыняе прыём перадач для зняволеных, прычына — «расфарміраванне і пераезд следчага ізалятара», паведаміла 24 красавіка праваабарончая ініцыятыва Dissidentby.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_03/00ef0000-0a00-0242-1272-08d9adafc5f6_w1597_n_r1_st_s-yowyt.jpg.webp)
Вязняў перавязуць у Магілеў і Жодзіна, а таксама ў новыя Калядзічы. Калі пачнуць прымаць перадачы і які адрас для лістоў, пакуль невядома.
Па інфармацыі dissidentby, як мінімум 42 палітычныя зняволеныя знаходзяцца на Валадарцы.
Размовы пра будаўніцтва новага будынку СІЗА пад Мінскам і перадачы Пішчалаўскага замка ў распараджэнне Менгарвыканкама, як паведамлялі медыя, вяліся яшчэ з канца 1990-х гадоў. Замак меўся быць адрэстаўраваны, а ўсё астатняе планавалася знесці. Новае СІЗА мусіла паўстаць у прамысловай зоне «Калядзічы», але ўвядзенне ў эксплуатацыю ўвесь час пераносілі.
Раней прадстаўнікі «Байпол» паведамлялі, што на будаўніцтва СІЗА-1 і рэспубліканскай агульнасаматычнай бальніцы ў 2023 годзе будзе выдаткавана больш як 52 млн рублёў (18,7 млн даляраў паводле планаванага сярэдняга курсу на 2023 год).
Каментары