Заснавальніка Symbal.by Паўла Белавуса хочуць зноў судзіць. Згодна з раскладам Мінскага гарадскога суда, справу будзе разглядаць суддзя Жанна Брысіна 29 красавіка. Працэс будзе закрытым.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_06/photo_2022-06-10_18-52-43-o62iv.jpg.webp)
На сайце Вярхоўнага суда гаворыцца, што на паседжанні будуць разглядаць «іншыя пытанні, звязаныя з прывядзеннем прысуду, вызначэння, пастановы ў выкананне», заўважыў reform.news.
Такая ж фармулёўка фігуруе ў судзе супраць палітвязняў Сяргея Ціханоўскага, Мікалая Статкевіча і Ігара Лосіка, Арцёма Сакава, Уладзіміра Цыгановіча і Дзмітрыя Папова, працэс супраць якіх прызначаны на 25 красавіка ў Гомельскім абласным судзе.
У маі 2023 года Паўла Белавуса прыгаварылі да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яму прызначылі штраф у 500 БВ і ўжылі спецканфіскацыю. Белавуса ўдады абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве, арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, закліках да санкцый, кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем. Ён прызнаны палітвязнем і адбывае тэрмін у шклоўскай калоніі №17.
Каментары