Міжнародную Букераўскую прэмію — 2023 упершыню атрымаў балгарскі пісьменнік
Балгарскі пісьменнік Георгі Гаспадзінаў стаў лаўрэатам Міжнароднай Букераўскай прэміі 2023 года. Як паведамляецца на сайце прэміі, ён атрымаў узнагароду за раман «Часасховішча» (Time Shelter).
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_05/cd98756-time-shelter-hero-8v2ek.jpg.webp)
Уручэнне ўзнагароды адбылося ў аўторак у лонданскім Sky Garden.
«Часасховішча» стала першым раманам на балгарскай мове, які атрымаў Міжнароднага Букера. У кнізе Гаспадзінава расказваецца пра клініку, якая лечыць людзей з хваробай Альцгеймера. У клініцы кожны паверх прайгравае пражытае пацыентам дзесяцігоддзе ў драбнюткіх дэталях, пераносячы яго назад у часе. Аднак неўзабаве мінулае пачынае ўрывацца ў сучаснасць.
Гаспадзінаў падзеліць узнагароду з перакладчыцай Анджэлай Родэль.
Міжнародная Букераўская прэмія (The International Booker Prize) — адна з самых прэстыжных кніжных узнагарод. Яна была заснавана як дадатак да Букераўскай прэміі ў 2005 годзе і да 2015 года ўручалася раз на два гады. Зараз уручаецца штогод за найлепшыя перакладзеныя на англійскую мову мастацкія творы.
Каментары