У 2025 годзе на базе Рады Еўропы плануюць стварыць спецтрыбунал па злачынствах у агрэсіі Расіі супраць Украіны, піша «Европейская правда» і Deutsche Welle.
У стварэнні трыбунала задзейнічана ўжо 41 краіна. Як адзначыў суразмоўца «Европейской правды», на гэтым тыдні на паседжанні эксперты зацвердзілі праект.
«Гэта фактычна трыбунал супраць Пуціна. Трыбунал будзе створаны на базе пагаднення, якое Украіна падпіша з Радай Еўропы», — растлумачыў ён.
Для стварэння трыбунала неабходна рашэнне Камітэта Міністраў Рады Еўропы. Для гэтага трэба, каб праект набраў дзве трэці галасоў. Пасля гэтага да пашыранага пагаднення змогуць далучыцца іншыя дзяржавы.
Па такім жа прынцыпе ў Еўропе ствараўся Рэестр страт ад вайны з Расіяй — сумесны праект ЕС і Украіны.
У каментары для Deutsche Welle Вярхоўная прадстаўніца ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кая Калас адзначыла, што «кожная краіна зацікаўлена ў тым, каб міжнароднае права развівалася далей, і каб існавалі дакладныя правілы для прыцягнення вінаватых да адказнасці».
«Мы не можам дапусціць, каб злачынства агрэсіі засталося беспакараным. Спецтрыбунал — гэта таксама частка ціску на Пуціна і ягоны рэжым, каб яны спынілі гэтую вайну», — сказала яна.
Каментары