Грамадства77

Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер

Аб'ём звестак, якія выцеклі, пакуль невядомы, але варта ведаць, якія рызыкі могуць вас чакаць. Таксама мы нагадваем, як дэананімізуюць карыстальнікаў Telegram і раім план комплекснага аналізу бяспекі, які можа падыйсці любому чытачу — як актывісту, гэтак і звычайнаму беларусу. Адзначым: абараніцца можна не заўжды.

Што здарылася?

Сілавікі затрымалі дзяўчыну, якая некалі мела доступ да чата, куды скідваліся паведамленні з бота «Беларускага Гаюна». У яе недзе ў паведамленнях магла захавацца спасылка на гэты закрыты чат.

Выглядае так, што суполка не чысцілася ад самага пачатку стварэння праекта. Не мянялася і спасылка, па якой можна было ўвайсці ў суполку.

Сёння раніцай акаўнт, які, мяркуючы па ўсім, належаў супрацоўніку ГУБАЗіК, увайшоў у закрыты чат рэдактараў суполкі «Беларускі Гаюн». Пасля гэтага адтуль былі выгружаныя паведамленні.

Якую інфармацыю атрымалі сілавікі?

Паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў. Прынамсі так вынікае са скрыншотаў, якія выклаў сам ГУБАЗіК.

Невядома, паспелі яны спампаваць цалкам толькі тэкставую базу паведамленняў або таксама фота і відэа, якія дасылалі чытачы «Гаюна».

Невядомы і памер спампаванай базы, то-бок, тое, колькі людзей апынуліся ў небяспецы.

Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот?

Калі ўсё будзе адбывацца гэтак жа, як і ў кейсе Чорнай кнігі Беларусі (ЧКБ), то ГУБАЗіК пачне дэананімізаваць тых, хто пісаў у бот. У выпадку з ЧКБ былі арыштаваныя і атрымалі велізарныя тэрміны дзясяткі людзей. Цалкам імаверна, што частку інфарматараў Гаюна могуць чакаць затрыманне і паказальныя суды.

Незразумела, ці будуць губазікаўцы арыштоўваць тых, хто пісаў у бот абы-што. З пары тысяч тых, хто пісаў у ЧКБ, пайшлі па справе дзясяткі чалавек — у асноўным сапраўдныя інфарматары.

Імаверна таксама, што допісы з базы ЧКБ выкарыстоўваліся для ўскосных рэпрэсій — складання базы нелаяльных грамадзян, рэпрэсій за каментары, удзел у пратэстах і гэтак далей. Але невядома, колькі такіх выпадкаў было.

Мы схільныя лічыць, што ўсе тыя, хто фігуруе ў злітых базах, запісваюцца ў агульную базу (у сілавікоў фігуравала назва «Т-Пошук»), дзе ёсць усе звесткі, якія спецслужбы здолелі здабыць пра тэлеграм-акаўнты беларусаў. Туды ж, хутчэй за ўсё, заносяцца звесткі з адкрытых чатаў, «зліўных» тэлеграм-ботаў, старыя звесткі акаўнтаў уключна з тэлефоннымі нумарамі і гэтак далей.

То-бок траплянне ў спіс тых, хто калісьці пісаў у «Беларускі Гаюн», нясе дадатковыя рызыкі пры затрыманні чалавека ў Беларусі.

Як адбываецца дэананімізацыя тэлеграм-акаўнтаў агулам?

У гэтым выпадку вялікая праблема ў тым, што сілавікам вядомыя ID тэлеграм-акаўнтаў тых, хто пісаў у бот. Гэта ключавы сродак дэананімізацыі.

ID дазваляе праверыць чалавека па розных адкрытых базах.

Мы раней правяралі, як гэта працуе — напрыклад, у нашым артыкуле пра 10 выпадковых акаўнтаў са зліву Чорнай кнігі Беларусі. Тады мы дэананімізавалі 9 з 10 выпадковых акаўнта, а па апошнім знайшлі шмат ускосных звестак.

ID акаўнта не змяняецца, пакуль існуе акаўнт. Гэта жа працуюць усе астатнія сацсеткі, напрыклад, фэйсбук або інстаграм. Такім чынам, адзіны варыянт «знішчыць» ID — гэта выдаліць акаўнт.

Калі вы адміністратар закрытага чата, то забараніце капіраванне і перасыланне з суполкі, не дазваляйце новым карыстальнікам праглядаць гісторыю, дэактывуйце ўсе запрашальныя спасылкі. Пільна сачыце за тым, каб запрашальныя спасылкі не дзейнічалі бестэрмінова.

Калі вас запрасілі ў закрыты чат, то адразу пасля ўваходу выдаляйце запрашальную спасылку. Калі адміністратар забудзецца яе дэактываваць, то пры вашым затрыманні ці ўзломе акаўнта ў чат могуць увайсці спецслужбы ці махляры.

Што рабіць тым, хто пісаў у бот «Гаюна»?

Калі вы пісалі ў бот, то ёсць некалькі варыянтаў.

Пад добра абароненым акаўнтам у гэтым артыкуле мы разумеем акаўнт, створаны на небеларускі нумар, які не ўтрымлівае і ніколі не ўтрымліваў вашых асабістых звестак (няма фота, вы не пісалі нічога асабістага ў чаты, не дасылалі фота і гэтак далей), а таксама з малой імавернасцю мог трапіць у кантакты затрыманых людзей пад вашым уласным імем.

Вось, якія кейсы мы выдзелілі:

  1. Вы за мяжой і зусім не перажываеце за вашу дэананімізацыю. Тады можаце нічога не рабіць.
  2. Вы лічыце, што ваш акаўнт добра абаронены і вы заўжды прымалі моцныя захады бяспекі, але вы ў Беларусі. Тады варта выдаліць акаўнт у тэлеграме. Гэта не дае 100% гарантыі ад дэананімізацыі, але зробіць яе значна менш імавернай.
  3. Вы за мяжой, але перажываеце за бяспеку сваякоў і маёмасць. Тады дакладна варта перастварыць акаўнт. Калі пры гэтым вы ўпэўненыя ці амаль упэўненыя, што ваш акаўнт абаронены дастаткова добра, то рызыка вашай дэананімізацыі дастаткова нізкая. Але не нулявая.
  4. Вы не памятаеце, як быў абаронены ваш акаўнт раней і перажываеце за сваю бяспеку. Калі вы ў Беларусі ці вяртаецеся ў яе час ад часу, то вы ў групе вялікай рызыкі. Рызыка асабліва вялікая, калі вы дасылалі каштоўную інфармацыю. У любым выпадку мы раім вам паспрабаваць згадаць, ці выдавалі вы пра сябе нейкія звесткі і выдаліць тэлеграм-акаўнт. Пасля гэтага ўзважце магчымыя рызыкі і вырашайце, сыходзячы з іх.
  5. Калі вы ў Беларусі або ездзіце туды, і ваш акаўнт ніяк не абаронены. То-бок у вас не схаваны тэлефонны нумар, на акаўнце стаіць уласнае фота ці вы дэананімізавалі сябе ў чатах. Тады адзіны надзейны варыянт — гэта эвакуацыя (або невяртанне ў Беларусь).

Амаль для ўсіх выпадкаў мы раім выдаліць акаўнт у тэлеграме, каб выдаліўся ваш ID. Гайд па перастварэнні тэлеграм-акаўнтаў — тут.

У «Байсол» працуе гарачая лінія для тых, хто пачувае сябе ў небяспецы. Не саромейцеся карыстацца гэтай магчымасцю.

Таксама мы вельмі раім зрабіць комплексную рэвізію бяспекі вашых акаўнтаў і сацсетак. На нашым сайце ёсць шмат якасных гайдаў на гэтую тэму, хоць, вядома, яны не даюць 100% абароны.

На што звярнуць увагу? План комплекснай рэвізіі бяспекі

Гэта патрабуе часу, але варта таго, асабліва калі вы ў Беларусі і ніколі раней такога не рабілі. Гэта зойме пару гадзін (калі вы валодаеце смартфонам на пачатковым узроўні, то болей).

Большасць нашых гайдаў сканцэнтраваныя на бяспецы смартфонаў, але ў нашых планах напісаць вялікі гайд пра настольныя камп'ютары.

Спачатку сядзьце і прааналізуйце, дзе вашы ўразлівыя месцы. Падумайце, якія аспекты вы маглі не ўлічыць і чым гэта будзе пагражаць — напрыклад, вы забыліся прагледзець фота ў Google Photos, гадамі гэта адкладалі. Мы раім рабіць такі агляд на рэгулярнай аснове, плануючы час на гэта загадзя.

Для таго, каб звярнуць увагу на канкрэтныя аспекты, у нас ёсць гайды. Вам не варта машынальна праходзіцца па ўсіх. Прааналізуйце, у якіх сацсетках, месенджарах ці акаўнтах можа быць схаваная інфармацыя, якая можа пагражаць вам небяспекай — напрыклад, затрыманнем, крымінальнай справай ці рэпрэсіямі супраць блізкіх.

Звярніце ўвагу на Telegram. У вялікім гайдзе мы пісалі пра тое, як агулам сілавікі знаходзяць беларусаў у тэлеграме. Асобна мы пісалі пра тое, як вычысціць тэлеграм-боты. Яшчэ тлумачылі, чаму выдаленне акаўнта не заўжды ратуе ад рэпрэсій. А таксама як працуюць боты сілавікоў і чаму ў іх не варта пісаць нават дзеля жарту.

Перайдзіце да месенджараў. Мы пісалі гайд па тым, як іх чысціць. Таксама наладзьце ў іх двухфактарную аўтэнтыфікацыю — вось нашы гайды для Viber ды WhatsApp. Асобна мы пісалі пра Signal, дзе, дарэчы, ужо ёсць магчымасць схаваць нумар (на момант напісання артыкула яе не было), а таксама пра Element.

Пачысціце сацсеткі. Вось наш гайд па ачыстцы Instagram, а тут — па іншых сацсетках. Асобна мы пісалі пра лайкі ў сацсетках. Звярніце ўвагу і на бяспеку ў TikTok ды Tinder. Яшчэ адзін гайд мы прысвяцілі таму, як надзейна выдаліць Facebook-старонку. У нас няма гайдаў па Twitter і Linkedin, але яны таксама папулярныя ў Беларусі.

Праверце ваш гугл-акаўнт. Тут ёсць вялікі гайд па самім акаўнце, а тут — па Google Photos, у якіх могуць застацца фоты, пра якія вы забылі. Таксама пачысціце ваш YouTube. Звярніце ўвагу і на Google Play ды Google Docs.

Пераглядзіце і пачысціце фота ў вашых смартфонах. Вось наш гайд па тэме.

Троху пра ачыстку інфармацыі на камп'ютары ды здымных носьбітаў ёсць тут.

Таксама мы публікавалі гайды ды агляды па розных сітуацыях, датычных бяспекі. Напрыклад, як падрыхтавацца да прыходу сілавікоў (фізічная бяспека ў тым ліку), як бяспечна чытаць незалежныя СМІ, як абыходзіць цэнзуру ды быць гатовым да блакіровак, як тлумачыць правілы бяспекі старэйшым, як даказваюць удзел беларусаў у пратэстах і як зменшыць рызыкуякія месенджары бяспечныя і як гэта зразумець, як пачысціць тэлефон пры пераходзе мяжы, як зразумець, што вы ў небяспецы, калі вы ахвяравалі ў фонды, каго садзяць за данаты, а каму прапануюць адкупіцца і гэтак далей.

Па некаторых тэмах, сервісах і рызыках мы не пісалі гайдаў — усе рызыкі ўлічыць немагчыма. Таму вельмі важны момант вашага ўласнага аналізу. Падумайце, у якіх яшчэ воблачных сервісах, месенджарах ды акаўнтах могуць захоўвацца рэчы, якія пры затрыманні пацягнуць за сабой рэпрэсіі адносна вас ці вашай сям'і.

Калі ў вас ёсць нейкі запыт ці пытанне па бяспецы, то пішыце яго ў каментары або на наш e-mail ([email protected]). Калі ў нас ужо ёсць матэрыял на тэму, то мы скінем у адказ спасылку на яго, а калі не, то створым такі матэрыял.

Мы зрабілі гэты артыкул з дапамогай ініцыятывы Cyberbeaver. Яны прапануюць кансультацыі па бяспецы ў розных накірунках. Для гэтага звяртайцеся да іх у бот. Свае кансультацыі прапануе таксама ініцыятыва «Лічбавая апора» — сумесны праект фонда Краіна для жыцця і ініцыятывы АПІРА.

Каментары7

  • телега
    05.02.2025
    самая безопасная говорили они......
  • joy
    05.02.2025
    Лепей за ўсё выехаць адразу за мяжу, а не слухаць тых, хто рэкамендуе вам застацца, як было ў маім выпадку. У маім выпадку застацца мне рэкамендавалі нават праваабаронцы Вясны. Памятайце, што часта людзі, якія супакойваюць вас і рэкамендуюць застацца, маюць у гэтым свой асабісты інтарэс (як было ў маім выпадку). Паверце, страчаная маёмасьць і асабістае жыцьцё ў Беларусі ня вартыя таго, каб было страчана вашае здароўе і паламаны лёс.
  • ДИН
    05.02.2025
    А Столько возьмёт на себя ответственность или уедет на какую Кубу? Денег то у него хватает)

Спасылку на бот «Гаюна» сілавікі знайшлі на тэлефоне затрыманай актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі20

Спасылку на бот «Гаюна» сілавікі знайшлі на тэлефоне затрыманай актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

У цэнтры Рыгі з'явіўся помнік шэраму кату з мультфільма, што прэтэндуе на «Оскар»3

Чыноўнікі рэкамендуюць бізнэсу скараціць колькасць надпісаў на замежных мовах на шыльдах20

«У ГУЛАГу ўвогуле не было рахункаў за ацяпленне». У сеціве спрачаюцца пра ролік, дзе паляк хваліць танную беларускую камуналку8

У Мінску запрацаваў першы паштамат СДЭК3

У Бабруйску здаюць элітную кватэру, дзе ўнітаз знаходзіцца на кухні — кажуць, рамантычна11

Пад Карэлічамі відавочцы выратавалі ястраба-перапёлачніка

Беларускі футбаліст будзе гуляць у чэмпіянаце Нідэрландаў

Зяленскі сказаў, што гатовы сесці за стол перамоваў з Пуціным, калі гэта прынясе мір

Швед назваў, колькі палітвязняў атрымалі ад яго камісіі адмовы ў памілаванні4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Спасылку на бот «Гаюна» сілавікі знайшлі на тэлефоне затрыманай актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі20

Спасылку на бот «Гаюна» сілавікі знайшлі на тэлефоне затрыманай актывісткі, якая працяглы час хавалася ў Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць