«У ГУЛАГу ўвогуле не было рахункаў за ацяпленне». У сеціве спрачаюцца пра ролік, дзе паляк хваліць танную беларускую камуналку
У сацсетцы Х з'явіўся ролік, які, як сцвярджаецца, зняў паляк, які жыве ў Беларусі з сям'ёй. Ён дэманструе снежаньскую жыроўку за дом плошчай 250 квадратных метраў. Яна павінна ўразіць яго суайчыннікаў нізкімі тарыфамі, піша Most.
— Сёння [раскажу] аб рахунках за камуналку, адразу даю рахунак за святло — 300 кВт, да аплаты 76 рублёў, або каля 90 злотых, Перыяд — месяц. Вада плюс [вываз] смецця — 11 рублёў, або каля 13 зл. Ну і газ, на якім гатуем і якім ацяпляем, рахунак [на] 175 рублёў, або каля 200 зл. Дом на 250 метраў, трое дзяцей, пралка і пасудамыйка працуюць кожны дзень, — піша на польскай мове аўтар роліка.
Акрамя таго, ён дадае, што вугаль у Беларусі каштуе каля 300 злотых за тону. І задаецца пытаннем: «А па якім кошце ў нас патрыятычны вугаль?»
Polak, który mieszka na Białorusi pokazał swój rachunek za media w domu o powierzchni 250mkw. Dodał też, że mają węgiel po 300zł za tonę.
W komentarzach ludzie wspominają, że w Polsce takie ceny były jakieś 30 lat temu i dyskutują, czy tamtejsze koszty można przeliczać na… pic.twitter.com/W76y0zEzWM
«Дорага каштуе нам Еўракалгас»
Ролік выклікаў спрэчкі. Сярод каментатараў былі тыя, хто пагадзіўся, што ў Беларусі сапраўды лепш, чым у Польшчы.
«Група знаёмых выехала 5-8 гадоў таму ў Беларусь. Гавораць, жыць не тужыць. <…> Калі Туск упусціць мусульман і аддасць Польшчу Украіне, нам, палякам, не будзе чаго тут шукаць», — напісаў адзін з іх.
«[Дорага] каштуе нам Еўракалгас з кліматычнымі экавар'ятамі», — абурыўся іншы.
«А мы маем выдатны Еўразвяз, які адбірае ў нас грошы, каб даць іх нелегальным імігрантам. Дзякуй за ЕЗ», — напісаў яшчэ адзін каментатар.
«Калі там так добра, чаму да нас столькі беларусаў прыехала?»
Многія карыстальнікі тым не менш не падзялілі захапленне аўтара. Вось некаторыя іх каментары.
«Так, але там даход каля 1000 злотых (каля 800 рублёў — Рэд.). Шмат плацяць!»
«Доктар там зарабляе на нашыя каля 2000 злотых (каля 1600 рублёў — Рэд.). Доктар!»
«Гэта прапаганда. У мяне працуюць дзве дзяўчыны з Беларусі. Кажуць, калі пералічыць на злотыя, заробкі там у шэсць разоў меншыя. Цэны прадуктаў падобныя, [у Беларусі] таннейшыя не ў разы, а на некалькі працэнтаў, жыллё ў два разы таннейшае, але зноў жа — заробкі ў шэсць разоў ніжэйшыя».
«Калі там так добра, дык чаму да нас столькі іх [беларусаў] прыехала жыць і працаваць? Чаму палякі туды не эмігруюць?»
«Я лічу, што дарога адкрытая. Можна, калі нехта лічыць, што там так цудоўна, пераехаць у Беларусь».
«У ГУЛАГу ўвогуле не было рахункаў за ацяпленне».
«А свабода слова па колькі?»
Каментары
Бо камуналка такая, што (грэх казаць) некаторым людзям хоць у пятлю лезь... І, маю падставы так лічыць, так склалася не без нахабнага сьпекулянцтва, непрадыктаванага эканамічнымі разьлікамі, але выключна чорнай спажывай.
Але так паўсюль, і ў Беларусі таксама, не камуналкай, дык чым іншым знойдуць, як кішэні людзям падчысьціць... Яны ж манітораць колькасьць наяўных грошаў на руках у людзей, грашовыя сродкі на банкаўскіх рахунках, і разрахоўваюць сілу, зь якой будуць гнуць чалавека ў бараноў рог, каб дачасна не зламаць яго зусім, але й жыцьця ня даць, каб, як і вавёрка, у коле бег, але й спыніцца магчымасьці ня меў, покі апошнюю кроплю зь яго ня выціснуць, а тады ўжо з "пашанай" праводзяць...