Песня, якая вірусіцца ў беларускім тыктоку, аказалася саўндтрэкам да прапагандысцкага серыяла пра вайну
Рамантычныя відэа ў беларускім тыктоку цяпер модна запісваць пад песню «Самалёты». Яна з шалёна папулярнага расійскага серыяла, які рамантызуе вайну. Дарэчы, там жа гучаць некалькі песень беларускага гурта NEMIGA.
Серыял «Ландышы. Такое пяшчотнае каханне» выйшаў у Расіі ў першы дзень 2025 года. На постары ружовае воблачка-сэрца, пасярэдзіне бесклапотна ўсміхаецца дзяўчына з гітарай. За ёй два сур’ёзныя маладыя хлопцы (побач з адным з іх праваслаўная царква, побач з іншым — лонданскі Біг-Бэн).
«Нейкая рамантычная камедыя», — хутчэй за ўсё, падумае сярэднестатыстычны глядач. А потым прачытае ў апісанні, што гэта яшчэ і мюзікл.
Песень у серыяле сапраўды шмат. Многія з іх завірусіліся ў сацыяльных сетках, асабліва песня «Самалёты» расійскага спевака Жэні Трафімава.
І гэта дапамагае стваральнікам серыяла выконваць галоўную задачу — рамантызаваць вайну супраць Украіны, якую расійскія СМІ імкнуцца схаваць за сціплымі літарамі «СВА».
Фінансаваў здымкі Інстытут развіцця інтэрнэту, які апошнія гады не шкадуе грошаў на ваенную прапаганду.
Сюжэт расійскага серыяла пачынаецца ў Вялікабрытаніі. Каця Арлова, дачка рускага мільярдэра, жыве ў Лондане. Яна збіраецца замуж, але яе не вельмі разумны жаніх вырашае здрадзіць дзяўчыне на борце прыватнага самалёта.
Сэрца разбіта, Каця вырашае збегчы ад былога каханага. Дзейнічае амаль што па схеме «чамадан-вакзал-Расія» — і трапляе ў Волагду. Там дзяўчына пускаецца ва ўсе цяжкія ў начным клубе і знаёміцца з танкістам Лёхам.
Той прапаноўвае бараніць Кацю ад былога жаніха. Каб дзяўчына магла жыць у вайсковай часці, ім трэба аформіць шлюб. Сказана — зроблена. Але Каця лічыць шлюб фармальным, а Лёха кажа, што яму недастаткова быць фіктыўным мужам, ён хоча сапраўдных адносін.
Ну а далей — вайна. У канцы першага сезона Лёха едзе ва Украіну забіваць людзей і раптам знікае. Каця ж месца сябе не находзіць. Яна пачынае пець у гурце «Ландышы» разам з іншымі «жонкамі афіцэраў». Дзяўчына дамагаецца таго, каб ім дазволілі паехаць на «спецыяльную вайсковую аперацыю» падбадзёрваць расійскіх салдат. Хоча адшукаць свайго псеўда-мужа, бо раптам зразумела, што закахалася ў яго.
Расійскія тыктокеры проста ў захапленні ад сюжэту і галоўных герояў. Дзяўчаты распавядаюць, што ім патрэбныя выключна такія хлопцы, як той Лёха. Ну і, канечне, трэкі з прапагандысцкага серыяла запоўнілі сацыяльныя сеткі.
Дарэчы, у серыяле «Ландышы. Такое пяшчотнае каханне» гучаць тры песні беларускага гурта NEMIGA — гэта «Нет печали», «Белым» і «Молодость». Самі артысты выкладваюць відэа з серыяла на сваёй старонцы ў інстаграме.
Рэйтынг серыяла «Ландышы. Такое пяшчотнае каханне» на расійскім сэрвісе «Кінапошук» — 8,4 бала, ён трапіў у спіс самых папулярных.
Каментары