Выкладчыкаў ужо выклікаюць на гутаркі. Змены ў Ліцэі БДУ могуць чакаць і абітурыентаў.
Учора «Белсат» паведаміў, што ў Ліцэі БДУ могуць пачацца масавыя звальненні. Адна з крыніцаў выдання расказала, што новы супрацоўнік КДБ, адказны за ліцэй, «плануе звольніць 30 асобаў, усіх пужае».
«Нашай Ніве» стала вядома, што да Ліцэя дайшлі білінгі за 16 жніўня 2020-га. У той дзень быў нядзельны марш на Стэле ў Мінску.
«З гэтай нагоды з бальнічнага выйшаў нават намеснік дырэктара па рэжыме бяспекі і кадрах. Да яго ў кабінет выклікалі тых, хто быў на Стэле ў той дзень. Пра што канкрэтна вялася гаворка за зачыненымі дзвярамі, я не ведаю, але, хутчэй, тым супрацоўнікам паведамілі, што яны не змогуць працаваць пасля заканчэння кантракту. Гэта версія можа быць цалкам імавернай.
Стаяла ў чарзе на размову шмат людзей, таму рэзка ўсіх звольніць не атрымаецца. Звальненне па заканчэнні кантракта дазволіць паступова аднаўляць штат супрацоўнікаў, набіраць лаяльных да ўлады і з незаплямленай рэпутацыяй, а таксама забяспечыць бесперапынную працу Ліцэя БДУ.
У дадатак трэба адзначыць, што дагэтуль праводзіліся індывідуальныя гутаркі з тымі з супрацоўнікаў Ліцэя БДУ, якія ў 2020 годзе ставілі подпісы за альтэрнатыўных кандыдатаў. Гэта ізноў-такі група рызыкі ў сучасных умовах», — паведаміла абазнаная крыніца, якая знаёма з сітуацыяй ў Ліцэі БДУ.
Колькі выкладчыкаў могуць трапіць пад звальненні, крыніцы «Нашай Нівы» не вядома.
Пэўныя змены могуць чакаць таксама абітурыентаў.
Распрацоўваецца дамова з будучымі абітурыентамі Ліцэя БДУ, на падставе якой, пасля навучання там трэба будзе абавязкова ісці ў БДУ па мэтавым наборы.
«Гэта дазволіць павялічыць колькасць выпускнікоў Ліцэя, якія паступаюць у БДУ, да 100%. Да 2021 года гэты паказчык штогод складаў каля 60%, а ў 2021 упаў да 40% ад агульнай колькасці выпускнікоў Ліцэя.
У выпадку непаступлення ў БДУ, выпускніку трэба будзе кампенсаваць кошт адукацыйных паслуг нададзеных падчас навучання ў Ліцэі. Пакуль юрыдычнага механізму рэалізацыі такой пастановы няма, але праца ідзе», — расказала крыніца.
Ліцэй БДУ традыцыйна гуртаваў вакол сябе адукаваную і крытычна думаючую моладзь. Але пасля 2020-га ідэалагічны кантроль узмацніўся і там.
Летась на лінейку ў Ліцэй БДУ прыслалі намесніка начальніка КДБ. У сваёй прамове ён расказваў пра Фелікса Дзяржынскага, як той «шмат добрага зрабіў для дзяцей, заснаваў службу, нашчадкам якой з'яўляецца КДБ, выратаваў вялікую колькасць жыццяў».
А пазней Ліцэй разам з КДБ праводзіў культурна-патрыятычны конкурс «Першыя сярод роўных». У адной з намінацый канкурсантаў прасілі намаляваць комікс аб жыццёвым шляху і дзяржаўнай дзейнасці Фелікса Дзяржынскага.
Каментары
P.S. памятаю як на фізру да нас завітваў кдбшнік, што сачыў, каб ніхто нічога не зрабіў з Настай лукашэнкай. Я глядзеў на яго, пакуль той сядзеў на брусах, і спрабаваў яго зразумець. Але так і ня змог.
P.P.S. Ня буду пералічваць настаўнікаў, але ведаю што яны гэта чытаюць. Калі гэта ўсё скончыцца, вярнуся да Беларусі, завітаю да кожнага і па-сапраўднаму аддзячу. А пакуль трымайцеся, даражэнькія!