Аляксандр Лукашэнка 19 кастрычніка падпісаў указ аб ліквідацыі папраўчай калоніі №5 у Івацэвічах. Дакумент апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_10/449929_900-e1697892999887-tw3ru.jpg.webp)
Калонію, якая належыць упраўленню Дэпартамента выканання пакаранняў МУС па Брэсцкай вобласці, ліквідуюць «у мэтах аптымізацыі структуры папраўчых устаноў і лячэбна-працоўных прафілакторыяў». Так, згодна з указам аб ліквідацыі папраўчай установы, на яе месцы плануюць стварыць лячэбна-працоўны прафілакторый.
Цяпер МУС павінна за тры месяцы ліквідаваць ПК-5 і зарэгістраваць на яе месцы ЛПП-8. Прафілакторыю перададуць усю маёмасць калоніі. Таксама ведамства павінна зацвердзіць структуру і штатны расклад ЛПП.
Цяпер у папраўчай калоніі ў Івацэвічах адбываюць пакаранне, паводле сайта праваабарончага цэнтра «Вясна», сямёра палітвязняў: Антон Баброў, Аляксей Сямёнаў, Аляксандр Францкевіч, Аляксандр Аўдзяюк, Ілля Дубскі, Павел Беленік і Павел Пяскоў.
Лячэбна-працоўны прафілакторый, які хочуць адкрыць на месцы калоніі, займаецца прымусовай ізаляцыяй і медыка-сацыяльнай рэадаптацыяй з абавязковым прыцягненнем да працы грамадзян, хворых на хранічны алкагалізм, наркаманію або таксікаманію.
Каментары