Два турысты з Беларусі вырашылі ноччу падняцца на вяршыню гары Рысы ў Высокіх Татрах на мяжы Польшчы і Славакіі. Але пры гэтым да справы падышлі крайне легкадумна і не ўзялі з сабой ніякага альпінісцкага рыштунку. У выніку здарыўся няшчасны выпадак, адзін з турыстаў атрымаў цяжкія траўмы, піша Onet.pl.
Здарэнне адбылося 4 лютага прыблізна ў 3:50 паводле польскага часу (5:50 паводле беларускага). Двое беларускіх турыстаў выклікалі ратавальнікаў з просьбай аб неадкладнай дапамозе. Паводле іх слоў, адзін з іх сарваўся са стромкага схілу і праляцеў 300 метраў уніз.
Як паведаміла Gazeta Krakowska, ратавальнікі адразу ж выехалі на месца здарэння. Прыбыўшы, яны аператыўна аказалі першую дапамогу пацярпеламу, стан якога быў вельмі цяжкі. Беларусу спатрэбілася тэрміновая эвакуацыя.
Паводле інфармацыі ратавальнікаў, мужчыну на верталёце даставілі ў шпіталь у Закапаным. Другога турыста правялі да прытулку.
Ратавальнікі адзначаюць, што гэтага няшчаснага выпадку можна было б пазбегнуць, калі б турысты паводзілі сябе адказна.
Яны былі цалкам непадрыхтаваныя да такой складанай вандроўкі, не маючы пры сабе неабходнага рыштунку — касак, кошак і ледарубаў. І гэта пры тым, што ў гарах былі цяжкія ўмовы надвор'я.
Гара Рысы, размешчаная на польска-славацкай мяжы ў Высокіх Татрах, мае тры вяршыні, з якіх самая высокая — сярэдняя — знаходзіцца на тэрыторыі Славакіі (2501 м), а паўночная з'яўляецца самым высокім пунктам Польшчы (2500 м).
Каментары