Дзяўчына 10 гадоў жыве ў Беларусі і захапляецца кулінарыяй. А ў фінале гатавала салянку.
Венесуэлка з Беларусі Кайла Пінеда атрымала перамогу ў кулінарным шоу «Бітва шэфаў» у Маскве, спадабаўшыся абодвум вядомым шэф-кухарам — яго вядоўцам Канстанціну Іўлеву і Рэнату Агзамаву, піша «Камсамолка».
Журналістка Кайла Пінеда дзесяць гадоў таму пераехала ў Беларусь з Венесуэлы, сустрэўшы свайго мужа-берасцейца. У сваім блогу дзяўчына распавядае пра жыццё ў Беларусі, а таксама пра знаёмства з цалкам новай для сябе кухняй. Менавіта любоў да кулінарыі прывяла яе на кулінарнае шоу «Бітва шэфаў» на расійскім канале «Пятніца».
Перамога на «Бітве шэфаў»
Беларуская венесуэлка змагалася ў 19-м выпуску 4-га сезона папулярнага тэлепраекта. На «Бітве шэфаў» Кайла прадставіла Канстанціну Іўлеву і Рэнату Агзамаву арэпу — кукурузныя аладкі з начыннем з ялавічыны, сыру і соусу «Васакака». Дзяўчына патлумачыла, што ў Венесуэле гэта страва традыцыйна падаецца на сняданак.
Іўлеў прызнаўся, што соус яму «не зайшоў», бо гэта не яго густ, але сама кукурузная булачка вельмі спадабалася.
— Я скажу вам «так», бо гэта смачна, — адзначыў Канстанцін.
Другому шэфу, Рэнату Агзамаву, вельмі спадабалася мяса.
Падчас гатавання фланьярда Іўлеў адзначыў мінус у тым, што груша не была ачышчана ад скуркі, але само цеста ён лічыць вельмі арыгінальным. Шэф Агзамаў, даведаўшыся пра выкарыстанне рому, пажартаваў, што беларускую ўдзельніцу трэба было пакідаць у сваёй камандзе.
Дзякуючы станоўчым ацэнкам абодвух шэфаў Кайла прайшла ў другі этап. У ім шэфы памяняліся камандамі, каб даць заданне і ацаніць стравы супернікаў. Удзельнікі павінны былі паўтарыць стравы, якія яны каштавалі з завязанымі вачыма.
Каманда Рэната Агзамава гатавала грыбны суп-капучына ад Іўлева, а іншай камандзе дасталіся кексы фінансье — міні-дэсерт з міндальнай мукі, папулярны ў Францыі.
Кайла выбрала каманду Іўлева, але паабяцала другому шэфу, што асобна прыгатуе для яго арэпу.
У фінале ўдзельнікі рыхтавалі аўтарскую страву з… каўбасы. Атрымаўшы заданне, Кайла збянтэжылася.
— Божа, што можна зрабіць з каўбасы? У нас у Венесуэле каўбаса не папулярная — толькі сасіскі ці тое, што можна прыгатаваць на грылі, — прызналася яна.
На гатаванне было 40 хвілін. Кайла вырашыла зрабіць салянку — першы суп, які яна прыгатавала ў Беларусі.
— У венесуэльскай кухні няма нічога падобнага да салянкі. Мы звычайна гатуем супы з ялавічыны або рэбраў і дадаем свежую кукурузу, — падзялілася яна.
У сваёй салянцы Кайла абсмажыла цыбулю і каўбаскі, дадаючы таматавую пасту і салёныя агуркі.
— Паколькі жыву ў Беларусі, я дадала бульбу — самы галоўны прадукт. Пасля дадаю ваду ў булён і чакаю, пакуль усе інгрэдыенты «ажэняцца» і пойдуць у мядовы месяц, — пажартавала яна.
Фінальнае выпрабаванне — сляпая дэгустацыя. Шэфы не ведалі, чыю страву каштуюць.
Канстанцін Іўлеў падкрэсліў, што салянка Кайлы добра адпавядае тэхнічнаму заданню, але заўважыў недахоп:
— О, не! Гэта не салянка, тут нават бульба ёсць! Не, ну смачна, але бульба тут зусім лішняя, — пажартаваў ён.
Агзамаў жа адзначыў:
— Незалежна ад таго, хто гэта прыгатаваў, удзельнік — малайчына.
— А можа ўдзельніца проста не ведала, што ў расійскую салянку бульбу не кладуць? — пачаў здагадвацца Іўлеў.
У выніку суддзі палічылі, што страва адпавядае заданню.
— Гэта мая беларуская салянка, але «па-венесуэльску» і з рускай душой, — сказала Кайла.
Па выніках конкурсу пераможцай «Бітвы шэфаў» стала Кайла Пінеда.
— Гэта для мяне самая лепшая перамога! І тым больш прыемна, што гэта толькі другі раз у маім жыцці, калі я гатавала салянку, — прызналася яна.
Каментары