У венскі музей «Бельведэр» звычайна ідуць, каб пабачыць «Пацалунак» Клімта. Аднак увагу беларусаў можа прыцягнуць іншая карціна. На ёй — светлавалосы мужчына ў строгім гарнітуры сядзіць у атачэнні кніг. Вельмі падобны да Янкі Купалы. Хто гэты двайнік?
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_01/2221532x-v7omk.jpg.webp)
Нягледзячы на падманлівае знешняе падабенства, мужчына на партрэце не быў сваяком беларускага паэта.
Гэта доктар Хуга Колер. Аўстрыйскі прамыслоўца і аматар мастацтва, які жыў у 1867-1949 гадах. Ён меў ступень доктара філасофіі і медыцыны. Колер сабраў калекцыю старых кніг і гравюр — у такой абстаноўцы ён і быў адлюстраваны на партрэце.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_01/-rp2mq.jpg.webp)
Жонкай Колера была яўрэйская мастачка Бронсія Пінелес. Сям’я прамыслоўца ў розныя гады жыла ў Вене, Зальцбургу, Нюрнбергу. А пасля смерці цесця Колер пераехаў у яго маёнтак у Абервальтэрсдорфе. Там ён з жонкай прымаў мастакоў.
Лічыцца, што Колер пабудаваў першую ў ніжняй Аўстрыі электрастанцыю (у 1897 годзе, для фабрыкі свайго цесця). У 1916-м ён увайшоў у кіраўніцтва электрахімічных заводаў у Брэславе (цяперашнім Уроцлаве).
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_01/5154-p2jp8.png.webp)
Дзеці доктара Хуга абралі творчыя прафесіі: сын Руперт быў дырыжорам опернага тэатра, а дачка Сільвія пайшла па слядах маці і стала мастачкай.
Аднак сапраўдная зорка партрэта доктара — яго мастак.
Эган Шыле, адзін з галоўных творцаў Вены і, бадай, такая ж значная постаць для аўстрыйскай культуры, як Купала для беларускай.
Шыле гасцяваў у сям’і доктара і нават даваў урокі Сільвіі Колер. Эган быў адным з чальцоў Венскага сэцэсіёна — аб’яднання аўстрыйскіх мастакоў, якія супрацьпастаўлялі сябе акадэмічнаму мастацтву.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_01/egon_schiele_-_self-portrait_with_physalis_-_google_art_project-t1qv4.jpg.webp)
Пад сваё крыло яго ўзяў Густаў Клімт. Калі Клімт памёр, Шыле павінен быў стаць галоўным мастаком Вены. Але лёс склаўся трагічна. Цяжарная жонка Шыле памерла ад іспанкі ў 1918 годзе. А праз тры дні эпідэмія забрала жыццё і самога мастака, якому было 28 год.
«За гэтыя тры дні ён паспеў намаляваць твор «Сям’я», дзе адлюстраваў сябе, жонку і ненароджанае дзіця. Гэта ўвасабленне болю ўсяго чалавецтва таго часу — заканчваецца вайна, здаецца, што ўсё будзе добра, — і ўсё абрываецца», — разважае Мікіта Моніч.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_01/egon_schiele_014-j1hgw.jpg.webp)
Эган Шыле — нетыповы экспрэсіяніст.
«Экспрэсіянізм звычайна больш жывапісны — фарба грае вялікую ролю (як, напрыклад, у Суціна). У той час як Шыле — гэта лінія і фантастычная кампазіцыя. Гэта тое, што гіпнатызуе ў яго творах. Ягоная лінія быццам не можа застацца роўнай праз эмоцыі, якія б’юць цераз край», — заўважае Мікіта Моніч.
Боль у творчасці Шыле — адбітак ягонай жыццёвай гісторыі. Бацька мастака памёр ад пранцаў, калі Эгану было 15. Маці неўзабаве пасля гэтага выйшла замуж, і Шыле, якога з сястрой пакінулі на выхаванне дзядзі, лічыў, што тая не любіць яго.
Каб адчуць Шыле, мастацтвазнаўца раіць, апроч карціны «Сям’я», паглядзець яго аўтапартрэты (мастак часта маляваў сябе для самапазнання) і пейзажы. Апошнія паказваюць хутчэй характар чалавека, а не прыроды — перакручанае тонкае дрэўца на адной з карцін нібы паўтарае лёс мастака.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_01/105341-pe15g.jpeg.webp)
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_01/105404-2zyfw.jpeg.webp)
Шляхі Купалы, аўстрыйскага экспрэсіяніста і спадара з партрэта не перасякаліся. Але кожны глядзіць навокал праз прызму сваёй культуры. Толькі ў вачах беларускага наведніка «Бельведэра» гэтыя постаці могуць аказацца звязанымі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары