У Польшчы ўкраінскі кіроўца аўтобуса схаваўся сярод пасажыраў, а на сваё месца хутка пасадзіў беларуса
Пад Чанстаховай транспартныя інспектары спынілі для праверкі аўтобус, які ехаў з Варшавы.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/autobus250129-e0fic.jpg.webp)
За рулём аказаўся беларускі кіроўца, але кантралёры выявілі, што ён заняў гэтае месца ўсяго некалькі хвілін таму. Увесь астатні час аўтобусам кіраваў зусім іншы чалавек, які падчас праверкі паводзіў сябе як звычайны пасажыр, піша Most.
Пра гэты выпадак распавялі ў транспартнай інспекцыі Катавіцаў.
Калі кіроўца займае месца за рулём, ён павінен уставіць сваю карту ў тахограф. Па гэтых даных інспектары і высветлілі, што беларус прыняў на сябе кіраванне толькі тады, калі заўважыў кантрольны пункт. Акрамя таго, інспектары заўважылі, што мужчына моцна нервуецца.
Рашылі апытаць пасажыраў — і так высветлілася, што з Варшавы рэйс вёў зусім іншы чалавек — грамадзянін Украіны, а беларус большую частку шляху знаходзіўся ў салоне. Спынены кіроўца цяпер сядзеў некалькімі шэрагамі далей, выдаючы сябе за звычайнага пасажыра. Відавочна, напарнікі вырашылі, што інспектары не будуць разбірацца ў сітуацыі.
Паколькі тахограф не паказваў пройдзенай адлегласці або хуткасці кіроўцы, інспектары адабралі ў беларуса правы, а таксама хацелі прызначыць штраф. Але той не пагадзіўся, мяркуючы, што за час знаходжання за рулём не парушыў правілы. Тады кіроўцу арыштавалі і даставілі ў суд, які прысудзіў яму штраф у памеры 1800 злотых (450 даляраў).
Акрамя таго, інспектары правераць і працадаўцу кіроўцаў — польскую транспартную кампанію. Яе могуць аштрафаваць на 5000 злотых (1250 даляраў).
Кіроўцы даволі часта спрабуюць схаваць рэальны час, які праводзяць за рулём. Справа ў тым, што ў Еўропе дзейнічаюць вельмі строгія нормы працы і адпачынку кіроўцаў. Але многія перавышаюць дапушчальны час працы, а працадаўцы ціснуць на супрацоўнікаў, каб тыя выконвалі больш рэйсаў. Таксама адсутнасць запісаў тахографа дазваляе схаваць парушэнні правілаў, такія як перавышэнне хуткасці або рэзкае тармажэнне.
Каментары