Грамадства

«У Еўропе рэч можа каштаваць 30 еўра, а ў нас — усе 100». Беларусы расказалі, як купляюць брэндавыя рэчы, якія не прадаюцца на радзіме

Многія папулярныя міжнародныя брэнды не прадаюць сваё адзенне ў Беларусі. CityDog.io вырашыў даведацца, як дастаюць рэдкія рэчы беларусы. Аказваецца, нехта актыўна сядзіць у тэлеграм-каналах перакупаў, іншыя дамаўляюцца з сябрамі пра пакупкі за мяжой і нават асвойваюць кітайскія маркетплэйсы.

Фота ілюстрацыйнае

Пеця, 18 гадоў, студэнт:

— З-за ўзросту я не магу дазволіць сабе траціць кучу грошай на адзенне, асабліва на брэнды тыпу Balenciaga або Louis Vuitton. Я больш захапляюся скейтэрскай культурай, таму шукаю рэчы, якія ўпісваюцца ў гэты стыль. Аднак многіх цікавых брэндаў у нас проста няма, так што даводзіцца выкручвацца.

Адзін з самых зручных спосабаў знайсці адзенне ад недаступных у Беларусі кампаній — тэлеграм-каналы перакупаў.

Цяпер у мяне ёсць некалькі правераных каналаў, дзе прадаюць, напрыклад, б/у рэчы з Польшчы. Іх папярэдне правяраюць на сапраўднасць (лігіт-чэк), а пасля перапрадаюць.

Некаторыя з гэтых каналаў я знайшоў сам, а нейкія параілі сябры — у нашай тусоўцы многія носяць падобныя рэчы і часта заказваюць іх з-за мяжы. Там людзі выстаўляюць рэчы на продаж у фармаце: «Тры пары джынсаў Armani, такія і такія памеры, такая і такая цана». Часцей за ўсё вопратку прывозяць з Турцыі ці іншых краін. У залежнасці ад прадаўца гэта можа быць як арыгінал, так і рэпліка.

Ёсць і больш «прыземленыя» каналы, дзе прадаюць рэчы, якія рэальна носяць звычайныя людзі, а не толькі школьнікі, якія ганяюцца за хайповыми брэндамі.

Раней я шукаў такія рэчы ў інстаграме, але з часам многія прадаўцы пачалі пераходзіць у тэлеграм. Чаму, дакладна не ведаю, магчыма праз праблемы з міліцыяй. Хтосьці пайшоў з гэтай сферы, але многія працягваюць працаваць.

Ёсць некалькі прыкмет, па якіх можна зразумець, што тэлеграм-канал надзейны. У інстаграме гэта зрабіць было б прасцей — там можна пачытаць каментары, напісаць водгук ці нават зладзіць нешта накшталт «бунту», калі прадавец аказаўся нядобрасумленным.

У тэлеграме такіх магчымасцяў няма, таму я арыентуюся па падпісчыкам і пытаюся меркаванне ў знаёмых. Калі хтосьці ўжо заказваў у канкрэтнага прадаўца, можна даведацца, як усё прайшло. Асабіста мне гэтага дастаткова, у мяне ёсць пяць правераных каналаў, і гэтага цалкам хапае. Калі ў адным няма патрэбнай рэчы, заўсёды можна паглядзець у іншым.

Самыя складаныя ў пошуку рэчы — тыя, якія ў нас не вельмі вядомыя. Яны не заўсёды дарагія, але знайсці іх цяжка.

Напрыклад, брэнд Independent — скейтэрскае адзенне, якое ў Еўропе каштуе каля 30 еўра. А ў нас за яго могуць прасіць 150-400 рублёў, таму што проста накручваюць кошт. Часта падобныя брэнды можна знайсці на пляцоўках накшталт Kufar, але цэны там звычайна вышэйшыя, чым у тэлеграм-каналах.

Акрамя рэдкіх рэчаў, часам я бяру і больш даступныя брэнды, напрыклад Levi's. У Беларусі яны прадаюцца і ў афіцыйных крамах, але цэны там могуць даходзіць да 600 рублёў. Калі ёсць магчымасць заказаць танней, я стараюся гэтым скарыстацца: магу, напрыклад, папрасіць знаёмых, якія едуць у Еўропу, прывезці мне.

Сур'ёзных праблем з заказамі ў мяне не было, таму што ў мяне няма завышаных патрабаванняў да рэчаў. Падробкі таксама не трапляліся — я заўсёды прашу прадаўца скінуць фота дэталяў: швы, біркі і іншае. Часам прашу зрабіць фота з двума пальцамі ў кадры ці намаляваць нешта на лісточку, каб пераканацца, што здымак не запампаваны з інтэрнэту.

У тэлеграм-каналах з праверанымі прадаўцамі такога звычайна не патрабуецца, таму што там людзі ўжо даўно займаюцца продажамі і наўрад ці стануць рызыкаваць рэпутацыяй. Выключэнне — калі чалавек вырашыць пайсці з гэтай тэмы і перад закрыццём паспрабуе кагосьці падмануць.

Яшчэ адзін спосаб падстрахавацца — накладзены плацеж. Заўсёды прашу такую опцыю, каб праверыць тавар на месцы перад аплатай. Калі прадавец пачынае выкручвацца і адмаўляецца, то я проста не купляю ў яго.

У заказе рэчаў з-за мяжы ёсць плюсы і мінусы. З мінусаў — часам даводзіцца напружваць знаёмых. Напрыклад, хтосьці едзе за мяжу, хоча прывезці рэчы для сябе, а я прашу яго ўзяць для мяне пару футболак. Гэта займае месца і стварае нязручнасці. Пакуль ніхто не скардзіўся, але мне самому бывае трохі няёмка.

З плюсаў — больш магчымасцяў знайсці цікавыя рэчы. Можна нават папрасіць знаёмых нешта пашукаць пад мой стыль, і яны сапраўды знойдуць нешта крутое. Да таго ж пакупкі ў сяброў за мяжой часта абыходзяцца танней, а выбар у крамах там нашмат шырэйшы. Можна прыйсці, паглядзець рэч ужывую, зрабіць фота, а не арыентавацца толькі на карцінкі З тэлеграм-каналаў або з «Куфара».

З аплатай праблем амаль не было. У некаторых прадаўцоў ёсць беларускія карты, якія праходзяць пры аплаце. З дастаўкай складаней.

Я заўсёды дамаўляўся пра перадачу асабіста, таму што аднойчы палічыў кошт дастаўкі з Італіі, і яна аказалася занадта высокай. Пасля гэтага нават не разглядаў варыянт дастаўкі, а проста шукаў спосабы прывезці рэчы праз знаёмых.

Цяпер з'явілася шмат тэлеграм-каналаў, асабліва расейскіх, якія дапамагаюць заказваць рэчы праз кітайскі сайт Poison. Падобных беларускіх каналаў менш, але яны таксама ёсць.

Як гэта працуе: ты заказваеш тавар на Poison, але замест таго, каб прыйсці да цябе непасрэдна, ён спачатку адпраўляецца на кітайскі адрас. Там яго пакуюць і перасылаюць далей у Беларусь. Потым ужо заказ дастаўляюць табе.

Нацэнка пасярэднікаў залежыць ад катэгорыі тавару. Напрыклад, на парфумы ідзе адзін працэнт, на адзенне — іншы. Я сам так заказваў, але не непасрэдна, а праз аднаго. Ён браў сабе чаравікі, а я замаўляў кеды Vans. Атрымалася нават танней, чым калі б мы бралі ў краме, таму што аформілі дастаўку адразу на дзве пары.

Я не заглыбляўся ў дэталі, але ведаю, што гэты спосаб вельмі папулярны. Многія мае знаёмыя карыстаюцца ім, таму што ён дазваляе заказваць арыгінальныя рэчы без рызыкі нарвацца на падробку.

Наташа, 25 гадоў, менеджарка

— Калі я падарожнічаю, мне заўсёды хочацца прывезці нешта асаблівае, што нельга проста так купіць у Беларусі. Многія брэнды, якія мне падабаюцца альбо наогул не прадстаўленыя ў нас, альбо іх можна дастаць толькі праз баераў, што для мяне занадта клопатна. Мне нашмат прасцей зайсці ў краму і самой усё паглядзець.

Я не складаю спісы абавязковых крам перад паездкай, але па факце заўсёды заглядаю ў месцы, якія мне падабаюцца.

Напрыклад, я люблю крамы Bath & Body Works. Упершыню я зайшла ў такі ў Дубаі, потым была ў Тайландзе. Абажаю сам працэс прагулак па іх крамах: тэставаць водары, спрабаваць тэкстуры — кайф. Тым больш у нас гэты брэнд не дастаць.

Мне падабаецца адчуванне, што я купіла нешта сама, у іншым горадзе ці краіне, прывезла гэта дадому. Гэта дадае куплі каштоўнасці. А калі нешта можна купіць у любы момант, знікае гэты асаблівы момант радасці.

Напрыклад, я хацела купіць у Дубаі сумку Karl Lagerfeld або Hugo Boss, але аказалася, што яна там даражэйшая, чым на Lamoda, нават з вяртаннем Tax Free. У выніку я проста заказала сумку ад Hugo Boss анлайн.

Што тычыцца больш дарагіх брэндаў накшталт Louis Vuitton — у многіх з іхніх буцікоў няма цэннікаў. Там ты спачатку ўлюбляешся ў рэч, а потым бачыш, што яна каштуе 3000 еўра, і такая: «Акей…»

У гэтым ёсць свой плюс — спачатку ты выбіраеш душой, а потым ужо думаеш, як упісаць гэта ў свой бюджэт. Такі працэс шопінгу здаецца мне больш усвядомленым.

Загадзя бюджэт на канкрэтныя рэчы перад паездкай я не планую. Проста адкладаю пэўную суму, якую дакладна хачу выдаткаваць на якую-небудзь класную шмотку ці іншы цікавы сувенір.

Каментары

Белыя ды чырвоныя кветкі і мора слёз. Як у Вільні сустракалі Паліну Шарэнду-Панасюк8

Белыя ды чырвоныя кветкі і мора слёз. Як у Вільні сустракалі Паліну Шарэнду-Панасюк

Усе навіны →
Усе навіны

На трасе Мінск — Брэст цягнік збіў мікрааўтобус

Ціханоўская: «Апошні раз я чула голас мужа чатыры гады таму». Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў рэжыме інкамунікада 700 дзён13

Праз спешку ЦРУ зліло імёны сваіх маладых супрацоўнікаў, на якіх палююць кітайскія спецслужбы4

Беларуская палітычная эмігрантка ляцела ў Грузію на самалёце, які экстранна пасадзілі ў Іране8

Беларуску без тлумачэння прычын знялі з рэйса ў мінскім аэрапорце і адправілі ў РУУС6

Справа Паўла Дурава дойдзе да суда не раней чым праз год

45-гадовую мінчанку асудзілі па трох палітычных артыкулах. Вось у чым яе вінавацілі1

Самы сапраўдны кот працуе ў беларускім музеі ФОТАФАКТ1

У Польшчы абвясцілі ў вышук беларускую шпіёнку6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Белыя ды чырвоныя кветкі і мора слёз. Як у Вільні сустракалі Паліну Шарэнду-Панасюк8

Белыя ды чырвоныя кветкі і мора слёз. Як у Вільні сустракалі Паліну Шарэнду-Панасюк

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць