Гэта чарговы інцыдэнт такога толку. Вінаватых у ранейшых дагэтуль не знайшлі.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2025_01/1-q3k39.jpg.webp)
На будынку ЕГУ невядомы чырвонай фарбай напісаў «Беларускім універсітэтам можа кіраваць толькі беларус!» і «Вільня наша!»
«У надпісы заўважна, што ў слове «толькі» замест «і» спачатку была напісана «о», а ў слове «кіраваць» пяцелька ў літары «ц» выглядае як пяцелька ў літоўскай «ų», — расказаў «Нашай Ніве» чытач.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_01/2-peh8w.jpg.webp)
Акрамя таго, заўважна, што аўтар надпісу не ведае, як пісаць кірылічную літару «б», якой няма ў літоўскай мове — аўтар піша яе як лічбу «6».
Пераносы і прабелы таксама зроблены так, быццам чалавек не разумее сэнсу слоў, якія піша.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_01/5-27eql.jpg.webp)
У Вільні рэгулярна на беларускіх установах з'яўляюцца правакацыйныя антыбеларускія і антылітоўскія надпісы.
Напрыклад, 5 лістапада летась апаганілі дзверы беларускай установы «Карчма 1863», а ноччу 26 кастрычніка быў падпал дзвярэй Беларускага дома. Таксама акты вандалізму ўчыняліся супраць крамы «Кропка», якую трымае былы палітвязень з Беларусі, і капліцы беларускай праваслаўнай парафіі Канстанцінопальскага патрыярхата, каля офіса «Дапамогі» і на сцяне каля ЕГУ. Таксама нядаўна была апаганеная магіла каліноўца Аляксандра Царука на віленскіх могілках.
Почыркі некаторых надпісаў падаюцца падобнымі.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_01/11-ap356.jpg.webp)
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_01/12-bw2wv.jpg.webp)
Паліцыя так нікога і не знайшла.
Каментары
Нікога не знайшлі, бо не хочуць шукаць. Я так думаю. Бо надпісы відавочна робіць не беларус, беларус так ніколі не напіша. З літоўскай закаручкай.
Лічу, што трэба зрабіць экспертызу почыркаў. Праўда літоўская паліцыя, здаецца, не хоча гэтага рабіць.