Лукашэнка 19 снежня падпісаў указы аб прысуджэнні прэміі «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва, паведамляе БелТА.
Лаўрэатамі пяці прэмій «За духоўнае адраджэнне» ў гэтым годзе сталі:
- ігумення Свята-Пакроўскага жаночага манастыра Анфіса (Антаніна Любчак);
- калектыў Полацкага кадэцкага вучылішча;
- Гомельскі гарадскі цэнтр інклюзіўнай культуры;
- Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Маці і дзіця»;
- Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветнай работы.
Апошні ўганараваны за правядзенне свята «Александрыя збірае сяброў» на малой радзіме Лукашэнкі.
Таксама прысудзілі і 10 спецыяльных прэмій Лукашэнкі дзеячам культуры і мастацтва. Тут сярод найбольш адметных лаўрэатаў:
- «паэтка-песенніца» Ганна Сялук (Ганна Сяргееўна Лукашэнка) — «за вялікі асабісты ўклад у развіццё сучаснага музычнага мастацтва, рэалізацыю сацыяльна значных культурных ініцыятыў». Гэтая жанчына — нявестка Лукашэнкі, жонка ягонага сярэдняга сына Дзмітрыя;
- намесніца начальніка аддзела культурна-асветніцкай работы, мастацтваў і навучальных устаноў Упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Вольга Багдановіч, старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі і намесніца старшыні праўлення Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства Алена Чыкава — за арганізацыю каравай-фэсту «Бацькава булка» ў Свіслачы;
- Генеральная пракуратура, Беларускае тэлеграфнае агенцтва і Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія — за рэалізацыю праектаў «Апошнія сведкі», «Генацыд. Без права на жыццё».
Сярод іншых лаўрэатаў:
- народны духавы аркестр «Віціны» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў;
- тэатр эстраднай песні «Сябрынка» Палаца культуры МАЗ;
- рэжысёрка Івана Жыгон і калектыў Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага;
- майстар народных музычных інструментаў Руслан Макарэвіч;
- загадчыца трупы оперы Вялікага тэатра Беларусі Анастасія Масквіна;
- метадыстка Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Алена Шунейка;
- 1-я і 2-я роты і аркестр ганаровай варты Мінскай вайсковай камендатуры.
Каментары