«Травы самі ходзяць за чалавекам, дзьмухаўцы растуць у агародзе не проста так». Як выкладчыца БДУ стала траўніцай
Калі мы ўяўляем траўніцу, малюецца вобраз вясковай бабулі-пустэльніцы. Яна жыве на краі вёскі, яе дом абвешаны пучкамі траў, палатнянымі мяшэчкамі з розным зеллем, а салодкі пах сушаных ягад ахутвае ўвесь двор. Гераіня матэрыялу выдання «Смартпрэс» Вольга Букат — поўная супрацьлегласць стэрэатыпнаму вобразу. Яна біёлаг, батанік, выкладала ў БДУ. Зараз Вольга закладае арэхавы сад на хутары, можа расказаць, як смачна ў кляры прыгатаваць крапіву або пасмажыць катлеты са сніткі. А яшчэ запэўнівае, што звычайныя травы могуць стаць незаменнай фітакасметыкай.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_12/travnitsa-olga-bukat-1-90-o78r6.webp.webp)
У Вольгі на кухні на стале сняданак з серыі «суцэльны ЗЛЖ»: травяная гарбата, толькі што выпечаны хатні хлеб і да яго яркая зялёная намазка — авакада, сухая крапіва, чарамша, мята.
— Усё дзяцінства праводзіла на вёсцы ў бабулі. Яна не была траўніцай, але мы часта збіралі кветкі васілька, лісце маліны, вішні. Вельмі падабалася сушыць іх, чытаць старыя кнігі пра травы, выпісваць у нататнічак іх уласцівасці, — успамінае Вольга часы, калі травы ўвайшлі ў яе жыццё. — Потым паступіла ва ўніверсітэт, скончыла кафедру батанікі БДУ, а там быў прадмет, звязаны з лекавымі раслінамі. Спачатку збірала гарбату для сябе, дарыла сябрам, а ў адказ чула: «У цябе самы смачны збор». Калі людзям падабаецца тое, чым ты займаешся, яны самі дапамагаюць стаць табе на гэты шлях.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/2travnitsa-olga-bukat-2-90-e0ms2.webp.webp)
На кухні Вольгі заўважаеш: яна ўся ў слоіках, маленькіх і вялікіх. На стале — жоўты пылок хвоі, баршчэўнік сібірскі (увага, не блытайце з баршчэўнікам Сасноўскага!), на паліцы — мята, розныя прыправы з дзікаросаў. Усяго тут захоўваецца каля пяцідзесяці відаў траў.
Падушка з сена з мацярдушкай, букеты з палыну і шыпшыны
Пасля заканчэння аспірантуры Вольга працавала выкладчыцай у БДУ на кафедры батанікі біялагічнага факультэта, а потым захацелася чагосьці іншага. Кажа, выразна разумела, чым будзе далей займацца: на той момант яна ўжо вяла анлайн-курсы па траўніцтве і касметыцы ў фіташколе «Дзівея».
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/3travnitsa-olga-bukat-3-90-gxsx2.webp.webp)
— Мне цікава, як травы можна ўжываць у побыце: як іх правільна піць, націрацца, што з іх прыгатаваць. Яны вельмі гарманічна ўпісваюцца ў наша жыццё. Напрыклад, зрабіла сабе падушку з сена, дадала мацярдушку з чаборам. Акружыла дом прыгажосцю — букетамі з сухога палыну, лаванды, шыпшыны. Адчуванне, як быццам за маімі плячыма стаіць нябачны памочнік. І гэтую важную частку жыцця я хачу перадаць дачцэ», — дзеліцца Вольга Букат.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/4travnitsa-olga-bukat-4-90-sk3i8.webp.webp)
Гадавалая дачка Алеся ўвесь гэты час уважліва слухае маму і раз за разам цягнецца да кубка з травяной гарбатай. Ці не з'явіцца ў дзіцяці пасля гэтага высыпка? Вольга запэўнівае, што не.
— Больш шанцаў, што ўзнікне алергія на нешта хімічнае або сінтэтычнае. Лічу, калі дзіця пачало цікавіцца маміным кубкам і талеркай (дзесьці ў паўгода), яму можна дазволіць такую гарбату. У ёй няма моцнадзейных траў, таму Алеся п'е яе з задавальненнем, — кажа Вольга.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/6travnitsa-olga-bukat-5-90-8bzag.webp.webp)
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/7travnitsa-olga-bukat-6-90-8y01w.webp.webp)
У Вольгі ў кватэры такі фітабар, што галоўнае — не заблытацца ў складах гарбаты і настоек. У адной маленькай чарачцы — настойка, якая павышае крывятварэнне (зробленая з соку крапівы і календулы), у другой — сродак ад глістоў (корань імбіру, вятроўнік).
Што ў аптэчцы ў траўніцы?
Вольга паказвае сваю аптэчку, але трэба адразу заўважыць: яна за разумнае выкарыстанне траў. Імі нельга замяніць прызначанае медыцынскае лячэнне, ці цалкам перайсці на ежу з дзікаросаў.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/8travnitsa-olga-bukat-7-90-n5q5u.webp.webp)
— Давайце глядзець разам, — Вольга дастае хатнюю аптэчку. — Бінты, градуснік, ёд, парацэтамол. Дарэчы, яго як купіла пасля родаў, так і ляжыць, пакуль не спатрэбіўся. Я не з тых, хто ходзіць у аптэку як у гастраном. Для мяне прыродная аптэка працуе ў рэжыме 24/7.
— У сезон ВРВІ якія травы проста незаменныя?
— Галінкі маліны — галоўныя лекі пры прастудзе. У іх назапашваюцца саліцылаты (прыродны аспірын). Для зніжэння тэмпературы наша сям'я п'е гарбату або настойку з вятроўніка, галінак маліны. У аптэчцы ў мяне тры асноўныя травы — крываўнік, святаяннік, рамонак. Як толькі адчуваю, што нешта пайшло не так (млявы стан, ванітуе, баліць галава), запарваю гэтыя травы. Яны на смак ялкавыя, пахнуць аптэкай, але выпіваеш кубак за дзень у тры прыёмы — і дапамагае. Важна адзначыць, што такі збор трэба піць толькі, калі захварэў. Інакш прывучыш арганізм да моцнадзейных траў.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/9travnitsa-olga-bukat-8-90-ak4uj.webp.webp)
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/10travnitsa-olga-bukat-8_1-90-xn3um.webp.webp)
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/11travnitsa-olga-bukat-8_2-90-md977.webp.webp)
Выбар травяных гарбат на кожны дзень у сям'і такі, што паспяваеш толькі сачыць, як на стале адна за адной з'яўляюцца розныя слоічкі: з ліпай, чаборам, шыпшынай, глогам, скрыпенем. Калі вы ўжо паспелі пашкадаваць, што гэтым летам нічога не сабралі, не хвалюйцеся. Аказваецца, нават зімой можна прынесці дадому з лесу нешта карыснае.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/12travnitsa-olga-bukat-9-90-swlg9.jpg.webp)
— Напрыклад, ігліцу хвоі (умацоўвае імунітэт), чагу, галінкі маліны, — пералічвае Вольга. — Вядома, асноўны збор адбываецца летам падчас цвіцення. Вельмі добра нарыхтоўваць травы ў дзень летняга сонцастаяння 22 чэрвеня, на Месяц, які расце, ці бліжэй да поўні. На пакетах заўсёды паказваю фазу Месяца ў той дзень, калі, напрыклад, збірала ліпавы цвет. Не раз заўважала: чым бліжэй да поўні, тым ён больш смачны і духмяны.
— Адна і тая ж трава, але сабраная ў розных месцах, адрозніваецца па смаку?
— Яна адрозніваецца па назапашванні лекавых рэчываў. У расліне, якая знаходзіцца ў больш суровых умовах (ёй дрэнна, горача, мала вады), нашмат больш дзейных рэчываў, чым у той, якая расце ў ідэальных умовах. Праводзіліся даследаванні ўгноенай і няўгноенай валяр'яны на хатнім участку. У той, якую падкормлівалі, аказалася ў 10 разоў менш лекавых рэчываў. Гэта як з чалавекам: чым лепшыя створаныя для яго ўмовы, тым часцей ён хварэе.
«Арэхавы сад пачне пладаносіць праз 20 гадоў. Гэта як закласці надзею ў будучыню, што ўсё будзе добра»
Пакуль гарадская кватэра Вольгі — асноўнае месца жыхарства, але год таму сям'я купіла былое калгаснае поле ў лесе ў Валожынскім раёне і занялася фермерскай гаспадаркай. Трэба сказаць, не самай звычайнай: на 3,5 гектара муж і жонка сталі высаджваць арэхавы гай.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/13travnitsa-olga-bukat-10-90-69f64.webp.webp)
— Гэта вельмі добра для прыроды; у садзе з'явіцца свая экасістэма: паселяцца вавёркі, птушкі, — тлумачыць Вольга. — Прыбытак пачнём атрымліваць… праз дваццаць гадоў. Вось чаму многія выбіраюць іншы шлях і садзяць буякі, яблыні.
Па плане на ўчастку павінна вырасці сто дрэў. Некаторыя саджанцы закупляліся на «Куфры» па 5 рублёў. Іншыя заказвалі спецыяльнай дастаўкай з Расіі, але ўжо па іншай цане — 80 рублёў.
Цяпер у Вольгі растуць некалькі відаў грэцкага арэха, звышпаўночныя пекан, белыя і чорныя арэхі.
— Саджаць дрэвы — адно задавальненне! — суразмоўніца проста змяняецца ў твары і ўсміхаецца. — Для арэхаў трэба шмат месца, адлегласць паміж імі — не менш за 8 метраў. Глядзела адразу на вялікае пустое поле і думала: «Што з ім рабіць?» Высадзілі дрэвы, і цяпер ужо ацэньваеш інакш: «Ну добра ж!» Самая карпатлівая частка працы іншая: зразумець, дзе і як пасадзіць дрэва. Гэта сапраўдная матэматыка. Напрыклад, чорны арэх вышэйшы за астатнія, ён не можа расці з поўдня. Інакш з часам перакрые сонца астатнім.
— Вас не палохала, што першы ўраджай арэхаў знімеце толькі праз 20 гадоў?
— Наадварот, гэта ж цікава! Калі закладаеш такія справы ў далёкую будучыню, яны даюць надзею: усё будзе добра, мы будзем жыць. Арэхі растуць 200-300 гадоў, так што пасля нас застанецца сапраўдны сад.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/14travnitsa-olga-bukat-11-90-ieb7y.webp.webp)
А пакуль паміж дрэвамі высаджваюць кусты парэчак, каліны, бружмель, глог. Яны паспеюць прынесці не адзін ўраджай і нават загінуць, пакуль арэхі дадуць першыя плады.
«Расліны гавораць з намі знакамі»
З Вольгай можна доўга гаварыць не толькі пра жыццё на вёсцы, травяныя гарбаты, стравы з дзікаросаў, але і абмяркоўваць фітакасметыку. Яна і яе калега Вольга Спірыдонава стварылі фіташколу «Дзівея».
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/15travnitsa-olga-bukat-12-90-cnqtk.webp.webp)
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/16travnitsa-olga-bukat-12_1-90-mi792.webp.webp)
Збоку гэта нагадвае выязныя ўрокі па біялогіі. Тыя, хто хоча больш даведацца пра травы, іх гаючыя ўласцівасці, зразумець, як крапіва можа стаць выдатнай маскай для валасоў, а календула — крэмам для твару, запісваюцца на курс. Заняткі праводзяцца ў аграсядзібе і абавязкова на прыродзе.
— Ніколі б не падумалі, што травы — той тавар, які прадаецца ў Instagram і можа прынесці прыбытак…
— Ніша, якая здаецца глухой, можа здабыць яркія фарбы, калі ёй пачынае займацца чалавек з прадпрымальніцкай жылкай і разуменнем, як гэта можна паднесці. Напрыклад, з нашымі вучнямі мы збіраем лісце чаромхі, ляшчыны, бярозы, скрыпеню. Сушым іх, робім «умывалкі» для твару, тонікі, крэмы. Асноўная аўдыторыя — жаночая. Жанчыны больш шырока думаюць, нам усё цікава, а мужчынам складаней прыходзіць на навучальныя курсы. У іх больш праяўляецца эга. Яны лічаць, што ўсё ведаюць. На нашых анлайн-курсах па траўніцтве з 30 чалавек — 3-4 мужчыны, — дзеліцца назіраннямі Вольга Букат.
Думаеце, на курсах толькі беларусы? Пра травы цікава нават тым, хто жыве ў Коста-Рыцы. Людзі хочуць даведацца, чым можна ў іх краіне замяніць скрыпень ці календулу. Вывучаюць дзейныя рэчывы раслін і спрабуюць падабраць ім аналаг.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_12/17travnitsa-olga-bukat-13-90-93vjz.webp.webp)
— Калі ўважліва паглядзець на кліматычныя зоны і расліны, якія там сустракаюцца, можна зразумець: яны не проста так з'явіліся. Напрыклад, у нашых шыротах распаўсюджаныя захворванні, звязаныя з вухам, носам, горлам. А святаяннік, мята, меліса якраз дапамагаюць справіцца з прастуднымі захворваннямі.
У паўднёвых краінах у людзей іншая праблема — ныркі і водны абмен. Ім на дапамогу прыходзяць кактусы. Прырода вельмі разумна наладжаная. Гэта прасочваецца не толькі па кліматычных зонах, але і мясцовасці, дзе ты жывеш, — працягвае распавядаць Вольга. — Заўважана, што, калі чалавек пачынае жыць у доме, да яго «прыходзяць» нейкія расліны. Раней іх не было, а потым раптам з'явіліся цыкорый, хрэн, дзьмухавец, падтыннік. Так жывая прырода з намі кантактуе. Напрыклад, у тых, каго турбуюць папіломы, у двары вырастае падтыннік. За многімі «ходзіць» хрэн — магчыма, варта папрацаваць з імуннай сістэмай або страўнікава-кішэчным трактам.
Нават дзьмухаўцы з'яўляюцца не проста так. Можа, варта іх сабраць і зрабіць варэнне або салату? Прырода сама кажа нам: «Паспрабуй».
Каментары
а што такога? вунь робяць з яго кансервы