Ціханоўская стварае Каардынацыйную раду для забеспячэння мірнага пераходу ўлады
Святлана Ціханоўская звярнулася са зваротам.
«Добры дзень, сябры.
Мой штаб, штаб Святланы Ціханоўскай, працягвае працаваць. Кіраўніком штаба па-ранейшаму застаецца Марыя Мароз. Яна знаходзіцца са мной і працягвае кіраваць штабам. Я пацвярджаю паўнамоцтвы Вольгі Кавальковай і Мікалая Казлова як маіх давераных асоб, якія будуць каардынаваць дзеянне майго штаба ў Беларусі.
Я заяўляю, што мы гатовыя да дыялогу з уладамі.
З улікам таго, што адбываецца ў краіне і неабходнасці прыняцця неадкладных мер для аднаўлення законнасці ў Беларусі, Я, Святлана Ціханоўская, ініцыюю стварэнне Каардынацыйнай рады для забеспячэння трансферу ўлады. У гэту раду могуць увайсці прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, паважаныя і вядомыя беларусы, прафесіяналы сваёй справы. Я даручаю сваёй даверанай асобе Вользе Кавальковай і адваката Максіма Знака прымаць заяўкі аб вылучэнні членаў савета ад арганізацый і аб'яднанняў грамадзян.
Дзякуй усім людзям, усім арганізацыям, якія падтрымалі мяне і гатовыя дапамагчы ў перамоўным працэсе.
Я прашу вас аб'яднацца ў каардынацыйную раду.
Нам вельмі патрэбна ваша дапамога і вопыт. Нам патрэбныя вашы сувязі, кантакты, экспертныя парады і падтрымка. У гэты каардынацыйны савет павінны ўвайсці ўсе, хто зацікаўлены ў дыялогу і мірнай перадачы ўлады — працоўныя калектывы, партыі, прафсаюзы і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці.
Я звяртаюся да міжнароднай супольнасці, еўрапейскіх краін з просьбай дапамагчы нам у арганізацыі дыялогу з беларускімі ўладамі.
Я захапляюся беларусамі. Дзякуй, мае дарагія! Мы зрабілі немагчымае. Мы паказалі, што нас большасць. І гэтая краіна належыць нам, народу Беларусі, а не аднаму чалавеку.
Я выказваю спачуванне кожнаму пацярпеламу ў гэтыя дні, кожнай сям'і. Мне было вельмі цяжка глядзець на той гвалт, у які ўлада пагрузіла нашы гарады за апошні тыдзень. Гэтага ніколі не павінна паўтарыцца.
Улада павінна паказаць гатоўнасць да дыялогу з народам.
Гэта значыць, адпусціць усіх затрыманых.
Гэта значыць, прыбраць з вуліц гарадоў АМАП і войскі.
Гэта значыць, завесці крымінальную справу супраць тых, хто аддаваў злачынныя загады збіваць і страляць у людзей.
Я звяртаюся да мэраў гарадоў. Выйдзіце і пачніце размаўляць, слухаць людзей. Гэта ў вашых кампетэнцыях арганізаваць законныя і мірныя мітынгі на плошчах гарадоў.
Я звяртаюся да супрацоўнікаў міліцыі, арміі і іншых сілавікоў. Не выконвайце злачынных загадаў. Пагаварыце з вашым начальствам, спыніце кровапраліцце. Вы давалі прысягу служыць Рэспубліцы Беларусь і свайму народу. Мы, людзі, будзем удзячныя кожнаму, хто стане на бок народа».
Каментары