Сям’ю ўцекачоў з Беларусі ўлады Літвы вывезлі ў Польшчу. Чаму так адбылося
Былы беларускі памежнік Андрэй Тупоўскі выехаў з Беларусі праз пагрозу палітычнага пераследу і збіраўся стала жыць у Літве, аднак у яго не атрымалася. Гісторыю распавядае «Свабода».
Былы жыхар Магілёва Андрэй Тупоўскі, ягоная жонка Алена і двое непаўналетніх сыноў на пачатку снежня перабраліся ў Польшчу, сям’я абжываецца ў варшаўскім раёне Урсус. З Беларусі яны выехалі год таму і спачатку планавалі пасяліцца ў Літве, здымалі кватэру ў Вільні. У Беларусі, па словах Андрэя, яму пагражала крымінальная справа паводле артыкулу аб «экстрэмізме» — у 2020-м яго затрымлівалі на «суткі», пасля ім зацікавіўся КДБ.
«У Вільні была кватэра ў шматпавярховіку, затое на ноч можна было пакінуць машыну і ніхто не чапаў. Тут здымаем палову прыватнага дома, а вось паркоўка ўжо не патрэбная», — кажа Андрэй. Год таму на ўласным аўтамабілі сям’я беларусаў адолела амаль паўтары тысячы кіламетраў, каб уцячы з Магілёва і складаным маршрутам дабрацца да Вільні. Забіраць аўтамабіль з сабой у Варшаву Тупоўскія не адважыліся.
«Тут з ім было б столькі марокі! Не, не трэба. Аддалі як гуманітарную дапамогу для УСУ, хлопцы перагоняць ва Украіну. Там у мяне сябры, у тым ліку ў палку Каліноўскага. А мы, калі атрымаецца, новай машынай яшчэ абжывёмся», — кажа суразмоўца.
Па прафесіі Андрэй слесар, працаваў на мясакамбінаце ў Бярэзані. Акрамя працы, займаўся спортам — змяшанымі адзінаборствамі. Працай быў задаволены, інакш бы штодня не ездзіў на маршрутцы з Магілёва і назад. У Вільні таксама працаваў слесарам у будаўнічай фірме.
«За мяне паўсотні калегаў-літоўцаў падпісаліся ў лісце ў суд, калі судзіўся з Дэпартаментам міграцыі. І цяпер дырэктар фірмы тэлефануе, запрашае вяртацца. Але куды ўжо вернешся? Ды і як? Зноў наша доля такая, эмігранцкая», — наракае беларус.
Андрэй — інвалід 3-й групы па зроку. Трамбоз вока перанёс падчас адседкі ў магілёўскім ізалятары за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Стан здароўя ў яго складаны, але ўсё ж дазваляе працаваць. У жонкі Алены таксама праблемы са здароўем. Жанчыну затрымлівалі, каралі штрафам, ад перажытага стрэсу ў яе развіўся нервовы разлад — страчвае прытомнасць, падае і можа сябе пашкодзіць. У Вільні Алена знайшла працу ў гатэлі. У Варшаве сужэнцы пакуль не працуюць. Адна з праблемаў — моўны бар’ер. Андрэй згадвае, што ў Літве яго не адчуваў, бо там вакол хапала расейскамоўных, калегі-літоўцы яго добра разумелі. А вось у Варшаве з расейскай мовай знайсці працу складана.
Прайграны Дэпартаменту міграцыі Літвы суд
У ліпені 2023 году Андрэй Тупоўскі з жонкай і два іхныя сыны падалі ў Дэпартамент міграцыі Літвы хадайніцтва аб атрыманні міжнароднай абароны як палітычныя ўцекачы. Праз два месяцы яны атрымалі адмоўны адказ.
«Дэпартаментам міграцыі прынята рашэнне аб пераводзе асоб (пералічаецца сям’я Тупоўскіх) у Рэспубліку Польшча», — паведамілі беларусам літоўскія чыноўнікі і спаслаліся на «Дублінскую канвенцыю» 1990 году паміж краінамі ЕС, паводле якой прашэнне аб міжнароднай абароне мусіць разглядаць тая краіна, якая выдала ўцекачам уязныя візы. Сям’я Тупоўскіх мела польскія.
З рашэннем Дэпартамента беларусы не пагадзіліся і аспрэчылі яго ў судзе. Андрэй Тупоўскі згадвае, што ў змаганні яму дапамагалі парадамі юрысты з беларускай ініцыятывы «Краіна для жыцця».
«Прапанавалі паклапаціцца пра ліст з маёй працы з подпісамі супрацоўнікаў, і такі ліст мне сапраўды далі. Больш за 50 калег за мяне падпісаліся, прычым і літоўцы таксама.
Мы мелі даведку ад школьнага псіхолага, што дзеці не перанясуць яшчэ аднаго пераезду, ім будзе псіхалагічна цяжка. Але і гэта не дапамагло — суд мы прайгралі, апеляцыя таксама была марнай», — расказвае Андрэй Тупоўскі.
У лістападзе сям’ю Тупоўскіх папярэдзілі з міграцыйнай службы, што іх на адмысловым аўтамабілі адвязуць у Польшчу, дзе ўлады згодныя іх прыняць і разгледзець іх хадайніцтва аб прытулку.
«Сказалі, што з сабой можа ўзяць толькі па торбе ўласных рэчаў. Таму большасць пажыткаў давялося перавозіць у Варшаву з дапамогай сяброў», — кажа Андрэй.
Андрэй Тупоўскі не выключае, што адной з прычын адмовы ягонай сям’і ў міжнароднай абароне стала тое, што ў 90-х гадах ён служыў у памежных войсках Беларусі. Гэты факт ён пазначыў у анкеце, калі падаваў дакументы на прытулак.
«Прызывалі мяне ў 1995 годзе, ужо ў незалежнай Беларусі. Дзембель быў у 1996-м у снежні. Ужо амаль 30 гадоў мінула. Служыў я ў памежных войсках, але ж гэта была звычайная тэрміновая служба, на кантракт ніякі я не заставаўся. Служба праходзіла ў Берасцейскім памежным атрадзе, якраз насупраць Берасцейскай крэпасці, побач з 1-й заставай, на Памежнай выспе. Там цяпер музей зрабілі, — расказвае суразмоўца.
На літоўска-польскай мяжы ў Аўгустове дакументы беларусаў забрала польская міграцыйная служба. Цяпер іх будуць зноў разглядаць адпаведныя органы. У Варшаве сям’я Тупоўскіх жыве на грошы, якія адклалі за год жыцця і працы ў Літве. У гэтым запасе і ахвяраванні, сабраныя летась з дапамогай BySol на лячэнне жонкі.
«Тады сабралі больш за 800 еўра; гэта не ўся сума, патрэбная на лячэнне, але і яна прыдасца. Мы вельмі ўдзячныя ўсім добрым людзям, хто нам дапамог і дапамагае», — кажа Андрэй Тупоўскі.
Літва дзейнічала ў межах Дублінскай канвенцыі
У Дэпартаменце міграцыі Літвы Свабодзе патлумачылі, што індывідуальных выпадкаў адмовы ў атрыманні прытулку яны не каментуюць і спаслаліся на 88-ы артыкул «Закону аб легальным статусе іншаземных грамадзянаў». Паводле звестак Дэпартамента, у 2023 годзе Літва адмовіла ў атрыманні міжнароднай абароны 149 іншаземным заяўнікам.
Як мяркуе кіраўнік адвакацкага бюро Legal status Алесь Міхалевіч, які спецыялізуецца на дапамозе беларускім уцекачам, улады Літвы ў справе Андрэя Тупоўскага і ягонай сям’і дзейнічалі ў межах Дублінскай канвенцыі.
«Паводле яе Літва мае права разглядаць хадайніцтвы аб прытулку ад асобаў, якія заехалі ў краіну па візах іншых краін, але не абавязана прымаць канчатковае рашэнне. Візы ў іх былі польскія, значыць, цалкам законна іх накіравалі ў Польшчу», — мяркуе Алесь Міхалевіч.
Каб пазбегнуць страты часу і сіл, як адбылося з сям’ёй Тупоўскіх, адвакат раіць адразу клапаціцца пра атрыманне візы той краіны, дзе плануеце спыніцца на жыхарства, і не затрымлівацца ў краіне, якая не выдавала вам гуманітарнай візы.
«Трэба было даехаць у краіну, віза якой ёсць, і ўжо там падавацца на прытулак. Вось калі б гуманітарнай візы ўвогуле не было, тады заяву на прытулак мусіць разглядаць тая краіна, мяжу якой чалавек перасек і звярнуўся па дапамогу», — патлумачыў Міхалевіч.
Каментары