У Вільні адбылася прэм'ера спектакля «Ціхары» па п'есе Сашы Філіпенкі. І вось чаму яго варта пабачыць ФОТЫ
Украіна перамагла, а Пуцін націснуў кнопку запуску ядзернай зброі. Свет зруйнаваны, але ў бункеры ў 2030 годзе працягваюцца палітычныя суды над беларусамі…
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1266-z64hx.jpg.webp)
У Вільні адбылася прэм'ера сатырычнай драмы пісьменніка Сашы Філіпенкі «Ціхары». Паставіла спекталь украінская рэжысёрка Саша Дзянісава.
«Беларусь 2030. Суд у постапакаліпсісе» — такі жанр вызначыла Дзянісава.
Запрашэнні на спектакль, якія атрымалі гледачы, былі ў форме «тэатральнай позвы».
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/2030-8vlou.jpg.webp)
«П'еса «Ціхары» — не проста ўспаміны, а сатыра, каб усвядоміць мінулае, сустрэцца з сучаснасцю і паглядзець у будучыню праз прызму вайны ва Украіне. Гэта адкрыты заклік да дыялогу на тэмы, якія балюча абмяркоўваць, але ад якіх няможна ўцячы: дабро, зло, правасуддзе, помста, ці магчымы дыялог паміж гвалтаўніком і ахвярай, катам і абвінавачаным?» — адзначаюць стваральнікі спектакля.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1573-urmdr.jpg.webp)
У пастаноўцы расказваецца гісторыя доктара, які адмовіўся лячыць амапаўца (на напісанне натхніла рэальная гісторыя). Доктара Леўчанку грае літоўскі акцёр Андрус Дарыла. На сцэне ён у медыцынскім белым касцюме, на кішэні якога вісіць чырвоная стужка. Нават у бункеры «падсудны» сядзіць за кратамі.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1391-sq1l4.jpg.webp)
Суддзю грае Марына Здаранкова. Яна, як і пракурорка (Аляксандра Мятальнікава), — у чорным касцюме, які перажыў гэты самы апакаліпсіс і таму памяты і ў белых плямах.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1240-nwaod.jpg.webp)
Яны па чарзе перадаюць адна адной судзейскі малаток і стукаюць ім па металічнай бочцы. Такі гук вельмі нагадаў аўтарцы гэтага тэксту момант, калі на Акрэсціна, дзе яна сядзела на сутках, адзін з ахоўнікаў узяў дубінку і стаў грукаць ёй па металічных дзвярах камеры.
Суддзя стала адхіляе пратэсты адваката — акцёра Іллі Ясінскага. Яго белы касцюм і бэчэбэ-красоўкі кантрастуюць з цёмным адзеннем прадстаўніц рэжыму і іх гумовымі тапкамі. Дарэчы, вобразы для спектакля стварыла беларуская дызайнерка Аляксандра Жук.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1293-3ocx4.jpg.webp)
«Спадар Леўчанка, ці быў пацыентам спадар Губопік Аляксандр Рыгоравіч? Ці быў ён тым, па паводзінах якога адразу было зразумела, якія менавіта мерапрыемствы трэба было праводзіць?» — пытаецца пракурорка.
«Той дзень я магу параўнаць толькі з тым, калі ў нас адбыўся тэракт у цэнтры горада, выбух у метро. Цяжкія хворыя прыбывалі, а рэаніматолагаў не хапала.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1415-zgvh6.jpg.webp)
У мяне, напрыклад, быў хлопец, якому асколкам светлашумавой гранаты вырвала кавалак біцэпса. Быў мужчына, у якога было пяць раненняў гумовай куляй, адно з іх у вобласці гартані…» — расказвае ў судзе Леўчанка. Пракурорка перабівае яго.
«Ці так я разумею, што з пастаноўкай дыягназаў іншым пацыентам у вас праблем не было, але з Губопікам чамусьці ўзніклі?» — пытаецца яна.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1378-8cm1n.jpg.webp)
На што Леўчанка ў дэталях успамінае тую ноч, калі збітыя, параненыя людзі паступалі ў бальніцу.
Адзін з самых кранальных момантаў у спектаклі — калі доктар Леўчанка пачынае ўзаемадзейнічаць з гледачамі. Ён падыходзіць да людзей у зале і працягвае да іх рукі, цісне далоні. Глядзіць у вочы і далей расказвае пра падзеі таго дня.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1318-os5vh.jpg.webp)
«Дактароў не хапала, аднаго хірурга забралі прама падчас аперацыі. А яшчэ, калі памятаеце, аднаго доктара затрымалі за тое, што ён не даў схлусіць Следчаму камітэту, што адзін з забітых у сутыкненні з сілавікамі быў п'яны…» — кажа «падсудны».
Сілавіка, які памёр ад інсульту, граў Віталь Лявонаў.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1263-3a96f.jpg.webp)
Ролю яго «напарніка», сведкі абвінавачання, выканаў Сяргей Тоўсцікаў.
У спектаклі амапаўцы выходзілі на сцэну пад песню «Завіруха», размахваючы ў танцы дубінкамі.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1333-b9ici.jpg.webp)
«Санітараў не было, мы самі прывезлі яго (амапаўца. — «НН») на машыне хуткай дапамогі», — расказвае сілавік.
«У вас была машына хуткай дапамогі?» — перапытвае адвакат.
«Так, для навядзення парадку на вуліцах горада. Намі было канфіскавана некалькі машын хуткай дапамогі, на якіх мы перамяшчаліся, гэта дазваляла неадкладна затрымліваць злачынцаў», — працягвае сілавік і смяецца.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1429-88x00.jpg.webp)
«Я кляўся лячыць людзей, а не звяроў», — выкрыквае ў нейкі момант падсудны Леўчанка.
Сведка з боку абароны — патолагаанатам Аляксандра Чарапко. Яе грае актрыса Ніёле Макутэнайце. У спекталі Чарапко падрабязна расказвае, ад чаго памёр сілавік Аляксандр Губопік. Вердыкт — інсульт, выратаваць было ўжо немагчыма.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1485-vo1v8.jpg.webp)
Раптам у суд бок абвінавачання выклікае калегу Леўчанкі — акадэміка Эльдара Абрамава. На сцэне з'яўляецца вядомы расійскі акцёр Аляксандр Філіпенка. У зале — апладысменты.
Менавіта ў вусны Аляксандра Філіпенкі рэжысёрка ўкладае глыбокія разважанні.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1458-l9oz5.jpg.webp)
«Смерць, якая здарылася са спадаром Губопікам у 2020-м, не павінна была здарыцца <…>. Было 25 аперацыйных, 50 аперацыйных залаў. Пры жаданні гэта бальніца нават магла забяспечыць маленькую вайну».
У гэты момант раздаецца выбух, што нагадвае ўсім прысутным аб тым, што за межамі бункера ідзе ядзерная вайна.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1451-dqj7j.jpg.webp)
У размову ўмешваецца адвакат.
«Ці так я разумею, спадар Абрамаў, што вы былі доктарам былога прэзідэнта? Ці так я разумею, што ўсе ўзнагароды, прэміі, пасады вы атрымалі падчас яго кіравання?» — пытаецца ён.
«Так. <…> Галубок мой, ён кіраваў так доўга, што, акрамя ўсяго іншага, пры ім я атрымаў яшчэ і рак, і дыябет. Я разумею, да чаго вы ведзяце: пры любой іншай уладзе я б стаў тым, кім я стаў. І, магчыма, нават хутчэй. Так, я лячыў прэзідэнта, яго генералаў, міністраў, якія ненавідзелі яго, але хадзілі перад ім на пальчыках. Мяне шанавалі як лекара. <…> Я не разумею, чаму павінен адмаўляцца ад узнагарод за маю добрую працу», — адказвае акадэмік.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1472-9o8ri.jpg.webp)
Абрамаў запэўнівае, што Леўчанка вінаваты і нічога не можа быць апраўданнем. «Ён парушыў клятву, — гучна ўскрыквае акцёр. — <…> Калі мы захочам лячыць толькі добрых людзей, вам трэба будзе знайсці іншую планету. Вы пытаецеся ў мяне, ці лячыў я нягоднікаў? Хлопчык мой, вам не хапіла б ніякіх трыбуналаў, каб асудзіць усіх тых падонкаў, якіх я выратаваў.
<…> Вы лічыце, што калі мы перастанем лячыць дрэнных людзей, яны ўсе перамруць як мухі і мы ўсе зажывём у раі?»
На судзе ў камізэльцы з надпісам Press з'яўляецца «вядомы журналіст Сямён Стасаў», якога грае акцёр Аляксандр Рацько.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1492-xhe7z.jpg.webp)
Ён чытае сваю калонку.
«Вам не здаецца, што працэс праваліўся? З самага пачатку было зразумела, што ён праваліцца, таму што матывацыя яго была абраная няправільна — працэс палітычны. У рэчаіснасці на грамадзяніна Леўчанку і на нябожчыка грамадзяніна Губопіка ўсім тут катэгарычна напляваць, таму што дзяржава пераследуе зусім іншыя мэты <…>.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1489-u5bju.jpg.webp)
Я абсалютна ўпэўнены, што Леўчанка невінаваты. Яго прыцягнулі сюды, каб сказаць: «Глядзіце, мы судзілі сілавікоў, а цяпер мы сталі такія чыстыя і сумленныя, што можам судзіць тых, хто ў тыя дні супраць сілавікоў змагаўся», — кажа журналіст.
У канцы спектакля акцёры чыталі асабістыя гісторыі затрыманых людзей. Некаторыя з іх расказвалі свае, напрыклад, Ілля Ясінскі. Падалося, што ў гэты момант гледачы ў зале перасталі дыхаць, некаторыя плакалі.
«Для мяне гэта спроба паглядзець на нашы народы, якія павязаныя праз расійскую агрэсію»
Рэжысёрка Саша Дзянісава ў каментары «Нашай Ніве» расказала, што пра спектакль яна пачала думаць яшчэ да пачатку вайны ва Украіне.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1620-7npuh.jpg.webp)
«Ужо пасля я выехала ў Польшчу, потым зрабіла пяць выстаў пра Украіну. Гэта мая галоўная мэта. Цяпер я вярнулася з Бостана, дарабіла спектакль «Гаага», пра Пуціна і суд. І вось тут таксама тэма суда.
Мне вельмі шкада беларусаў цяпер, якія былі героямі пасля сваёй рэвалюцыі. Такая маштабная катастрофа, як вайна, паглынула меншую катастрофу — беларускую драму. Два гады таму Еўропа вітала беларусаў.
У спектаклі я, як украінка, зрабіла яшчэ такі погляд — праз ядзерную катастрофу. І пасыл тут — паразважаць, як кожны разбіраецца са сваім мінулым: як беларусы будуць займацца люстрацыяй, ці будуць яны вольныя.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1490-qkcvs.jpg.webp)
Для мяне гэта спроба паглядзець на нашы народы, якія павязаныя праз Пуціна, праз вайну, праз расійскую агрэсію.
Напісана п'еса была два гады таму. У мяне была ідэя зрабіць яе неяк інакш, бо ўсё ж прайшоў час. А цяпер іншая сітуацыя — Лукашэнка перацягнуў ядзерную зброю, Прыгожын у Беларусі. Таму тут узнікла тэма ядзернай вайны, бункера. Усё як бы змянілася, Украіна перамагла, а Беларусь усё яшчэ займаецца судамі, рэпрэсіямі.
Я бачу, як гэта кранае беларусаў. Гэта важна, што я зрабіла штосьці для вас, для людзей».
Спектакль «Ціхары» наведала і нацыянальная лідарка Святлана Ціханоўская.
«Мяне ўразіла, як у пастаноўцы спалучаюцца неймаверна балючыя гісторыі з неймаверна добрым гумарам. Асобна хачу адзначыць ігру акцёраў: Андруса Даралы, Марыны Здаранковай, Іллі Ясінскага, Аляксандры Мятальнікавай, Сяргея Толсцікава, Ніёлы Макутэнайце, Аляксандра Рацько, Віталя Леонава, Аляксандра Філіпенкі — моцна, трапна і чула. Вашы асабістыя аповеды ў канцы спектакля — вартыя асобных авацый. Немагчыма было стрымаць слёз, слухаючы гісторыі рэпрэсій з боку рэжыму супраць нашых найбольш таленавітых прадстаўнікоў культуры. Я ганаруся кожным і кожнай з вас, мой нізкі вам паклон», — падзялілася ўражаннямі Ціханоўская пасля спектакля ў сваім тэлеграм-канале.
Адна з глядачак апісала свае эмоцыі пасля спектакля ў размове з «Нашай Нівай».
«Гэта вельмі кранула, — кажа яна і плача. — Я памятаю, як мне маці казала, што не трэба выходзіць на пратэсты. А мне вельмі хацелася, але баялася за родных… Пражывала ўсё з беларусамі ўсё роўна. Гэты спектакль вярнуў мяне ў той час, гісторыі людзей, якія там агучаныя, вельмі жывыя. Я заўтра з'язджаю ў Беларусь і, паглядзеўшы гэта, не ведаю, як паеду туды да родных. Не ўяўляю, як там ім жывецца. У мяне толькі слёзы…»
Спектакль «Ціхары» плануюць паказваць і далей. Наступныя пастаноўкі абяцалі ў жніўні ў Вільні.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_07/20230702-img_1512-wahm2.jpg.webp)
Чытайце таксама:
З Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек звальняюць галоўнага рэжысёра — сусветна вядомага
На платформе Vodblisk стаў даступны кароткаметражны фільм «Возера радасці»
Берасцейскую Біблію і іншыя беларускія каштоўнасці распрадае былы міністр?
Выйшла першая аўдыякніга Святланы Алексіевіч на беларускай мове
Каментары