Сёння а 21:45 на «Барысаў-Арэне» наш БАТЭ будзе прымаць славутую «Барселону», адзін з самых папулярных клубаў у свеце. «Наша Ніва» сабрала цікавыя факты пра суперніка БАТЭ.
«Болей, чым проста клуб»
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_10/barsa1-2dq4g.jpeg.webp)
MES QUE UN CLUB — вялікімі літарамі напісана на хатнім стадыёне «Барселоны» «Камп Нау». У перакладзе з каталанскай мовы гэта значыць «Болей, чым клуб». Гэтая фраза з’явілася ў 1968 годзе і падкрэслівае не толькі важнасць каманды, але і сілу каталонскага духу.
У час Грамадзянскай вайны ў Іспаніі «Барселона» была адным з сімвалаў антыфашысцкага руху. У 1936 годзе франкістамі быў расстраляны прэзідэнт каманды Хасэп Суньёль, які быў сябрам левай партыі. Праз год, калі каманда здзяйсняла турнэ па ЗША, палова каманды вырашыла не вяртацца на Радзіму.
Швейцарац з пакручастым лёсам
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_10/barsa2-6pl0v.jpeg.webp)
Дзіўна, але заснавальнікам вялікай «Барселоны» з’яўляецца зусім не каталонец і нават не іспанец, а швейцарац Жаан (гэта каталанскае імя, якое ён прыняў замест свайго Ганс) Гампер. Адбылося гэта ў 1899 годзе. Таксама гэты чалавек быў сярод заснавальнікаў футбольных клубаў «Базэль» і «Цюрых» (таксама прыязджаў сёлета ў Беларусь) на радзіме.
Ужо ад першых гадоў свайго існавання каманда прадэманстравала, што будзе змагацца толькі за самыя высокія месцы, выйграваючы Кубак Пірынеяў і Каталоніі.
Цікава прасачыць далей лёс Жаана Гампера. У 1925 годзе дыктатар Іспаніі Прыма дэ Рывера абвінаваціў Гампера ў садзейнічанні каталонскаму нацыяналізму. Справа ў тым, што перад гульнямі заўзятары асвіствалі гімн Іспаніі. Кіраўніцтва краіны забараніла швейцарцу любыя кантакты з камандай. У 1930-м Гампер застрэліўся.
«Барселона» і Франка
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_10/barsa3-29mvz.jpeg.webp)
Франсіска Франка ў 1956 годзе забараніў «Барселоне» назваць новы стадыён імем Жаана Гампера. З асобай Франка, які быў заўзятым прыхільнікам «Рэала», звязаная яшчэ адна гісторыя. Кажуць, каўдыльё наведаў раздзявальню «Барсы» перад матчам у адказ фінала Кубка Генералісімуса ў 1943 годзе. Першы матч «сіне-гранатавыя» выйгралі 3:0, а вось пасля наведвання Франка саступілі з лікам 1:11. Хаця стопрацэнтнага пацверджання гэтая гісторыя не мае.
Каманда зорак
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_10/barsa4-7s1ej.jpeg.webp)
«Барселона» заўсёды была камандай, якая прываблівае наймацнейшых гульцоў свету. Шэсць гульцоў каманды атрымлівалі «Залаты мяч» (Луіс Суарэс, Ёхан Кройф, Хрыста Стоічкаў, Рывалда, Ранальдзіньё, Ліянэль Месі). Раналда і Месі станавіліся ўладальнікамі «Залатой буцы».
Толькі за два апошніх дзесяцігоддзі за «Барселону» пагулялі: Іньеста, Хаві, Рамарыа, Это’о, Піке, Вальдэс, Вілья, Фабрэгас, Савіёла. Ну і, вядома, Месі — самы таленавіты футбаліст сучаснасці.
Быў у «Барселоне» і беларускі след. Сезон 2008/2009 у форме сіне-гранатавых сезон правёў Аляксандр Глеб. За «Барсу» 19 матчаў, галоў не забіваў, прабіцца ў аснову так і не здолеў. Пазней Глеб усё тлумачыў сваім кепскім характарам.
Гулялі з БАТЭ
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2015_10/bate5-fbmyb.jpg.webp)
У 2011 годзе БАТЭ ўжо гуляў супраць «Барселоны». У Мінску нашы саступілі з лікам 0:5. Тады трэнер Ганчарэнка выпусціў на гульню некалькі дублёраў, за гэта вядомы расійскі каментатар Уткін сказаў, што Ганчарэнка «мусіць гарэць у пекле». Праз два з паловай месяцы ў Каталоніі дублюючы склад «Барсы» расправіўся з БАТЭ з лікам 0:4. Можа, на гэты раз усё будзе не так сумна?
Каментары