«Мы будзем пераглядаць свае запісы па меры магчымасцяў». Амерыканская ўстанова адказала на беларускі запыт адносна змены подпісаў пра паходжанне мастакоў
Беларуская рада культуры атрымала адказ ад Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вашынгтоне на свой запыт адносна змены подпісаў пад работамі мастакоў беларускага паходжання. Беларусы хочуць, каб пра выхадцаў з Беларусі пісалі менавіта так, а не як пра выхадцаў з Расіі ці Польшчы.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_05/2023-05-18175427-rpldd.jpg.webp)
Запыт зрабіў дырэктар БРК па справах культурніцкай дыпламатыі Алесь Чахоўскі падчас свайго асабістага візіту ва ўстанову і сустрэчы з яе кіраўніцтвам. Цяпер ён атрымаў ліст ад кіраўніка аддзела калекцый выяваў галерэі Грэгары Моста.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_05/2023-05-18175412-2x3g7.jpg.webp)
«Тэма абнаўлення нацыянальнасцяў мастакоў апошнім часам актыўна абмяркоўваецца ў бібліятэках і музеях свету і заўсёды прадстаўляла шмат складанасцяў.
Мастакі, якія нарадзіліся ў адной краіне, працавалі ў розных мясцінах і мянялі сваё грамадзянства. Змяняліся геаграфічныя межы. Мы будзем пераглядаць свае запісы па меры магчымасцяў.
Спадзяюся, Беларуская рада культуры дапаможа ў стварэнні паказальніка беларускіх мастакоў, які будзе выкарыстоўвацца як даведка для ўсіх музеяў і бібліятэк», — напісаў у сваім лісце адказны супрацоўнік амерыканскай культурнай установы.
Каментары