Здарэнне адбылося на гэтым тыдні на адным са слуцкіх маршрутаў. Кандуктарка злавіла адразу двух пасажыраў з падробленымі праязнымі.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_02/230217_ticket03-z1p9a.jpg.webp)
Як гэта адбылося, случчанка распавяла карэспандэнту «Кур'ера».
Кандуктарка Валянціна Дземідовіч у прафесіі ўжо 20 гадоў, таму лёгка распазнае падробку. Днямі праязны білет аднаго з пасажыраў здаўся ёй падазроным. Яна папрасіла паказаць дакумент бліжэй, і ён аказаўся падробленым. Мужчына, на выгляд гадоў 45-і, вырваў праязны з рук кандуктара, запіхнуў у рот і з'еў.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2023_02/ticket-x99hm.jpg.webp)
На наступны дзень Валянціне зноў трапіўся падроблены праязны: яго паказала жанчына, прыкладна такога ж узросту, як і мужчына. Прычым другі нумар падробкі аказаўся ідэнтычным першай, таму кандуктар выказала здагадку, што праязны маглі зрабіць на каляровым ксераксе.
Гэтым разам спадарыня Валянціна змагла адабраць праязны ў жанчыны і паведаміла пра гэта начальству. Яна дадала, што даўно не сустракала падробак, напэўна, гадоў дзесяць, і тады іх рабілі зусім маладыя людзі.
Зараз кандуктар больш старанна правярае дакументы, асабліва калі пасажыр паказвае яго ў каляровым футарале.
Каментары