Пранкер, які перад рэферэндумам дрэсіраваў беларускіх педагогаў, выйшаў на расійскі прастор. І зноў паспяхова
Беларускі пранкер Улад Бохан, які перад нядаўнім «рэферэндумам» у Беларусі стаў вядомы тым, што рассылаў ад імя дзяржаўных арганізацый у школы патрабаванні калектыўна здымацца з праўладнымі лозунгамі і сімволікай ды дасылаць яму на электронную пошту справаздачы, правёў той жа фінт з расійскімі педагогамі. І зноў паспяхова.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_06/fv9hv5ewyaipauq-pd1wa.jpg.webp)
Бохан, які з'ехаў з Беларусі ад палітычнага пераследу і цяпер жыве ў Польшчы, даслаў гэтым разам ліст у школу падмаскоўнага горада Клін. У лісце ён запатрабаваў правесці акцыю «Праца вызваляе» ад імя «рэгіянальнага аддзялення партыі «Адзіная Расея» і даслаць фотасправаздачу. Эфект быў той жа, што і ў Беларусі: на наступны дзень Бохан атрымаў здымкі.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_06/fv9hv5nwiasbtw_-jwdif.jpg.webp)
Сам Улад сваю акцыю розыгрышам не лічыць: «Гэта не пранк, бо мэта пранка — смех. Гэта ж — акцыя, якая выкрывае страшную і абсурдную іронію рэчаіснасці, якая адбылася вакол нас», — напісаў ён.
З ім можна пагадзіцца хоць бы таму, што фразы «Адзін народ, адна нацыя, адзін правіцель» і «Праца вызваляе» — зусім не выпадковыя. Іх (Ein Volk, ein Reich, ein Führer і Arbeit macht frei) актыўна выкарыстоўвалі ў сваёй прапагандзе нямецкія нацысты. Фразу Arbeit macht frei яны сярод іншага цынічна пісалі і на брамах многіх канцлагераў, у тым ліку тых, дзе масава знішчалі ні ў чым невінаватых людзей. Але нават у педагогаў у краіне, дзе шмат гадоў пашыраны афіцыёзны маштабны культ «Вялікай Айчыннай вайны», ніякіх асацыяцый і паралеляў у сувязі з гэтым не ўзнікае.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_06/fv9hv5nxeaeeirf-7ane3.jpg.webp)
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2022_06/fv9hv5mx0aizb31-vv1gy.jpg.webp)
Каментары