Навіна пра абвяшчэнне ў Беларусі «экстрэмісцкімі» вершаў XIX стагоддзя стала самай чытанай на Бі-Бі-Сі
Калі мэтай абсурднага абвяшчэння мінскай пракуратурай «экстрэмісцкімі матэрыяламі» вершаў XIX стагоддзя, якія прыпісваюцца класіку беларускай літаратуры Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, было звярнуць увагу ўсяго цывілізаванага свету на выключныя цемрашальства і неадэкватнасць рэжыму Лукашэнкі, то гэтая мэта паспяхова дасягнутая.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2023_08/2023-08-17230649-q6c55.png.webp)
Па выніках 17 жніўня артыкул пра «экстрэмісцкасць» літаратурных твораў, напісаных больш чым 150 гадоў таму, займаў сярод найбольш чытаных матэрыялаў галоўнай, англамоўнай версіі BBC 5-е месца.
Пра тое, што «інфармацыйная прадукцыя ў выглядзе прадмовы Язэпа Янушкевіча да кнігі, а таксама тэксты твораў «Плывуць вятры», «Гутарка старога дзеда», якія прыпісваюцца В. Дуніну-Марцінкевічу і ўключаныя ў заключную частку пад назвай «DUBIA» серыі «Беларускі кнігазбор» Выбраныя творы / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч», прызнаная «экстрэмісцкімі матэрыяламі», стала вядома сёння раніцай.
Пазней стала таксама вядома, што «экстрэмісцкімі» заадно прызналі і зборнікі выбраных твораў беларускіх аўтараў Лідзіі Арабей, Наталлі Арсенневай, Ларысы Геніюш і Уладзіміра Някляева, надрукаваных у серыі «Беларускі кнігазбор». Усе гэтыя кнігі выйшлі шмат гадоў таму (не кажучы пра напісанне саміх твораў), і дагэтуль ніхто праблемы ў іх не бачыў.
Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы са звестак з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу.
З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.
За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя нават самыя базавыя нормы законнасці і маралі.
Пад забарону трапілі незалежныя СМІ, у «чорныя спісы» трапілі дзясяткі тысяч падазраваных у нелаяльнасці, тысячы артыкулаў, твораў, навуковых прац былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».
Каментары