Паўночнакарэйскія ракеты, якія выкарыстоўвае Расія, сталі больш якаснымі
Паўночнакарэйскія балістычныя ракеты, выпушчаныя расійскімі войскамі па Украіне з канца снежня, сталі значна больш дакладнымі, чым тыя, якія выкарыстоўваліся ў папярэднія месяцы. Пра гэта паведаміла Reuters са спасылкай на дзве ўкраінскія высокапастаўленыя крыніцы.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2024_05/kndr5_240515-gu9h0.jpg.webp)
Па словах аднаго з суразмоўцаў агенцтва, раней адхіленне ракет з КНДР ад цэлі складала ад аднаго да трох кіламетраў, цяпер жа — 50-100 метраў. Такая ацэнка заснаваная на вывучэнні абломкаў 20 ракет, запушчаных у апошнія тыдні.
Павышэнне дакладнасці ракет адбылося «раптоўна» пасля месяцаў недакладных запускаў, адзначыла крыніца. Яно можа быць звязана з тым, што іх сталі абсталёўваць палепшанымі навігацыйнымі сістэмамі або рулявымі механізмамі.
Адна з крыніц адзначыла, што крыміналістычны аналіз абломкаў не выявіў змяненняў у канструкцыі ракет, але абломкаў для аналізу было няшмат.
Эксперт па ўзбраеннях у Інстытуце палітычных даследаванняў Асан у Сеуле Янг Ук сярод магчымых прычын таксама называе больш дакладную інфармацыю пра цэлі, новыя кампаненты для сістэм навядзення, дадзеныя Расіяй, а таксама паляпшэнні, заснаваныя на вопыце, атрыманым паўночнакарэйскімі распрацоўшчыкамі ракет за час расійска-ўкраінскай вайны.
У канцы лістапада Reuters паведамляла, што КНДР пашырае адзін са сваіх ключавых заводаў па вытворчасці зброі, на якім, у прыватнасці, збіраюцца ракеты, якія выкарыстоўваюцца Расіяй у вайне супраць Украіны.
Каментары