Жыхароў Гомельшчыны заклікалі часцей мыць рукі — прычына ў небяспечнай хваробе
У пачатку 2025 года ў Хойніках зарэгістравалі выпадак небяспечнага захворвання — гемарагічнай ліхаманкі з нырачным сіндромам (ГЛНС). Пра гэта паведамілі ў санітарна-эпідэміялагічнай службе Гомельскай вобласці.
У пачатку восені тут жа былі выяўлены яшчэ тры выпадкі «мышынай» ліхаманкі. У сувязі з гэтым дактары апублікавалі важную інфармацыю пра тое, як засцерагчыся ад гэтай хваробы, піша Tochka.by.
Чым небяспечная гемарагічная ліхаманка?
Гемарагічная ліхаманка з нырачным сіндромам — гэта вострае інфекцыйнае захворванне. Яно адносіцца да групы асабліва небяспечных прыродна-асяродкавых інфекцый, якія часам узнікаюць у лясах, лясастэпу.
Часцей за ўсё асяродкі гэтай інфекцыі сустракаюцца ў Японіі, Турцыі, на Блізкім Усходзе, у некаторых краінах Еўропы (Фінляндыя, Францыя, Германія, Швецыя).
Асноўныя пераносчыкі вірусу — мышападобныя грызуны. У іх хвароба працякае без якіх-небудзь сімптомаў. Але гэтыя жывёлы распаўсюджваюць вірус праз сліну, мачу і кал, заражаючы лясную падсцілку, ваду і прадукты харчавання.
Для чалавека гэта вельмі небяспечная інфекцыя. Ёй можна заразіцца пры ўдыханні пылу, падчас наведвання лесу, збору грыбоў і ягад, на прыродзе і пры работах на прысядзібным участку.
Сімптомы і прафілактыка
Сярод асноўных сімптомаў «мышынай» ліхаманкі — агульная інтаксікацыя і паражэнне нырак. Інкубацыйны перыяд можа складаць ад 7 да 25 дзён.
Затым у чалавека адзначаецца хуткае павышэнне тэмпературы, рэзкія галаўныя і цягліцавыя болі, пачырваненне твару, шыі і верхняй часткі тулава.
Магчымыя скаргі на болі ў жываце і паясніцы. Часта такую хваробу памылкова прымаюць за грып.
Паводле даных Гомельскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у вобласці штогод рэгіструецца ад 15 да 35 выпадкаў ГЛНС. Рост захворвання звычайна прыпадае на лета-восень.
Сярод прафілактычных мер вылучаюцца:
- пазбяганне кантактаў з грызунамі, абарона прадуктаў харчавання і вады, асабліва ў падвалах;
- выкананне асабістай гігіены;
- ужыванне толькі тэрмічна апрацаваных прадуктаў;
- не есці і не курыць без мыцця рук.
Таксама важна ўтрымліваць тэрыторыю пры доме ў парадку, пазбаўляцца ад смецця і сухастою.
Каментары