Усім інкрымінаваны непадпарадкаванне патрабаванням паліцыі і дробнае хуліганства.
МУС Грузіі паведаміла аб 43 затрыманых падчас пратэснай акцыі на праспекце Руставелі ў Тбілісі, піша Newsgeorgia.ge.
Усім інкрымінаваны непадпарадкаванне патрабаванням паліцыі і дробнае хуліганства — артыкулы 166 і 123 Кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў.
Паводле інфармацыі МУС, дэманстранты кідалі ў паліцыю пляшкі, камяні, металічныя прадметы і піратэхніку, а таксама «наносілі шкоду інфраструктуры, дарожнаму пакрыццю, камерам відэаназірання, падпалілі некаторыя прадметы, узвялі бар'еры, нанеслі шкоду маёмасці мэрыі Тбілісі і прыватных асоб».
МУС паведамляе, што пацярпелі 32 паліцыянты. Колькасць дэманстрантаў і журналістаў, якім была патрэбная медыцынская дапамога, не паведамляецца.
Па фактах парушэнняў, зафіксаваных на мітынгу, таксама распачатыя крымінальныя справы — па артыкулах аб пашкоджанні або знішчэнні рэчаў і нападзе на супрацоўніка паліцыі.
Тысячы людзей спантанна сабраліся каля парламента ўвечары пасля таго, як прэм'ер Іраклі Кабахідзэ абвясціў пра адмову ад пачатку перамоў пра ўступленне Грузіі ў Еўрапейскі Саюз. Да 9 вечара пратэстоўцы перакрылі праспект Руставелі, а пасля занялі і іншыя прылеглыя вуліцы, на якіх знаходзяцца службовыя ўваходы ў парламент.
Пасля апоўначы супраць дэманстрантаў сталі выкарыстоўваць спецыяльныя сродкі, у МУС заявілі, што «акцыя выйшла за межы мірных сходаў». Да 2 гадзін ночы пачаўся разгром пратэстоўцаў і масавыя затрыманні. Як адзначыў народны абаронца Грузіі Леван Іаселіані, дэманстрацыя насіла мірны характар, а дзеянні паліцыі парушылі свабоду сходаў. У СМІ з'явіліся кадры шматлікіх фактаў збіцця ўдзельнікаў акцыі, у тым ліку журналістаў і палітыкаў.
Каментары