Баранавіцкае баваўнянае абʼяднанне, у якое амаль 30 гадоў улівалі сотні мільёнаў даляраў, перадалі аршанскаму льнокамбінату
Амаль 30 год Аляксандр Лукашэнка шалёнымі грашыма ратаваў ад банкруцтва савецкі гігант — Баранавіцкае вытворчае баваўнянае абʼяднанне, але гэтай яго іміджавай гісторыі прыйшоў канец.
14 лютага БВБА перайшло пад кіраванне Аршанскага льнокамбіната. Гэта рашэнне, як і папярэднія на камбінаце, падносіцца як лёсавызначальнае ў жыцці прадпрыемства.
«Для тысячнага калектыву баранавіцкіх тэкстыльшчыкаў пачаўся адлік новага этапу ў гісторыі прадпрыемства», — піша раёнка.
«Гэта рашэнне ўзгоднена з кіраўніком дзяржавы, — звяртаючыся да тэкстыльшчыкаў, падкрэсліла старшыня канцэрна «Беллегпрам» Таццяна Лугіна», піша «Наш край».
«Усё, што адбываецца цяпер, робіцца толькі на карысць людзей, для развіцця прадпрыемства», — сказаў мэр горада Міхаіл Бацэнка.
Аб’яднанне з аршанцамі калектыву патлумачылі так: «Стратэгія ўзбуйнення тэкстыльных прадпрыемстваў — БВБА і Аршанскага льнокамбіната прынята яшчэ з адной важнай мэтай: выходзіць адзінай сеткай на знешнія рынкі, пашыраючы асартыментны рад. Беларускі дамашні тэкстыль, паводле слоў Таццяны Аляксееўны, не павінен уступіць такім гігантам у вытворчасці аналагічнай прадукцыі, як Кітай, Узбекістан», — піша выданне.
Генеральны дырэктар Аршанскага льнокамбіната Алег Буянаў сказаў, што на прадпрыемстве трэба, па-першае, «стабілізаваць фінансавы стан прадпрыемства».
«Сітуацыя няпростая», — заўважыў ён, не называючы лічбаў.
«Задача — выйсці да ліпеня на рэнтабельную працу, даць вынік», — дадаў ён.
«Па позірках работніц было зразумела, што яны разумеюць усю сурʼёзнасць сітуацыі. Як і тое, што з прыходам на БВБА аршанцаў у тэкстыльшчыкаў зʼявіўся шанец, замігцела надзея стабільна працаваць і добра зарабляць», — піша выданне.
Амаль 30 гадоў дзяржава аказала ўражлівую дзяржпадтрымку баранавіцкаму БВБА, які не мог выжываць у рынкавых умовах. Камбінат быў пабудаваны ў 1960 годзе для патрэбаў усяго СССР. Пасля развалу СССР ён аказаўся неканкурэнтаздольным.
У 1994-м на БВБА было каля 9 тысяч працаўнікоў. У 2001-м іх было ўжо каля 5,5 тысяч. Цяпер — 1 тысяча.
Лукашэнка тройчы быў на прадпрыемстве, кожны раз дадаючы аптымізму працаўнікам камбіната. Але скончылася гэта такім чынам.
Каментары
гаунянаябаваунянае прадпрыемства.