Кіраўнік Акадэміі навук: Беларусь будзе выпускаць вакцыны, «адаптаваныя для нашых людзей»
На нарадзе ў ААТ «БелВіцуніфарм», якое месціцца ў Віцебскім раёне і на якім у канцы лістапада пачнуць выпускаць беларускую вакцыну ад COVID-19, старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў падзяліўся нечаканай інфармацыяй пра тое, што гэта будзе за вакцына. Паводле яго, яна будзе ўлічваць «тэрытарыяльную і генетычныя асаблівасці беларусаў».
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w840d4webp1/photos/z_2022_11/photo_2022-11-08_17-45-05-g83m5.jpg.webp)
Паводле Гусакова, доследна-вытворчы цэх ААТ «БелВіцуніфарм» ужо забяспечаны ўсім патрэбным абсталяваннем і гатовы да выпуску першай доследнай партыі. Вакцына нібыта ўжо прайшла даклінічныя выпрабаванні і паказала высокую эфектыўнасць, а цяпер на чарзе — клінічныя выпрабаванні з добраахвотнікамі. Плануецца на прадпрыемстве ў Віцебскім раёне выпускаць вакцыны і ад іншых хвароб.
Паводле Гусакова,
«гэта будуць адаптаваныя вакцыны для нашых людзей з улікам тэрытарыяльнай і генетычных асаблівасцяў беларусаў. Як вядома, вакцыны, якія вырабляюцца за мяжой, могуць дзейнічаць на жыхароў іншых краін інакш, чым на карэннае насельніцтва, і мець іншую карціну рэакцыі на такія прэпараты».
Каментары