Ужо не першы год Інстытут колеру Pantone абірае спакойныя і ўтульныя адценні. У 2024-м гэта быў «персікавы пух». Сёлета — «мус мока» (Mocha Mousse). Гэта цёплы карычневы колер, які мае лёгкі персікавы або карамельны падтон. «Наша Ніва» запыталася ў стылісткі, з чым спалучаць гэты колер і каму ён пасуе.
Стылістка Ганна Прышывалка раіць абіраць такога колеру штаны, спадніцы і шорты, а таксама абутак і сумкі. «Мус мока» не пра спартовыя камплекты, а пра раскошны мінімалізм.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/toryburch-uuvj4.jpeg.webp)
«Прыгожа ён глядзіцца ў скураных вырабах. А скура — таксама трэнд гэтага года, асабліва вясны, — як натуральная, так і эка.
Неверагодна добра гэты Mocha Mousse спалучаецца з насычанымі карычневымі, асабліва шакаладным, белым, пастэльнымі і іншымі колерамі гэтай гамы, каб атрымліваліся манахромныя лукі. Таксама можна абіраць сацінавыя, атласныя кактэйльныя і вячэрнія сукенкі», — расказвае Ганна.
Не рэкамендуецца спалучаць гэта карычневае адценне з кантраснымі колерамі. Напрыклад, з чорным і яркім сінім.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/alejandraalonsorojas-6o6fv.jpeg.webp)
«Могуць быць трэндавыя спалучэнні Mocha Mouse з салатавым і колерам сметанковага масла. Магчыма спалучаць з пясочным, але калі ён будзе занадта цёплым, то ўжо не будзе глядзецца», — тлумачыць стылістка.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/twp-1u4c0.jpeg.webp)
Ганна рэкамендуе быць акуратнымі з модным колерам гэтага года і яго адценнямі. Ён пасуе людзям з яркімі рысамі твару, колерам валасоў, вачэй.
![](http://d3khjsby2a8d5z.cloudfront.net/img/w732d4webp1/photos/z_2025_02/chanel-jwp7j.jpeg.webp)
«Абавязкова трэба мераць і прыкладваць такія рэчы да твару, глядзець пры добрым асвятленні. Калі ваша знешнасць таксама мяккая, спакойная (колер скуры цёплага адцення, а не з ружовым), гэта значыць, вялікая верагоднасць, што Mocha Mouse вас паглыне», — тлумачыць яна.
Каментары