БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Сям'я, якая летам няўдала пакаталася на атракцыёне, атрымае кампенсацыю 3000 рублёў

31.01.2025 / 18:40

Nashaniva.com

У ліпені 2024 года сямейная пара разам з непаўналетнім сынам прыйшла пакатацца на атракцыёнах у адзін з паркаў Мінска. Заплаціўшы за квіткі, сям'я села ў кабінку атракцыёну, аднак доўга наведвальнікі не пакаталіся: зрабіўшы некалькі абаротаў, модуль рэзка апусцілася на зямлю. У выніку паломкі жанчыну і дзіця з рознымі траўмамі шпіталізавалі, паведамляе Вярхоўны суд.

Канкрэтыкі пра гэтую аварыю не падаецца, але верагодна, што гаворка ідзе пра аварыю ў парку Чалюскінцаў, пра якую паведамлялася менавіта ў ліпені мінулага года.

6 ліпеня там зламаўся атракцыён з кабінкамі ў выглядзе лебедзяў, у выніку чаго пацярпелі некалькі чалавек, якія ў той час на ім былі.

«На гэтым атракцыёне разбурылася апорная канструкцыя восі. Разбурылася канкрэтна зварное злучэнне двух элементаў. Прычыны высвятляе следства, якім займаецца Следчы камітэт», — паведаміў тады ў эфіры АНТ намеснік кіраўніка службы эксплуатацыі і рамонту атракцыёнаў прадпрыемства «Мінскзелянбуд» Аляксандр Хомчык.

Людзі, якія ў момант падзення кабінкі каталіся на атракцыёне, па словах чыноўніка, абышліся лёгкімі ўдарамі і ранкамі. Цяжка пацярпелых няма, шпіталізацыя нікому не спатрэбілася.

Тым не менш, «Рэгіянальнае таварыства абароны спажыўцоў», якое прадстаўляла інтарэсы пацярпелай сям'і, падало пазоў у дачыненні да «Мінскзелянбуда» з патрабаваннем выплаціць кожнаму кампенсацыю за маральную шкоду.

«Заслухаўшы тлумачэнні прадстаўніка грамадскага аб'яднання і пазоўніцы, прадстаўніка адказчыка, разглядзеўшы пісьмовыя доказы, суд пастанавіў спагнаць з адказчыка кампенсацыю маральнай шкоды на карысць непаўналетняга пазоўніка, у інтарэсах якога дзейнічае пазоўніца [маці хлопчыка], у памеры 1500 рублёў, пазоўніцы — у памеры 1000 рублёў, пазоўніка — у памеры 500 рублёў», — сказана ў паведамленні Вярхоўнага суда.

Паводле вызначэння суда, прычынай аварыі стала некалькі фактараў. Гэта і дэфекты, дапушчаныя пры вырабе атракцыёну ў 2006 годзе, і адсутнасць магчымасці іх выявіць, а таксама працяглая эксплуатацыя. Тэрмін службы атракцыёну ацэньваецца ў 7 гадоў, але прапрацаваў ён 18.

Чытайце таксама:

У парку Чалюскінцаў на атракцыёне адарваліся тросы — пацярпелі людзі, на месцы было шмат хуткіх

«Дзіця ехала з траўмай хрыбта, а не са спалохам». Падрабязнасці здарэння з атракцыёнам у парку Чалюскінцаў

Чыноўнік патлумачыў, што здарылася з атракцыёнам у парку Чалюскінцаў, адкуль сарваліся людзі

«Збег абставінаў». Аварыйны атракцыён у парку Чалюскінцаў абследавалі 25 красавіка

Некаторыя атракцыёны ў сталічных парках часова прыпыняюць працу

Атракцыён не па ўзросце. У Гродне ратавальнікі выцягвалі дзяўчынку з вулічнага трэнажора

Сёлета ў мінскіх парках з'явяцца чатыры новыя атракцыёны

Каментары да артыкула