Новыя ўлады Сірыі пагадзіліся аднавіць адносіны з Расіяй. Але толькі пасля прызнання памылак і выплаты кампенсацыі
29.01.2025 / 17:26
Новыя ўлады Сірыі падчас перамоў, праведзеных з расійскай дэлегацыяй, заявілі пра гатоўнасць аднавіць стасункі з Крамлём пры ўмове, што РФ прызнае свае памылкі і пагодзіцца выплаціць кампенсацыю. Пра гэта паведаміла сірыйскае дзяржагенцтва SANA.
Порт у сірыйскім горадзе Тартус, дзе размешчаная расійская вайскова-марская база. Фота: Google Maps
«Расійскі бок пацвердзіў падтрымку пазітыўным зменам, якія адбываюцца ў Сірыі. У ходзе дыялогу была падкрэслена роля Расіі ў аднаўленні даверу з сірыйскім народам з дапамогай канкрэтных мер у выглядзе кампенсацыі, рэканструкцыі і аднаўлення», — перадало інфармагенцтва.
Сірыйскія ўлады, паводле інфармацыі SANA, падчас перамоў заявілі, што «аднаўленне адносін павінна ўлічваць памылкі мінулага, паважаць волю сірыйскага народа і служыць яго інтарэсам».
Расійская дэлегацыя на чале з намеснікам міністра замежных спраў Міхаілам Багданавым прыбыла ў Сірыю 28 студзеня. Гэты візіт стаў першым пасля змены ўлады ў краіне.
Міхаіл Багданаў пасля сустрэчы з прадстаўнікамі новай сірыйскай адміністрацыі сказаў, што бакі абмеркавалі пытанне пра захаванне расійскіх вайсковых баз у Сірыі, аднак ні пра што пакуль не дамовіліся.
«Гэтае пытанне патрабуе дадатковых перамоў. Мы дамовіліся аб працягу больш паглыбленых кансультацый па кожным напрамку нашага супрацоўніцтва», — заявіў Багданаў.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў адмовіўся каментаваць інфармацыю, што новыя сірыйскія ўлады запатрабавалі ад Расіі выплату кампенсацый. «Мы будзем працягваць далей дыялог з сірыйскімі ўладамі», — заявіў Пяскоў.
Як стала вядома 21 студзеня, новыя ўлады Сірыі скасавалі дамову з расійскай кампаніяй «Будтрансгаз», якая кіравала портам Тартус побач з вайскова-марской базай Расіі.