Вайны не будзе. Венесуэла і Гаяна дамовіліся не звяртацца да сілавога вырашэння канфлікту
15.12.2023 / 8:37
Перамовы Нікаласа Мадуры і Ірфаана Алі праходзілі ў сталіцы Сэнт-Вінсэнта і Грэнадзінаў Кінгстаўне.
Ірфаан Алі і Нікалас Мадура. Фота: прэс-служба прэзідэнта Гаяны
Улады Венесуэлы і Гаяны не будуць прымяняць сілу для вырашэння тэрытарыяльнага канфлікту і склічуць камісію па пошуку выхаду з крызісу. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве па выніках перамоваў, якую апублікавала газета St. Vincent Times.
«Гаяна і Венесуэла, прама ці ўскосна, не будуць пагражаць сілай або ўжываць сілу адна супраць адной ані пры якіх абставінах, — гаворыцца ў дакуменце. — Бакі выказваюць прыхільнасць імкненню да добрасуседства, мірнага суіснавання і адзінства Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна».
Прадстаўнікі краін дамовіліся аб стварэнні спецыяльнай камісіі па вырашэнні пытанняў, звязаных з тэрытарыяльнай спрэчкай.
Кіраўнікі абедзвюх дзяржаваў пагадзіліся зноў сустрэцца ў Бразіліі на працягу наступных трох месяцаў або ў іншы час, каб разгледзець любое пытанне наконт спрэчнай тэрыторыі.
Пасярэднікамі ў арганізацыі сустрэчы на найвышэйшым узроўні Венесуэлы і Гаяны выступілі супольнасць краін Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна (СЕЛАК) і Карыбская супольнасць (CARICOM).
Чытайце таксама:
Нарастае напружанасць між Венесуэлай і Гаянай. Ці магчымая новая вайна?
95% чалавек прагаласавалі на рэферэндуме за ўключэнне дзвюх трацін Гаяны ў склад Венесуэлы